Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 18 красавіка: затрымалі намесьніка кіраўніка «Тэхнабанку»; аблава на «Нафтане» і «Паліміры»; затрыманьні ў Навалукомлі

абноўлена

Суд у Менску. Архіўнае фота
Суд у Менску. Архіўнае фота

Палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі не спыняюцца.

Гомельскі абласны суд 13 красавіка абвінаваціў 34-гадовага жыхара Магілёва Ўладзіслава Купрыянава ў распальваньні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай ці іншай сацыяльнай варожасьці, зьдзейсьненай групай асоб, паводле ч. 3 арт 130 Крымінальнага кодэксу.

Судовы працэс пачаўся 24 лютага, справу вёў у закрытым рэжыме судзьдзя Мікалай Доля, піша «Вясна».

Палітзьняволены Ўладзіслаў Купрыянаў, якога затрымалі 7 жніўня 2022 году, працаваў інжынэрам у Магілёўскіх гарадзкіх электрычных сетках.

Да суду яго зьмясьцілі спачатку ў СІЗА № 1 Менску, затым перавялі ў СІЗА № 3 Гомля.

Паводле абвінавачаньня, Купрыянаў нібыта ўвосень 2020 году, падчас пратэстаў пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў, перадаваў зьвесткі пра месца жыхарства дзяржаўных службоўцаў і сілавікоў «Чорнай кнізе Беларусі».

За гэта судзьдзя Доля прысудзіў палітвязьню 5 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.

Аблава на заводах «Нафтан» і «Палімір» — арыштавалі 10 супрацоўнікаў

Пра аблаву на заводах «Нафтан» і «Палімір» стала вядома з паведамленьня ў афіцыйным закрытым канале заводу. Паводле яго, затрымалі 10 працаўнікоў заводаў і ўсім ім прысудзілі арышты — ад 10 да 30 дзён, у асноўным за рэпосты — за «распаўсюд экстрэмісцкай прадукцыі» (па артыкуле 19.11 КаАП), заўважыла «Наша Ніва».

У канале пішуць, што затрыманыя працаваць на заводзе болей ня будуць. «Амаль напэўна гэтыя людзі будуць звольненыя з сваіх прадпрыемстваў, бо арышт не зьяўляецца ўважлівай прычынай для адсутнасьці на працоўным месцы», — пішуць аўтары канала. Таксама яны паведамляюць, што некаторым затрыманым пагражаюць крымінальнай справай за «ўчыненьне злачынстваў экстрэмісцкай накіраванасьці».

Адміністрацыя прадпрыемства заклікала працаўнікоў адпісацца ад «экстрэмісцкіх» каналаў і прагледзець свае сацсеткі і сваякоў на прадмет «наяўнасьці чагосьці падазронага».

Пад масавы палітычны перасьлед патрапілі жыхары Навалукомля

На дзяржаўных прадпрыемствах днямі адбыліся затрыманьні, піша «Вясна». Вядома ўжо пра як мінімум 10 затрыманых. Некаторым зь іх ужо прызначылі «суткі».

З канкрэтных імёнаў вядома, што 20 дзён арышту атрымаў мясцовы хірург Сяргей Нарэйка.

Таксама ёсьць інфармацыя, што за апошні час каля 100 супрацоўнікаў Лукомскай ДРЭС былі зьвольненыя па «ўласным жаданьні». Як мінімум 7 чалавек — затрыманыя.

У Навагрудку ў рабочых шукаюць у тэлефонах падпіску на «Зеркало»

Праваабаронцы атрымалі інфармацыю, што сёньня ў рабочых навагрудзкага «Завода газавай апаратуры» правяралі тэлефоны, шукаючы падпіску на канкрэтны рэсурс. Гэтым разам асаблівую цікавасьць выклікала тое, ці ёсьць у людзей падпіска на рэсурсы выданьня «Зеркало», піша «Вясна».

За камэнтары пра Лукашэнку затрымалі намесьніка старшыні праўленьня «Тэхнабанку»​ Дзьмітрыя Богуша

Пра гэта паведамляюць праваабаронцы з спасылкай на «пакаяльнае» відэа Богуша, якое паказалі па БТ.

Адзначаецца, што Дзьмітрыя Богуша затрымалі ў сьнежні 2022 году паводле артыкула аб «распальваньні варожасьці» (ч. 2 арт. 130 КК) — ён нібыта пісаў у сацсетках камэнтары з пагрозамі ў адрас Лукашэнкі і сілавікоў.

