Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У М’янме правялі маштабную амністыю, у тым ліку для некаторых палітвязьняў — праціўнікаў кіроўнай хунты


Вызваленыя м’янманскія палітвязьні, у тым ліку Хцін Лін Ао. Янгон, 4 студзеня 2023
Вызваленыя м’янманскія палітвязьні, у тым ліку Хцін Лін Ао. Янгон, 4 студзеня 2023

Агулам улады вызвалілі з турмаў 7012 зьняволеных.

Свабода не прывяла ў эўфарыю Хцін Лін Ао, былога чыноўніка ва ўрадзе Аўн Сан Су Чы і аднаго з 7012 зьняволеных, вызваленых хунтай М’янмы ў сераду, 4 студзеня, каб адзначыць 75-ю гадавіну незалежнасьці краіны ад Брытаніі.

«У мяне няма пачуцьцяў адносна вызваленьня з турмы, але мне было сорамна, таму што людзі, якія сядзелі разам са мной, засталіся ў турэмных камэрах», — сказаў былы супрацоўнік Нацыянальнай лігі за дэмакратыю (НЛД) па тэлефоне «Голасу Амэрыкі» пасьля вызваленьня з Інсэйнскай турмы ў Янгоне, які быў сталіцай М’янмы да лістапада 2005-га, пакуль яго не замяніў горад Найп’іда.

Прэс-сакратар вайсковай хунты, якая кіруе краінай, генэрал-маёр Заў Мін Тун паведаміў, што ў дадатак да памілаваньняў некаторым зьняволеным, асуджаным за менш цяжкія злачынствы, скарацілі тэрміны.

«Акрамя асоб, асуджаных па абвінавачаньнях, зьвязаных з забойствамі, наркотыкамі, тэрарызмам, выкарыстаньнем выбуховых рэчываў, карупцыяй, незаконнымі аб’яднаньнямі, парушэньнем заканадаўства аб ліквідацыі наступстваў стыхійных бедзтваў і згвалтаваньнямі, пакараньне зьніжаецца на 1/6», — сказаў Заў Мін Тун.

Акрамя Хцін Лін Ао, вызвалілі некаторых іншых палітвязьняў, але агульная іх колькасьць засталася нявысьветленай.

56-гадовы Хцін Лін Ао быў арыштаваны ў сваім доме рана ў дзень дзяржаўнага перавароту 1 лютага 2021 году, у выніку якога была зрынутая адміністрацыя Аўн Сан Су Чы. У лютым мінулага году яму прысудзілі 3 гады пазбаўленьня волі з папраўчымі работамі ў адпаведнасьці з новым законам, які забараняе выклікаць страх, распаўсюджваць ілжывыя навіны і агітаваць за злачынствы супраць дзяржаўнага службоўца.

Хцін Лін Ао сказаў, што абвінавачаньне супраць яго базавалася на перагледжаных законах, уведзеных ужо пасьля яго арышту, і ўжыта задняй датай у ягонай справе. Ён сказаў, што сутыкнуўся з «закрытым судом у турме, які быў абсалютна несправядлівым. Не было ні прысяжных, ні права на абарону».

Таксама на волю выйшлі вядомая ў краіне пісьменьніца і палітычная дзяячка Нацыянальнай лігі за дэмакратыю Тан М’інт Аўнг, якой далі 3 гады па тым самым абвінавачаньні, і 75-гадовы адстаўны генэрал Тура Аўн Ко, які займаў пасаду міністра ў справах рэлігій ва ўрадзе Аўн Сан Су Чы. Яго арыштавалі пасьля перавароту і абвінавацілі ў карупцыі, асудзіўшы на 12 гадоў пазбаўленьня волі з адбываньнем папраўчых работ.

«Журналістаў, прадстаўнікоў НЛД і іншых вызваленых палітвязьняў увогуле не павінны былі саджаць у турму, — сказала Шэйна Баўхнэр, дасьледчыца Human Rights Watch па Азіі. — Урады не павінны памылкова ўспрымаць амністыю як паваротны момант для хунты або пачатак перамоваў. Гэта ня знак пераменаў».

НЛД атрымала пераканаўчую перамогу на выбарах 2020 году, але ўрад зрынулі вайскоўцы ў выніку дзяржаўнага перавароту. Хунта арыштавала многіх сяброў партыі разам са зрынутай лідэркай краіны Аўн Сан Су Чы, якой прысудзілі 33 гады пазбаўленьня волі паводле шэрагу артыкулаў, і прэзыдэнтам Він М’інтам, якому пагражае 12 гадоў за кратамі.

Ні Су Чы, ні Він М’інт ня трапілі пад амністыю.

Абвяшчаючы аб амністыі, кіроўны вайсковы лідэр М’янмы, вярхоўны генэрал Мін Аўнг Хлаінг апісаў пляны раней абяцаных выбараў у канцы 2023 году. Выбары могуць адбыцца ўжо праз паўгода, калі скончыцца надзвычайнае становішча, уведзенае вайскоўцамі. Крытыкі хунты бачаць перадвыбарнае абяцаньне ня больш чым спробай легітымізаваць сваю ўладу пасьля двух гадоў аслабленьня і зьняволеньня апанэнтаў. Хцін Лін Ао выказаў здагадку, што гэта зроблена, каб «задобрыць людзей, хаваючы пры гэтым сапраўдныя намеры вайскоўцаў утрымаць уладу».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG