Пра вынікі чарговага апытаньня расказвае на канале Свабода Premium доктар палітычных навук, кіраўнік беларускага праекту брытанскага дасьледчага цэнтру Chatham House Рыгор Астапеня.
— Апошняе апытаньне Chatham House праводзіў сярод беларусаў-гараджанаў з 15 па 27 сакавіка. Якраз 25 сакавіка Ўладзімір Пуцін абвясьціў, што Расея разьмесьціць у Беларусі тактычную ядзерную зброю. Частка апытаньня праводзілася да гэтай заявы, частка — пасьля. Вы задавалі гэтае пытаньне на працягу апошняга году. Якія зьмены ў грамадзкіх настроях можна адзначыць? Здаецца, ёсьць невялікі скачок на карысьць разьмяшчэньня ядзернай зброі?
— Мы вымяралі стаўленьне да разьмяшчэньня ядзернай зброі ў Беларусі даволі працяглы час. І атрымлівалі прыкладна адны і тыя ж лічбы — 20–25%. І магчыма, што ў сакавіцкім 2023 году апытаньні ніякага скачка не адбылося: гэтае адхіленьне — у межах статыстычнай памылкі. І ў Лукашэнкі, і ў прыхільнікаў дэмакратычнага руху ёсьць «мабілізацыйная рэзэрва»: частка грамадзтва, якую яны могуць схіліць на свой бок. Аўдыторыя незалежных СМІ, прыхільнікі дэмакратычнага руху — ня ўсе яны прыхільнікі эўраінтэграцыі. І каб у Беларусі стала больш прыхільнікаў эўраінтэграцыі, трэба, каб дэмакратычныя лідэры гаварылі сваім прыхільнікам пра гэта. Але тое самае і Лукашэнка, і расейскі рэжым могуць рабіць адносна сваіх прыхільнікаў, казаць, што «NATO на мяжы бразгае зброяй», што «вайна на парозе», што «трэба абараняцца», што «супраць нас увесь сьвет». І такім чынам яны могуць павялічваць колькасьць прыхільнікаў сваёй палітыкі, у тым ліку і разьмяшчэньня ў Беларусі ядзернай зброі. Але магчыма, што стаўленьне да гэтага кроку ў сакавіцкім апытаньні не зьмянілася ў параўнаньні з папярэднімі.
— Вашы лічбы крытыкаваў Аляксандар Лукашэнка ў сваім штогадовым пасланьні. Што б вы маглі адказаць на ягоную крытыку? Чаму вашым лічбам можна верыць?
— Лукашэнка — ня першы, хто крытыкуе лічбы нашых апытаньняў. Раней іх крытыкавалі і Ўладзімір Макей, і прадстаўнікі дэмакратычнага руху,— напрыклад, Андрэй Саньнікаў. Тут ёсьць і недавер да тэхналёгіі правядзеньня апытаньняў, і той просты чыньнік, што не падабаюцца вынікі апытаньняў. Калі лічба падабаецца Лукашэнку, то ён кажа, што нарэшце да «бчб-аналітыкаў» дайшло, яны ўсё ўсьвядомілі і гатовыя каяцца. Калі яму прыносяць лічбу, якая яму не падабаецца, ён кажа: гэта фэйк, укід, «бязмозглая інфармацыйная палітыка Захаду». Аб’ектыўная праблема палягае ў тым, што ў Беларусі праводзіцца няшмат апытаньняў. І людзям падаецца дзіўным, што ты можаш апытаць досыць невялікую колькасьць людзей і даведацца, што думае грамадзтва. Гэтай тэхналёгіі будзе хутка 100 гадоў з таго часу, як Дон Гэлап правёў рэпрэзэнтатыўнае апытаньне і даведаўся, як амэрыканцы прагаласуюць на прэзыдэнцкіх выбарах.
— Вы ў аналізе дадзеных вашых апытаньняў выкарыстоўваеце сэгмэнтацыю выбаркі паводле тыпу мэдыя, якімі рэспандэнты пераважна карыстаюцца. Што вынікае з аналізу сувязі гэтай сэгмэнтацыі са стаўленьнем да разьмяшчэньня ядзернай зброі ў Беларусі?
— Самае істотнае — тое, што ва ўсіх сэгмэнтах мэдыяспажываньня беларускага гарадзкога грамадзтва дамінуе адмоўнае стаўленьне да разьмяшчэньня ў Беларусі ядзернай зброі. Нават сярод тых, хто спажывае толькі дзяржаўныя — беларускія і расейскія — крыніцы інфармацыі, тых, хто адмоўна ставіцца да разьмяшчэньня ў Беларусі ядзернай зброі, больш, чым тых, хто ставіцца да гэтага станоўча. Так што ў беларускім грамадзтве ёсьць пэўны кансэнсус наконт таго, што ядзерная зброя не павінна вярнуцца ў Беларусь.
— Пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны сталі сэнсацыяй вашы дадзеныя пра тое, што толькі 3% беларусаў-гараджанаў хацелі б, каб беларускае войска ўступіла ў вайну на баку Расеі. Прыкладна пароўну рэспандэнтаў выказаліся за тое, каб падтрымаць Расею, не ваюючы, і за нэўтралітэт у канфлікце. Чаму лічбы на працягу году не мяняюцца? У Расеі, дарэчы, ступень падтрымкі вайны ў апытаньнях вагалася, а ў Беларусі адсоткі як укапаныя.
— Ваганьні ў адказах у апытаньнях у Расеі выглядаюць лягічнымі. Бо для Расеі гэта галоўная падзея — яна вядзе вайну, дзясяткі тысячаў расейскіх салдатаў забітыя і параненыя, адбылася масавая мабілізацыя. Вайна ідзе ўжо і на тэрыторыі Расеі: у Белгарадзкай вобласьці некалькі чалавек загінулі. Але для беларусаў гэтая вайна ідзе пераважна на экранах тэлевізараў і ў тэлеграм-каналах. Беларусы наўпрост не заангажаваныя ў баявыя дзеяньні. Дарэчы, ваганьні стаўленьня да вайны ў Расеі не такія і вялікія, як можна было б чакаць. Пуцін доўгі час не абвяшчаў мабілізацыю, якая яму была вельмі патрэбная. Ён асьцерагаўся, што праз мабілізацыю падтрымка вайны істотна зьменшыцца. Але гэта калі і адбылося, то нязначна. А ў Беларусі людзі «акапаліся» ў сваіх сэгмэнтах мэдыяспажываньня, і на працягу году адпаведныя мэдыя не мянялі сваю трактоўку вайны. У выніку і іх аўдыторыі не мянялі свайго стаўленьня да вайны. Першыя паўгода вайны мы бачылі пэўнае «плаўленьне», зьніжэньне падтрымкі Расеі ў вайне. Я пра гэта ў сярэдзіне мінулага году казаў. Але з восені 2022 году мы бачым, што сытуацыя стабільная.
— Пра што сьведчаць лічбы падтрымкі Расеі ў вайне? Як гэтыя лічбы суадносяцца з адказамі на пытаньне, як варта паводзіць сябе Беларусі ў вайне?
— Людзі глядзяць на дадзеныя апытаньняў па-рознаму. Усе бачаць, што прыблізна кожны трэці гарадзкі жыхар Беларусі падтрымлівае Расею ў вайне. Многіх гэта засмучае. Але іншыя, у тым ліку і я, мяркуюць, што гэта не такі ўжо і кепскі вынік. Трэба ўлічваць масіраваную беларускую і расейскую дзяржаўную прапаганду, а таксама тое, што Лукашэнка амаль зьнішчыў шляхі грамадзкай камунікацыі. З улікам усяго гэтага лічба тых, хто ўсё ж не падтрымлівае Расею ў вайне, паказвае, што грамадзтва супраціўляецца ціску, які на яго чыніцца. Што да суадносінаў адказаў на пытаньні, што рабіць Беларусі ў вайне і якое стаўленьне да пазыцыі Расеі ў вайне, то тут ёсьць наступныя заканамернасьці. Людзі, якія падтрымліваюць Расею ў вайне, больш схільныя лічыць, што і Беларусь павінна падтрымліваць Расею. Рэспандэнты, якія ўхіляюцца ад адказу пра ацэнку пазыцыі Расеі, таксама збольшага не адказваюць і на пытаньне, што трэба рабіць Беларусі. Тыя ж, хто не падтрымлівае дзеяньні Расеі, разьмеркаваныя паміж рознымі адказамі на пытаньне аб пажаданай ролі Беларусі — паміж выбарам на карысьць нэўтралітэту і адмовай ад падтрымкі РФ. Трэба ўсьведамляць, што гэтыя пазыцыі — антыкрамлёўскія.
— Цікавае новае пытаньне ў вашым апытаньні — аб пажаданым варыянце завяршэньня вайны ва Ўкраіне. Апытаньне завяршылася да таго, як Лукашэнка выступіў са сваім штогадовым пасланьнем, у якім заклікаў імгненна спыніць баявыя дзеяньні. Ці аказалася, што ён пацэліў у масавыя настроі, прычым ня толькі сваіх прыхільнікаў?
— Я мяркую, што ў беларусаў і ў Лукашэнкі крыху розныя матывацыі. Людзі больш перажываюць за сьмерці, за разбурэньні, яны ўражаныя трагедыяй вайны і хочуць, каб яна спынілася як мага хутчэй. Лукашэнка ж думае пра тое, што трэба абмежаваць зьнешнія шокі, якія пагражаюць стабільнасьці ягонай палітычнай сыстэмы. Але калі абстрагавацца ад матывацыяў, то варта адзначыць, што ў Лукашэнкі ёсьць свая сыстэма вывучэньня грамадзкай думкі. Ёсьць інстытут сацыялёгіі, ёсьць спэцслужбы, ёсьць сыстэма ідэалягічнай працы. Пэўныя зьвесткі яны зьбіраюць, і паводле гэтых зьвестак беларусы і сапраўды хацелі б, каб вайна скончылася як мага хутчэй. Гэта ня першы прыклад, калі Лукашэнка разумее чаканьні людзей. Іншы прыклад — гэта рэгуляваньне, замарожваньне цэнаў. З эканамічнага пункту гледжаньня гэта мера калі не варʼяцкая, то дзіўная. І ў доўгатэрміновай пэрспэктыве яна не на карысьць Беларусі. Але калі глядзець з пункту гледжаньня кароткатэрміновай пэрспэктывы, то Лукашэнка на гэтым выйграў.
— Цікавы эфэкт «рэха-камэраў» вы прадэманстравалі на прыкладзе адказаў на гэтае пытаньне: кожная зь меншасьцяў уяўляе сябе большасьцю. На ваш погляд, якія грамадзка-палітычныя наступствы мае гэты эфэкт?
— Года паўтара таму мы рабілі падобны ж аналіз у сувязі з пытаньнем аб стаўленьні да існага ў Беларусі рэжыму. І мы тады бачылі такую самую карціну: і прыхільнікі Лукашэнкі, і яго праціўнікі ўсьведамляюць сябе ў большасьці. Для грамадзтва гэта бяда, калі людзі не прызнаюць іншыя групы. І гэта доўга будзе ўскладняць разьвіцьцё Беларусі. Але палітыкі ў такой палярызацыі зацікаўленыя. Лукашэнка за кошт гэтага спрабуе, напрыклад, пераканаць сваіх прыхільнікаў у карыснасьці разьмяшчэньня ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. Але ў гэтым зацікаўленыя і дэмакратычныя лідэры, бо адчуваньне сябе ў большасьці дае людзям надзею на выніковую перамогу.
— Нарэшце, стаўленьне да Расеі — да формаў інтэграцыі зь ёю, якім аддаецца перавага. Чаму падтрымка Расеі ў вайне ладнай часткай апытаных не ператварылася ў іх падтрымку больш шчыльнай інтэграцыі з Расеяй?
— Беларусы, як кажа ангельская прымаўка, хочуць і зьесьці пірог, і пакінуць яго цэлым. Іншымі словамі, яны хочуць мець толькі карысныя наступствы нейкай рэчы і ня мець наступстваў шкодных. Большасьць беларусаў зацікаўленыя ў тым, каб мець доступ да расейскага рынку, мець танныя энэрганосьбіты. Але адначасова не жадаюць плаціць вайскова-палітычныя кошты саюзу з Расеяй. Паміраць за Расею яны ня хочуць.