Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін: Расея разьмесьціць у Беларусі тактычную ядзерную зброю


Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуіцін
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуіцін

1 ліпеня ў Беларусі скончыцца будаўніцтва сховішча для тактычнай ядзернай зброі. Пра гэта 25 сакавіка паведаміў прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін у эфіры тэлеканала «Россия-24».

Па словах Пуціна, Аляксандр Лукашэнка ўжо доўгі час прасіў яго разьмясьціць тактычную ядзерную зброю ў Беларусі. Акрамя таго, Масква ўжо перадала Менску ракетны комплекс «Іскандэр», які можа выкарыстоўваць гэтую зброю.

Яшчэ летась Лукашэнка заяўляў, што шэраг самалётаў беларускіх ВПС пераабсталявалі і яны могуць несьці ядзерныя ракеты. Пуцін сёньня удакладніў, што такіх самалётаў дзесяць.

Як вынікае зь ягоных слоў, рашэньне разьмясьціць ядзерную зброю ў Беларусі было канчаткова прынятае пасьля таго, як Вялікая Брытанія заявіла аб намеры прадставіць Украіне снарады з зьбедненым уранам, паколькі гэта «так ці інакш зьвязана з ядзернымі тэхналёгіямі».

21 сакавіка Мінабароны Вялікай Брытаніі анансавала, што разам з баявымі танкамі Challenger-2 адправіць ва Ўкраіну бранябойныя снарады, якія зьмяшчаюць зьбеднены ўран. У той жа дзень Уладзімір Пуцін падчас перамоваў з Сі Цзіньпінам у Крамлі адрэагаваў, што «калектыўны Захад пачынае ўжо прымяняць зброю з ядзерным кампанэнтам».

Аднак такія снарады не адносяцца да ядзернай зброі, сама Расея іх такімі ня лічыць, а Пуцін казаў, што ў Расеі ёсьць «сотні тысяч такіх снарадаў».


З інтэрвію Пуціна вынікае, што ракетны комплекс «Іскандэр» быў перададзены Беларусі да брытанскай заявы, гэтаксама як і пераабсталяваныя самалёты (пра гэта раней казаў і Лукашэнка). Будаўніцтва сховішча, праўдападобна, таксама пачалося раней, чым стала вядома аб плянах пастаўкі боепрыпасаў з зьбедненым уранам Украіне.

Пуцін дадаў, што 3 красавіка Масква пачне навучаць беларускія экіпажы рабоце з пераабсталяванымі для прымяненьня тактычнай зброі самалётамі.

Прэзыдэнт Расеі адзначыў, што Масква і Менск дамовіліся, што тактычная ядзерная зброя будзе разьмешчана там, не парушаючы абавязацельстваў у рамках Дамовы аб мерах па далейшым скарачэньні і абмежаваньню стратэгічных наступальных узбраеньняў.

Дакладнага вызначэньня тактычнай ядзернай зброі няма — мяркуецца, што гаворка ідзе аб ядзерных боепрыпасах меншай магутнасьці і аб носьбітах меншага радыюсу дзеяньня, чым у выпадку стратэгічнай (міжкантынэнтальнай) ядзернай зброі. Афіцыйны радыус дзеяньня ракет «Іскандэр» — да 500 км, гэта значыць ракеты, разьмешчаныя ў Беларусі, могуць пагражаць практычна ўсёй тэрыторыі Польшчы, а часткова таксама суседнім зь ёю краінам.

Што раней казаў Лукашэнка

У лютым 2022 года Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі ў выпадку пагроз з боку Захаду можа быць разьмешчана ядзерная зброя. Ён таксама адзначыў, што папросіць Расею стварыць ваенны цэнтар для асваеньня «Іскандэраў», таму што Беларусь плянуе купляць гэты тып узбраеньняў.

У чэрвені 2022 года падчас сустрэчы з Пуціным Лукашэнка прапанаваў прыняць «люстраныя меры ў ваеннай сфэры на дзеяньні Захаду» і «прыстасаваць» беларускія самалёты для нясеньня ядзерных зарадаў.

У жніўні 2022 Лукашэнка заявіў пра завяршэньне пераабсталяваньня беларускіх самалётаў пад магчымасьці нясеньня ядзернай зброі.

Сёлета 22 сакавіка ў Хатыні камэнтуючы намер Вялікай Брытаніі паставіць Украіне боепрыпасы з зьбедненым уранам, Лукашэнка заявіў, што «Расея паставіць нам боепрыпасы з сапраўдным уранам».

Як Беларусь стала бязьядзернай дзяржавай

У апошнія гады існаваньня СССР на тэрыторыі тагачаснай БССР базаваліся як стратэгічныя, так і тактычныя ядзерныя ўзбраеньні.

Стратэгічныя (далёкасьць палёту ракеты — больш як 10 тысяч км) налічвалі 81 боегалоўку. Тактычная ядзерная зброя фармавалася з больш як 1200 боегаловак. Кожная танкавая дывізія мела ракетны дывізіён, які мог нанесьці тактычны ядзерны ўдар зь некалькіх (звычайна чатырох) пускавых установак, далёкасьць палёту ракеты — да 120-130 км. Таксама ядзерную зброю мелі супрацьпаветраныя часткі і авіяцыя, якія базаваліся на тэрыторыі рэспублікі.

На момант абвяшчэньня незалежнасьці ў 1991 годзе ядзерны арсэнал Беларусі займаў паводле колькасьці 8-е месца ў сьвеце.

4 лютага 1993 году Вярхоўны Савет Беларусі прыняў шэраг рашэньняў, якія юрыдычна замацавалі статус краіны як бязьядзернай дзяржавы.

Тактычныя боегалоўкі пакінулі тэрыторыю Беларусі вясной 1992-га, а стратэгічныя — праз чатыры з паловай гады, увосень 1996-га.

Лукашэнка неаднаразова называў памылкай рашэньне аб вывадзе зь Беларусі ядзернай зброі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG