Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску засталіся тры прыватныя школы, якім выдалі ліцэнзіі


У адной з прыватных школ Менску, архіўнае фота
У адной з прыватных школ Менску, архіўнае фота

Пасьля леташніх паправак у заканадаўства і ўвядзеньня ліцэнзаваньня школ у Менску з усіх прыватных школьных установаў засталіся ўсяго тры, якія атрымалі ліцэнзію.

Пра гэта, як піша Zerkalo. io, расказала першая намесьніца старшыні камітэту па адукацыі Менгарвыканкаму Людміла Барысенка на «Радыё-Мінск».

«Уступіў у сілу Закон „Аб ліцэнзаваньні“. Гэтую працэдуру прайшлі ўсе дзяржаўныя сады, школы, гімназіі. І было заяўлена 12 устаноў прыватнай формы ўласнасьці. Але, на жаль, выканаць даліцэнзійныя патрабаваньні ўдалося толькі тром з іх. І яны атрымалі ліцэнзіі», — сказала Барысенка.

Паводле яе слоў, адна з прыватных школ «нават прайшла плянавую акрэдытацыю». Якая менавіта — невядома, але можна выказаць здагадку, што гаворка ідзе аб Менскай міжнароднай гімназіі, у якой вучыўся Мікалай Лукашэнка і іншыя дзеці сям’і Лукашэнкі.

«Мы з дадзенымі ўстановамі ў цесным узаемадзеяньні. Можна казаць аб тым, што ў іх даецца якасная адукацыя. Тую сытуацыю, якая склалася летась, можна ахарактарызаваць так: гэта жаданьне жыць па ўласных правілах, калі камэрцыйным установам адукацыі дазвалялася тое, чаго не маглі дазволіць дзяржаўныя. Сёньня праца першых прыведзена ў адпаведнасьць з заканадаўствам», — заявіла чыноўніца.

  • Да пачатку кастрычніка 2022 году большасьць недзяржаўных школ у Беларусі прыпынілі працу. Праблемы ў іх узьніклі яшчэ да пачатку навучальнага году — ня ўсе прыватныя ўстановы змаглі атрымаць сэртыфікаты гатоўнасьці. На 16 верасьня ў сьпісе былі толькі 14 школ з 35.
  • 15 верасьня стала вядома, што ўзьніклі прэтэнзіі да прыватнай школы «Смарт скул»: там вучань стрэліў з пнэўматыкі ў твар сваёй аднаклясьніцы. Пасьля гэтага Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў праверыць усе прыватныя школы.
  • На дырэктара школы Натальлю Базанаву распачалі крымінальную справу па ч. 2 арт. 424 КК (Злоўжываньне службовымі паўнамоцтвамі).
  • 22 верасьня стала вядома, што затрыманы дзіцячы паэт і празаік Дзьмітры Юртаеў, які выкладаў у «Смарт скул». Мужчына нібыта пакідаў абразьлівыя камэнтары на адрас сілавікоў, хадзіў на несанкцыянаваныя мерапрыемствы. 14 красавіка 2023 году над ім пачаўся суд.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG