Радыё Свабода мае намер абскардзіць рашэньне суду. Адвакат Цімур Султанаў адзначыў, што рашэньне суду адказала на пытаньні аб тым, ці выконваецца ў Кіргізстане свабода слова.
«Падчас спрэчак бакоў мы прывялі довады, прадугледжаныя заканадаўствам і Канстытуцыяй. На жаль, суд нас не пачуў. Як я сказаў падчас спрэчак бакоў, рашэньне суду павінна было паказаць, ці ёсьць у грамадзян права атрымліваць і распаўсюджваць праўдзівую інфармацыю, або гэтае права проста намінальна прапісана ў Канстытуцыі. Сёньняшняе рашэньне дало адказы на гэтыя пытаньні».
Напярэдадні на судзе прадставілі вынікі лінгвістычнай экспэртызы выпуску «Цяпер. Азія», які стаў падставай для блякаваньня сайтаў выданьня і падачы пазову.
Экспэртка Жыйдэ Сямёнава заявіла, што «ў матэрыяле ёсьць лінгвістычныя прыкметы нэгатыўнага характару ў адносінах да Кіргіскай Рэспублікі». Праявы міжнацыянальнай варожасьці або прапаганды ў гэтым матэрыяле, як сказала яна, не ўваходзяць у кампэтэнцыю лінгвіста, і таму неабходна даць юрыдычную ацэнку.
Міністэрства культуры зьвярнулася ў суд сёлета 23 студзеня. У ім ведамства паказвае, што відэаматэрыял аб канфлікце на мяжы Кіргізстану і Таджыкістану мяжы ня выдалілі і распаўсюджваюць у сацсетках. Гаворка ідзе аб этэры праграмы «Настоящее Время. Азия», якая выйшла ў верасьні 2022 году пад загалоўкам «Цяжкія баі на мяжы Кіргізстану і Таджыкістану».
У праграме, па сьцьвярджэньні ведамства, зьмяшчаюцца «элемэнты мовы варожасьці, непацьверджаная інфармацыя аб нібыта нападзе кіргіскага боку на Таджыкістан, інфармацыя, якая нагнятае становішча ў грамадзтве і выклікае нянавісьць, дыскрымінацыю і раскол сярод грамадзян пры асьвятленьні падзей у Баткенскай вобласьці».
Кіраўніцтва Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода расцаніла гэты крок як перасьлед свабодных СМІ, які падрывае дэмакратыю ў Кіргізстане.
«RFE/RL сур’ёзна ставіцца да сваіх абавязаньняў у збалянсаваным асьвятленьні падзей. Мы вывучылі зьмест гэтага матэрыялу і ня выявілі ніякіх парушэньняў нашых стандартаў. Мы не паддамося ціску з мэтай выдаленьня збалянсаваных матэрыялаў з нашых сайтаў — ці то з боку Крамля, ці ўраду Кіргізстану», — заявіў прэзыдэнт Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода Джэймі Флай.
24 кастрычніка ў «Азатык Мэдыя» паступіў ліст ад Міністэрства культуры Кіргізстану з патрабаваньнем на працягу 24 гадзін выдаліць зь ютуб-каналу «Настоящее Время. Азия» запіс жывога этэру. Праз два дні ведамства вырашыла заблякаваць сайты «Азатык Медыя». 31 кастрычніка ў «ДэмірБанку» без папярэджаньня і тлумачэньняў у вусным парадку паведамілі, што заблякаваныя рахункі «Азатык Мэдыя».