Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сейм Літвы 20 красавіка паспрабуе пераадолець вэта прэзыдэнта на закон аб абмежаваньнях для беларусаў і расейцаў


Сейм Літвы, архіўнае фота
Сейм Літвы, архіўнае фота

Прадстаўляючы гэтае пытаньне ў парлямэнце, Кястуціс Будрыс, старшы дарадца прэзыдэнта Літвы Гітанаса Наўседы, заявіў, што рэжым Аляксандра Лукашэнкі нанёс Літве большую шкоду, чым крамлёўскі рэжым.

Сейм Літвы ўхваліў уключэньне ў парадак дня сэсіі пытаньня аб пераадоленьні вэта прэзыдэнта на закон аб абмежаваньнях для грамадзян Расеі і Беларусі праз расейскае ваеннае ўварваньне ва Ўкраіну.

Разгляд пытаньня па сутнасьці адбудзецца 20 красавіка, паведаміла агенцтва BNS.

Прадстаўляючы гэтае пытаньне ў парлямэнце, Кястуціс Будрыс, старшы дарадца прэзыдэнта Літвы Гітанаса Наўседы, заявіў, што рэжым Аляксандра Лукашэнкі нанёс Літве большую шкоду, чым крамлёўскі рэжым.

«Дзеяньні беларускага рэжыму супраць Літвы наносяць яшчэ большую шкоду, чым дзеяньні расейскага рэжыму супраць Літвы», — сказаў Кястуціс Будрыс.

Ён нагадаў, што беларускія ўлады праводзяць супраць Літвы гібрыдную атаку, выкарыстоўваючы для гэтага нелегальную міграцыю, а беларускі КДБ вельмі актыўна працуе ў Літве, шпіёніць за ёю і за прадстаўнікамі беларускай апазыцыі, якія жывуць у Літве.

Кястуціс Будрыс дадаў, што пагрозу нацыянальнай бясьпецы Літвы становіць ваенная інтэграцыя Беларусі і Расеі. Ён нагадаў пра імавернае разьмяшчэньне тактычнай ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі, а таксама той факт, што агрэсія Расеі супраць Украіны пачалася з тэрыторыі Беларусі.

Старшы дарадца прэзыдэнта Літвы Гітанаса Наўседы падкрэсьліў, што закон аб абмежавальных мерах вельмі неабходны з пункту гледжаньня як нацыянальнай бясьпекі, так і зьнешняй палітыкі, а нормы закону не пагоршаць становішча беларусаў, якія ўжо прыбылі і маюць тут дазвол на жыхарства.

«Прапановы прэзыдэнта ніякім чынам не паўплываюць на дзейнасьць дэмакратычнай апазыцыі Беларусі і Расеі ў Літве, яе статус, магчымасьці ўехаць у яе зь Беларусі і Расеі, то бок атрымаць візу, і з гэтай візай атрымаць часовы дазвол на жыхарства ў Літве, статус электроннага рэзыдэнта, набыць нерухомасьць, калі яны адпавядаюць ужо прадугледжаным законам умовам, гэта значыць пры пасярэдніцтве міністэрства і пры наяўнасьці гуманітарных падставаў. На ўмовы апазыцыі гэта наўпрост ніяк не ўплывае», — падкрэсьліў Кястуціс Будрыс.

  • Закон аб абмежавальных мерах у адносінах да грамадзян Беларусі і Расеі ў сувязі з ваеннай агрэсіяй супраць Украіны быў прыняты Сеймам Літвы 4 красавіка.
  • Дакумэнт прадугледжвае прыпыненьне прыёму заяваў на атрыманьне візаў ад грамадзян Расеі і Беларусі, за выключэньнем выпадкаў, калі падача заявы ажыцьцяўляецца пры пасярэдніцтве МЗС Літвы.
  • Для расейцаў уводзіцца часовае прыпыненьне падачы заявак на атрыманьне часовага дазволу на жыхарства, беларусаў гэтая частка закону не закране.
  • 14 красавіка стала вядома, што прэзыдэнт Наўседа наклаў на закон вэта.
  • Сэйм можа прыняць ці не прыняць папраўкі, якія ўнёс у дакумэнт прэзыдэнт Літвы. Для таго каб прыняць вэтаваны прэзыдэнтам закон, патрабуецца, каб за яго прагаласаваў як мінімум 71 дэпутат з 141.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG