«Швэды практычна нічога з гэтым ня робяць. Мы былі вельмі расчараваныя адсутнасьцю амбіцый у пляне санкцый супраць Беларусі, гэтак неабходных у сувязі зь перасьледам апазыцыі ў гэтай краіне, удзелам у вайне на баку Расеі, а таксама плянамі разьмяшчэньня ядзернай зброі на яе тэрыторыі», — заявіў Садась.
Паводле інфармацыі РАР, захоўваецца і блякаваньне санкцыяў з боку шэрагу краінаў Заходняй Эўропы, якія настойваюць на паслабленьні санкцыйных абмежаваньняў, што тычацца экспарту беларускіх угнаеньняў.
«Мы ня згодныя з тым, што сынхранізацыя беларускіх санкцыяў з расейскімі азначае зьняцьцё абмежаваньняў з асноўнага экспартнага прадукту, якім зьяўляецца беларускі калій. Мы хочам новых санкцыяў, але не цаной адмены раней прынятых», — дадаў польскі дыплямат.
РАР са спасылкай на неназванага дыплямата таксама паведамляе, што «аргумэнтам для зьняцьця санкцыяў зь беларускага калію можа стаць пытаньне гарантаваньня харчовай бясьпекі ва ўмовах вайны ва Ўкраіне, але цэны на пшаніцу на сусьветных рынках цяпер ніжэйшыя, чым да вайны, таму гэты аргумэнт памылковы».
Садась крытыкаваў працу над санкцыямі супраць Беларусі сёлета ў лютым. Ён заяўляў тады, што «некаторыя краіны заклікаюць увесьці выключэньні для беларускіх угнаеньняў».
10 студзеня старшыня Эўрапейскай камісіі Урзуля фон дэр Ляен анансавала новыя санкцыі ў дачыненьні да рэжыму Аляксандра Лукашэнкі за падтрымку вайны РФ супраць Украіны.
Да гэтага часу гэтыя новыя санкцыі адносна Беларусі прынятыя не былі. 25 лютага ЭЗ увёў 10-ы пакет санкцыяў у дачыненьні да РФ, Беларусь у ім ня згадвалася.