«Ігар надзвычайна мужны чалавек, але нават ён заплакаў, калі даведаўся, што за кратамі апынулася ягоная жонка Дар’я, — расказаў Валянцін Лабачоў. — Віктар Дзьмітрыевіч трымаецца добра, але за кратамі ён фактычна ў інфармацыйнай блякадзе. Да яго амаль не даходзяць навіны, а іншым заняволеным не дазваляюць зь ім камунікаваць».
Журналіст Свабоды, палітвязень Ігар Лосік знаходзіцца за кратамі з 25 чэрвеня 2020 году, у сьнежні 2021 яму прысудзілі 15 гадоў пазбаўленьня волі.
У кастрычніку 2022 году ўлады Беларусі арыштавалі жонку Ігара Дар’ю, якую абвінавацілі ў інтэрвію тэлеканалу «Белсат» пра Ігара. У лютым 2023 году Лосік у наваполацкай калёніі атрымаў спагнаньне, за якое вязьню скасавалі доўгатэрміновае спатканьне з бацькамі. Яно павінна было адбыцца ў канцы сакавіка.
На пачатку красавіка Ігар Лосік другі раз запар трапіў у штрафны ізалятар. Ад палітзьняволенага сваякі не атрымліваюць лістоў ужо 60 дзён.
Крымінальны перасьлед Ігара і Дар'і Лосікаў
На журналіста Радыё Свабода і блогера Ігара Лосіка ў 2020 годзе завялі крымінальныя справы паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («падрыхтоўка да парушэньня грамадзкага парадку») і ч. 2 арт. 293 («падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках»).
Лосіка затрымалі 25 чэрвеня 2020 году пасьля ператрусу дома ў Баранавічах. На ягоны тэлеграм-канал «РБ головного мозга» ў той момант былі падпісаныя 167 тысяч чалавек.
Ігар Лосік актыўна асьвятляў падзеі выбараў прэзыдэнта Беларусі. Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.
15 сьнежня 2020 году, пасьля выстаўленьня другога абвінавачаньня, Ігар Лосік абвясьціў галадоўку пратэсту і трымаў яе да 25 студзеня 2021 году.
11 сакавіка 2021 году Лосіку выставілі новае абвінавачаньне. На знак пратэсту Ігар пашкодзіў сабе запясьце на вачах у адваката і сьледчага, а таксама абвясьціў сухую галадоўку. За гэта Лосіка зьмясьцілі ў карцар сьледчай турмы Жодзіна. Там ён прабыў пяць дзён, чатыры зь якіх трымаў сухую галадоўку.
- 14 сьнежня 2021 году ў будынку СІЗА-3 ў Гомлі судзьдзя Мікалай Доля прысудзіў Ігару Лосіку 15 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватым паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу — «Распальваньне сацыяльнай варажнечы і непрыязі ў адносінах да прадстаўнікоў улады і праваахоўных органаў, учыненае групай асобаў» (ч.3 арт.130) і «Арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся пагромамі падпаламі, зьнішчэньнем маёмасьці і ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады» (ч.1 ст.293).
- Жонку Ігара Лосіка Дар’ю пакаралі 2 гадамі зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму (паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу, «Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці») за інтэрвію пра мужа, у якім яна, паводле абвінавачаньня, «пазыцыянавала сябе як жонка палітвязьня». Прысуд Дар’і Лосік вынес 19 студзеня 2023 году судзьдзя Берасьцейскага абласнога суду Мікалай Грыгаровіч.