Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Падыход „пачакаем і ўбачым“ не працуе». Ціханоўская заклікала Раду бясьпекі ААН прадухіліць разьмяшчэньне ядзернай зброі ў Беларусі


Сьвятлана Ціханоўская, архіўнае фота
Сьвятлана Ціханоўская, архіўнае фота

Дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская накіравала ў Раду бясьпекі ААН ліст, у якім заклікала прадухіліць разьмяшчэньне на тэрыторыі Беларусі расейскай ядзернай зброі, паведамляе яе прэс-служба.

У лісьце Ціханоўская адзначыла, што яшчэ пасьля пачатку палітычнага і гуманітарнага крызісу ў Беларусі ў 2020 годзе беларускія дэмакратычныя сілы «заклікалі да рашучых крокаў для яго ўрэгуляваньня, перш чым ён ператворыцца ў рэальную пагрозу міжнароднаму міру і бясьпецы».

«З таго часу Лукашэнка захапіў замежны камэрцыйны самалёт, учыніў міграцыйны крызіс на мяжы з Эўразьвязам, стаў суагрэсарам у вайне супраць Украіны і працягвае падвяргаць рэпрэсіям тысячы беларусаў. Цяпер ён дазваляе Расеі выкарыстоўваць нашу зямлю для аднаўленьня глябальнай гонкі ўзбраеньняў. (...)

Відавочна, што падыход «пачакаем і ўбачым» не працуе. Гэтае разгортваньне [ядзернай зброі] павінна быць папярэджана, і накіраваныя на гэта дзеяньні павінны пачацца тут, у Радзе Бясьпекі, у органе, які быў створаны Статутам ААН «каб выратаваць наступныя пакаленьні ад бедзтваў вайны», — заявіла Ціханоўская.

У лісьце яна заклікае міжнародную супольнасьць запатрабаваць ад Расеі «спыніць гэтае пагрозьлівае разгортваньне» і ўвесьці «адэкватныя і жорсткія санкцыі» ў дачыненьні да рэжымаў Лукашэнкі і Пуціна «як супраць яўных пагрозаў міжнароднаму міру і бясьпецы».

Таксама Ціханоўская падкрэсьліла, што заклікае сьвет «запатрабаваць вываду расейскіх войскаў зь Беларусі і спыненьня ўдзелу Беларусі ў расейскай агрэсіі супраць Украіны» і падтрымлівае патрабаваньне Ўкраіны пазбавіць Расею статусу сталага сябра Рады Бясьпекі ААН».

  • Уладзімір Пуцін 25 сакавіка заявіў, што 1 ліпеня ў Беларусі скончаць будаўніцтва сховішча для тактычнай ядзернай зброі. Акрамя таго, Масква ўжо перадала Менску ракетны комплекс «Іскандэр», які можа выкарыстоўваць гэтую зброю.
  • Лукашэнка абгрунтоўваў разьмяшчэньне ядзернай зброі ў Беларусі патрэбай захаваньня сувэрэнітэту і незалежнасьці краіны. Ён таксама зазначыў, што аддаў распараджэньне вайскоўцам неадкладна аднавіць пляцоўкі, на якіх былі разьмешчаныя ядзерныя боегалоўкі.
  • 31 сакавіка на паседжаньні Рады бясьпекі ААН разгледзелі заяву прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна пра разьмяшчэньне ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі, якую ў Радзе бясьпекі расцанілі як «пагрозу міжнароднаму міру і бясьпецы».
  • На паседжаньні прадстаўнікі Расеі і Беларусі заявілі, што кантроль над ядзернай зброяй будзе ў Масквы, абвергшы словы Аляксандра Лукашэнкі, які сёньня заявіў, што кантроль над ядзернай зброяй на тэрыторыі Беларусі будзе ў беларускіх уладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG