Літва не паддасца ціску з мэтай зьмякчэньня санкцый супраць беларускага рэжыму, падкрэсьліў Гітанас Наўседа і дадаў, што супраць паслабленьня санкцый выступаюць таксама краіны Паўночнай Эўропы і балтыйскія суседзі Літвы, піша BPN.
«Мы ўвялі санкцыі зь вельмі дакладнымі мэтамі: каб гэтыя два рэжымы (беларускі і расейскі) адчулі на сабе пэўныя наступствы сваіх дзеяньняў. І ў першую чаргу — за вайну ва Ўкраіне», — падкрэсьліў літоўскі прэзыдэнт (цытата паводле lrt.lt) і нагадаў, што «пазытыўных зьменаў» у Беларусі няма, а з пачаткам вайны ва Ўкраіне сытуацыя толькі пагоршылася.
Для вырашэньня праблемы паставак угнаеньняў Наўседа прапанаваў «кіраваць гандлёвымі і вытворчымі ланцужкамі» і «непасрэдна падтрымліваць краіны, якія мы хочам падтрымаць».
Міністар замежных спраў Літвы Габрыелюс Ландсбергіс пацьвердзіў LRT, што шэраг эўрапейскіх краін намагаецца пераканаць Эўракамісію ў неабходнасьці паслабіць санкцыі ў дачыненьні да афіцыйнага Менску, у прыватнасьці зьняць іх з вытворцаў угнаеньняў.
Паводле інфармацыі выданьня, гэта прапануюць у тым ліку Бэльгія, Партугалія, Гішпанія і яшчэ некалькі краінаў. Прапануецца ўнясеньне Беларусі нароўні з Расеяй у пункт санкцый, які ў якасьці выключэньня дазваляе перавозіць угнаеньні ў трэція краіны ў тым выпадку, калі іх будуць выкарыстоўваць для вырошчваньня прадуктаў харчаваньня.