За «экстрэмісцкія» падпіскі ў інтэрнэце затрымалі адразу дзевяць гамельчукоў

«Пакаяльнае» відэа зь імі зьявілася ў адным з праўладных тэлеграм-каналаў, піша «Вясна». Затрыманыя кажуць, што нібыта былі падпісаныя на «экстрэмісцкія» суполкі ў Instagram, TikTok, Telegram.

Аднаго з мужчын сілавікі прымусілі сарваць са сьцяны бел-чырвона-белы сьцяг і кінуць на падлогу.

Актору тэатральна-музычнага калектыву «Гузікі» Андрэю Трызубаву прысудзілі 3 гады «хатняй хіміі»

52-гадовага палітвязьня Андрэя Трызубава затрымалі раніцай 4 студзеня ў Менску.

Пасьля праваабаронцам стала вядома, што яго арыштавалі на 10 дзён і зьмясьцілі ў ЦІП на Акрэсьціна.

24 студзеня актор Аляксандар Ждановіч паведаміў у Facebook, што Трызубава перавялі ў СІЗА на вуліцы Валадарскага ў Менску.

18 красавіка Трызубаву прысудзілі 3 гады «хатняй хіміі». Яго абвінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўным удзеле у іх (арт. 342 Крымінальнага кодэксу).

У Берасьці затрымалі 55-гадовага Ўладзімера Здановіча

Праваабарончы цэнтар «Вясна» паведамляе, што ў Берасьці затрыманы 55-гадовы Ўладзімер Здановіч. Паводле сілавікоў, ён нібыта быў адміністратарам «экстрэмісцкага» тэлеграм-чату «Северный 97», прайшоў рэгістрацыю ў чат-боце пляну «Перамога», а таксама распаўсюджваў «экстрэмісцкія матэрыялы».

Затрымалі непаўналетняга адміністратара тэлеграм-суполкі

Як піша «Вясна», па адміністратара суполкі «Саюз беларускага нацыянальнага шчыта» прыйшлі пасьля таго, як ён вырашыў праверыць сябе «на наяўнасьць кампрамэтуючай інфармацыі» ў фэйкавым чат-боце пляну «Перамога», створаным сілавікамі. Хлопец меў нік у Telegram «Ваўчара ў латах».

Раней суполку «Саюз беларускага нацыянальнага шчыта» прызналі экстрэмісцкай.

У Гомлі на 2 гады асудзілі бакаляўра багаслоўя

У Гомельскім раённым судзе 18 красавіка пачаўся разгляд крымінальнай справы праваслаўнага верніка, бакаляўра багаслоўя Андрэя Пуканава. У той жа дзень яго асудзілі на 2 гады калёніі, паведаміў тэлеграм-канал «Гомельская вясна».

Пуканава абвінавацілі ў паклёпе на Лукашэнку паводле ч. 2 арт. 367 Крымінальнага кодэксу. Справу разглядае судзьдзя Жанна Баль.

Пуканава затрымалі 18 студзеня 2023 году. Сілавікі прыйшлі да яго на працу, а па месцы жыхарства правялі ператрус. Да суду трымалі ў СІЗА № 3 Гомля.

Андрэй Пуканаў — настаўнік нямецкай мовы, бакаляўр багаслоўя, праваслаўны вернік. У Гомлі ён вядомы яшчэ як краязнаўца, сябра Беларускага геаграфічнага таварыства. У 1990-я гады Андрэй быў сябрам краязнаўчай арганізацыі «Талака», распрацоўваў аўтарскія курсы па геаграфіі для гомельскай філіі Коласаўскага ліцэю. Пазьней займаўся грамадзкай дзейнасьцю, спрабаваў балятавацца ў Палату прадстаўнікоў.

Жыхара Мастоў затрымалі за намер далучыцца да палку Каліноўскага


29-гадовага жыхара Мастоў абвінавачваюць па ч.1 арт.13 і ч.1 арт.361-3 (падрыхтоўка да ўдзелу грамадзяніна Рэспублікі Беларусь на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаваньні).

Крымінальную справу завялі, калі яго затрымалі па адміністрацыйным артыкуле і праверылі ягоны тэлефон, паведамляе Сьледчы камітэт.

Мастаўчанін разьмяшчаў у сацсетках відэа «экстрэмісцкай накіраванасьці», якія зьмяшчалі заклікі ўступаць у полк Каліноўскага. Яго прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасьці за распаўсюд нібыта «экстрэмісцкіх» матэрыялаў. Пры аглядзе яго тэлефона сілавікі знайшлі паведамленьні, адпраўленыя на электронную пошту Мінабароны замежнай дзяржавы.

Сьледчы камітэт сьцьвярджае, што затрыманы зьбіраўся ўступіць у полк Каліноўскага. Мужчыну ўзялі пад варту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG