Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ігар Лосік, імаверна, знаходзіцца ў памяшканьні камэрнага тыпу


Ігар Лосік, архіўнае фота
Ігар Лосік, архіўнае фота

Як стала вядома Свабодзе, Ігар шмат чытае, яго выводзяць на прагулкі. У штрафным ізалятары ўсё гэта забаронена.

ПКТ — гэта камэра ў той жа калёніі з больш строгім рэжымам утрыманьня, куды зьмяшчаюць асуджаных за злосныя парушэньні парадку. Максымальны тэрмін утрыманьня ў ПКТ — 6 месяцаў. Вязьні маюць права атаварвацца ў турэмнай краме на адну базавую велічыню за месяц, атрымліваць адну бандэроль цягам шасьці месяцаў, мець штодзённы шпацыр — 30 хвілінаў, хадзіць на працу, чытаць. На які тэрмін Ігара Лосіка зьмясьцілі ў ПКТ і што стала прычынай такога пакараньня, невядома.

Апошні ліст ад Лосіка бацькі атрымалі 20 лютага 2023 году. З той пары ні лістоў, ні тэлефанаваньняў не было.

10 сакавіка да Ігара ў калёнію накіраваўся адвакат Арцём Сям’янаў, аднак яго не пусьцілі — маўляў, «няма заявы асуджанага». 20 сакавіка праваабаронцы паведамілі, што Лосік рэзаў руку і горла. Бацькі дамагліся сустрэчы з кіраўніцтвам калёніі, якія супакоілі іх, што гэта былі толькі драпіны і зь іх сынам усё ў парадку, сам ён пакараны штрафным ізалятарам.

3 красавіка новая адвакатка палітвязьня езьдзіла ў Наваполацкую калёнію, аднак яе таксама не пусьцілі да Ігара Лосіка. Прычыну назвалі тую ж самую: Ігар не напісаў заяву на сустрэчу з адвакатам. Абаронца 5 красавіка напісала пісьмовы запыт на спатканьне безь ягонай заявы, аднак адказу з калёніі дагэтуль няма.

У той жа дзень Свабодзе стала вядома, што Лосіка другі раз запар зьмясьцілі ў штрафны ізалятар. На які тэрмін і зь якой прычыны, невядома. А адтуль нельга пісаць лісты, адваката ў ШЫЗА не дапускаюць. Таму больш за 2 месяцы вестак ад палітвязьня не было.

Цяпер жа зьявілася інфармацыя, што Ігар шмат чытае, яго штодня выводзяць на прагулку. Такі рэжым адпавядае памяшканьню камэрнага тыпу.

Крымінальны перасьлед Ігара і Дар'і Лосікаў

На журналіста Радыё Свабода і блогера Ігара Лосіка ў 2020 годзе завялі крымінальныя справы паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («падрыхтоўка да парушэньня грамадзкага парадку») і ч. 2 арт. 293 («падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках»).

Лосіка затрымалі 25 чэрвеня 2020 году пасьля ператрусу дома ў Баранавічах. На ягоны тэлеграм-канал «РБ головного мозга» ў той момант былі падпісаныя 167 тысяч чалавек.

Ігар Лосік актыўна асьвятляў падзеі выбараў прэзыдэнта Беларусі. Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.

15 сьнежня 2020 году, пасьля выстаўленьня другога абвінавачаньня, Ігар Лосік абвясьціў галадоўку пратэсту і трымаў яе да 25 студзеня 2021 году.

11 сакавіка 2021 году Лосіку выставілі новае абвінавачаньне. На знак пратэсту Ігар пашкодзіў сабе запясьце на вачах у адваката і сьледчага, а таксама абвясьціў сухую галадоўку. За гэта Лосіка зьмясьцілі ў карцар сьледчай турмы Жодзіна. Там ён прабыў пяць дзён, чатыры зь якіх трымаў сухую галадоўку.

  • 14 сьнежня 2021 году ў будынку СІЗА-3 ў Гомлі судзьдзя Мікалай Доля прысудзіў Ігару Лосіку 15 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватым паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу — «Распальваньне сацыяльнай варажнечы і непрыязі ў адносінах да прадстаўнікоў улады і праваахоўных органаў, учыненае групай асобаў» (ч.3 арт.130) і «Арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся пагромамі падпаламі, зьнішчэньнем маёмасьці і ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады» (ч.1 ст.293).
  • Жонку Ігара Лосіка Дар’ю пакаралі 2 гадамі зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму (паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу, «Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці») за інтэрвію пра мужа, у якім яна, паводле абвінавачаньня, «пазыцыянавала сябе як жонка палітвязьня». Прысуд Дар’і Лосік вынес 19 студзеня 2023 году судзьдзя Берасьцейскага абласнога суду Мікалай Грыгаровіч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG