Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У мяне навіна пра завочны суд выклікала сьмех і сарказм». Пагутарылі зь беларусам у Лёндане, якому на Радзіме пагражае вялікі тэрмін


Лёндан, ілюстрацыйнае фота
Лёндан, ілюстрацыйнае фота

У сьнежні 2021 году ў Лёндане здарыўся канфлікт паміж беларусамі і супрацоўнікамі амбасады. Адзін супрацоўнік амбасады ў выніку атрымаў траўмы. У Вялікай Брытаніі «нападнікі» не панесьлі пакараньня. У Беларусі СК распачаў «спэцыяльнае вядзеньне».

19 сьнежня 2021 году ў Лёндане праходзіла традыцыйная акцыя салідарнасьці зь беларускімі палітычнымі зьняволенымі. Паводле дамовы зь мясцовай паліцыяй пратэст супраць дзеяньняў беларускай улады можна было выказваць каля амбасады з 13:30 да 15:30. Канфлікт здарыўся ўжо пасьля акцыі. Кампанія беларусаў купіла ў краме і паставіла пад брамку амбасады ёршык для прыбіральні, сродак для мыцьця прыбіральні і зубную пасту са шчоткай.

«Гэта я сам рабіў, нікога не заклікаў і не арганізоўваў. Проста некаторыя мае знаёмыя пайшлі са мной зь цікаўнасьці. Дадаткова я яшчэ набыў яйкі і кінуў іх у амбасаду», — патлумачыў Свабодзе адзін з удзельнікаў канфлікту, беларус Максім Зуеў.

Калі ўдзельнікі пратэсту зноў падышлі да амбасады, там ужо стаялі яе супрацоўнікі. Завязаўся канфлікт, які перарос у «сур’ёзныя цялесныя пашкоджаньні». Як паведамляла беларускае МЗС, адзін з супрацоўнікаў амбасады атрымаў «пералом носу, страсеньне мозгу і траўматычны пералом зуба».

«Асабіста ў мой бок ад супрацоўніка амбасады, я ня ведаю — хто ён, паляцела ненарматыўная лексыка. Я адказаў яму адпаведна. Але ён пачаў абразьліва адзывацца пра маю маці і тату. У мяне проста нэрвы ня вытрымалі, і я даў яму поўху. Празь дзьве хвіліны прыехала паліцыя. Потым выйшаў зусім іншы зьнешнім выглядам супрацоўнік амбасады, у якога была кроў на твары. Але гэта быў ня той, каму я даў поўху», — тлумачыць Максім.

Пасьля затрыманьня Максіма адпусьцілі з паліцыі. За такія дзеяньні яму магло пагражаць па заканадаўстве Вялікай Брытаніі ад папярэджаньня (мінімум) да 6 месяцаў турмы (максымум).

«Але праз шэсьць месяцаў пасьля інцыдэнту мой адвакат паведаміў, што справа закрытая, бо яе ў тэрмін да шасьці месяцаў не перадалі ў суд. Таму яна закрываецца аўтаматам», — зазначыў беларус.

Плямы ад яек на будынку амбасады

Паводле словаў Максіма, беларуская амбасада спрабавала прыцягнуць яго да адказнасьці іншым чынам. «Яны падалі заяву ў органы, што будынку амбасады, які зьяўляецца гістарычным, была нанесеная шкода. Нібыта ад яек, якія я кінуў, засталіся плямы. І яны перафарбавалі будынак, што каштавала 40 тысяч фунтаў (49,5 тысячы даляраў. — РС). Але супрацоўнікі амбасады не прадставілі дакумэнтаў — адкуль узялася такая сума. Таму гэта ўсё скончылася нічым», — кажа Максім.

У красавіку 2023 году Галоўнае сьледчае ўпраўленьне Сьледчага камітэту Беларусі пачало спэцыяльнае вядзеньне ў дачыненьні да чатырох чалавек: Вадзіма Багакова, Максіма Зуева, Аляксандра Напрэенкі і Сяргея Рабушкі — менавіта за той канфлікт каля амбасады ў Лёндане.

У дачыненьні да ўсіх чатырох вядзеньне адбываецца паводле артыкулаў аб распальваньні варожасьці (ч. 3 арт. 130 КК) і наўмысным пашкоджаньні чужой маёмасьці (ч. 3 арт. 218 КК). У дачыненьні да Напрэенкі і Рабушкі — таксама паводле артыкула аб гвалце і пагрозе гвалту ў дачыненьні да службовай асобы (ч. 1 арт. 366 КК). Усе ўдзельнікі канфлікту жывуць у Вялікай Брытаніі.

«Дадуць тэрмін завочна, значыць, і адседжу яго завочна»

Максім Зуеў жыве ў Вялікай Брытаніі амаль 24 гады, працуе бухгальтарам. У Беларусь ехаць не зьбіраецца.

«Прынамсі да таго моманту, пакуль ня пройдуць дэмакратычныя зьмены і не пачне панаваць закон, а ня «часам не да законаў», — удакладніў беларус.

Ён кажа, што навіна пра «спэцыяльнае вядзеньне» ў дачыненьні да яго выклікала «сьмех, іронію і сарказм». Па словах суразмоўцы, асабіста зь ім ніхто ня зьвязваўся — ні па месцы рэгістрацыі ў Беларусі, ні па месцы жыхарства ў Вялікай Брытаніі.

«Хоць супрацоўнікі амбасады ведаюць і дзе я жыву, і мой тэлефон. Я паглядзеў артыкулы, мне можа пагражаць да 12 гадоў. Упэўнены, што яны будуць дабівацца максымальнага тэрміну для мяне, каб запалохваць іншых. Як казаў Сьцяпан Пуціла, так і я паўтару: „Калі мяне завочна асудзяць, то і прысуд буду адбываць завочна“. Чаго яны хочуць дабіцца? Паказаць свайму гаспадару, што працуюць не пакладаючы рук. Сам рэжым — незаконны, нелегітымны. Я зь імі зьвязвацца ня буду, ня бачу сэнсу, гэта толькі надасьць ім законнасьці», — лічыць Максім.

Ён упэўнены, што прысуд у Беларусі аніяк не паўплывае на ягонае жыцьцё ў Вялікай Брытаніі. «Плянаў ехаць у Беларусь я ня маю. Я нават ня маю патрэбы хадзіць тут у амбасаду. Яны там, у СК і судзе, лічаць сябе, відаць, цэнтрам сусьвету. Сьмешна, але і крыўдна за людзей, якія маюць юрыдычную адукацыю, але займаюцца такімі рэчамі», — дадаў Максім.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG