Прэс-сакратар расейскага пасольства ў Менску Аляксей Маскалёў заявіў, што іх консул атрымаў згоду на экстрадыцыю палітзьняволенай расейскай грамадзянкі Соф’і Сапегі ў РФ, паведаміў Sputnik Беларусь.
«У ходзе сустрэчы з асуджанай грамадзянкай Расеі ад яе была атрыманая згода на экстрадыцыю ў Расею для магчымага адбываньня далейшага пакараньня ўжо на тэрыторыі РФ», — сказаў Маскалёў і зазначыў, што далей пытаньнем — у тым ліку тэхнічнымі дэталямі працэдуры экстрадыцыі — займаюцца праваахоўныя органы Беларусі і Расеі.
У амбасадзе патлумачылі таксама, што Сапега ў гутарцы з консулам не выказвала скаргаў на ўмовы ўтрыманьня і стан свайго здароўя.
- Софʼю Сапегу затрымалі 23 мая 2021 года разам з былым галоўным рэдактарам тэлеграм-канала Nexta Раманам Пратасевічам у менскім аэрапорце пасля таго, як улады Беларусі пасадзілі самалёт авіякампаніі Ryanair, які ляцеў з Атэнаў у Вільню. Пара вярталася з адпачынку. Дзяўчыну абвінавацілі ў адміністраваньні тэлеграм-канала «Чорная кніга Беларусі», у якім публікуюцца асабістыя зьвесткі сілавікоў.
- Суд пачаўся 28 сакавіка 2022 году і праходзіў у закрытым рэжыме. Сапезе выставілі абвінавачаньні паводле сямі артыкулаў, але прызналі вінаватай паводле двух — ч. 3 арт. 130, а таксама ч. 1 арт. 179.
- Ёй прысудзілі 6 гадоў калёніі агульнага рэжыму. Сапега ў калёніі працуе швачкай. Раней у перапісцы яна расказала маці, што працы шмат, усе працуюць безь перапынку, здароўе ад стрэсу «пакідае жадаць лепшага». У адным зь лістоў дзяўчына папрасіла маці паабяцаць ёй, што яна забярэ яе з калёніі.
- У студзені 2023 году Соф’і Сапезе адмовілі ў памілаваньні, нягледзячы на выплату грашовай кампэнсацыі.
Палітзьняволены мэнэджэр культуры Сяргей Макарэвіч выйшаў на волю
Як стала вядома «Нашай ніве», мэнэджара культуры Сяргея Макарэвіча выпусьцілі пасьля 5 месяцаў за кратамі. Інфармацыі пра ягоную справу амаль няма.
Сяргея Макарэвіча затрымалі 4 лістапада пасьля ператрусу ў яго дома. Меркавалася, што ён праходзіць у справе маёнтку «Падароск», піша «Наша ніва».
Як і фонд «Вяртаньне», у якім працаваў Сяргей, «Маёнтак Падароск» (ініцыятыва па аднаўленьні старой сядзібы пад Ваўкавыскам) фінансаваліся бізнэсоўцам і мэцэнатам беларускага паходжаньня Паўлам Падкарытавым.
Фонд «Вяртаньне» падтрымліваў шматлікія праекты беларускай культуры.
Праваабаронцы прызналі Сяргея Макарэвіча палітвязьнем.
Увесь гэты час Сяргей знаходзіўся ў горадзенскай турме № 1. За яго вызваленьне актыўна змагалася сям’я.
Фонд «Вяртаньне» зьліквідавалі ў канцы кастрычніка рашэньнем Менскага гарадзкога суду, у шэрагу іншых незалежных грамадзкіх і культурных арганізацый.