Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міжнародная асацыяцыя юрыстаў асудзіла закон аб сьмяротным пакараньні за «здраду дзяржаве», які ў Беларусі набывае моц 25 сакавіка


Беларускі вязень, якому прысудзілі сьмяротнае пакараньне (архіўнае фота)
Беларускі вязень, якому прысудзілі сьмяротнае пакараньне (архіўнае фота)

Паводле новага закону, сьмяротная кара можа быць прымененая да службовых асоб і вайскоўцаў, якія «здрадзілі дзяржаве».

Інстытут правах чалавека Міжнароднай асацыяцыі юрыстаў (IBAHRI) асуджае папраўкі ў Крымінальны кодэкс Беларусі, якія прадугледжваюць сьмяротнае пакараньне для дзяржаўных чыноўнікаў і вайскоўцаў, асуджаных за «здраду дзяржаве», такая заява зьмешчана на сайце арганізацыі.

Аляксандар Лукашэнка падпісаў зьмяненьні ў закон 9 сакавіка 2023 году. Папраўкі ў заканадаўчыя акты набудуць моц 25 сакавіка.

У арганізацыі адзначылі, што зацьвярджэньне Лукашэнкам паправак у заканадаўства, як мяркуецца, адбылося пасьля нападу беларускіх антываенных партызанаў на расейскі вайсковы самалёт у Мачулішчах, а таксама на фоне росту незадаволенасьці роляй Беларусі ва ўварваньні Расеі ва Ўкраіну, заходніх санкцый і падзеньня даходаў.

Палата прадстаўнікоў прыняла законапраект 7 сьнежня 2022 году. Згодна з папраўкамі ў Крымінальным кодэксе, «здрада дзяржаве» шырока вызначаецца як шпіянаж, пераход на бок праціўніка падчас вайны або ўзброенага канфлікту, а таксама выдаваньне дзяржаўных сакрэтаў Беларусі або іншых дзяржаў, або іншае садзейнічаньне замежнай дзяржаве, міжнароднай або замежнай арганізацыі або іх прадстаўнікам, накіраванае на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Беларусі. Крымінальны кодэкс Беларусі ўжо прадугледжвае сьмяротнае пакараньне за забойства, тэрарызм і нават замах на тэрарызм.

Сустаршыня IBAHRI Эн Рамберг заявіла:

«Мы рашуча асуджаем пашырэньне найвышэйшай меры пакараньня на дзяржаўных чыноўнікаў і вайскоўцаў за дзяржаўную здраду ў Беларусі. Такое развіцьцё падзей выклікае надзвычай вялікую заклапочанасьць, улічваючы тое, што прэзыдэнт Лукашэнка падтрымлівае ўварваньне Расеі ва Ўкраіну. Мы нагадваем беларускім уладам, што міжнароднае права ў галіне правоў чалавека не дазваляе прымяненьня сьмяротнага пакараньня за несьмяротныя або расплывіста акрэсьленыя злачынствы. Апошнія папраўкі ў Крымінальны кодэкс Беларусі не адпавядаюць гэтаму патрабаваньню».

У сваю чаргу Камітэт правоў чалавека ААН заявіў, што злачынствы, якія не прывялі непасрэдна і наўмысна да сьмерці, такія як палітычныя злачынствы, ніколі ня могуць служыць падставай для вынясеньня сьмяротнага пакараньня. Больш за тое, сьмяротнае пакараньне ня можа быць вынесена на падставе «невыразна акрэсьленых крымінальных палажэньняў, прымяненьне якіх да асуджанага залежыць ад субʼектыўных меркаваньняў або меркаваньняў па ўласным жаданьні, прымяненьне якіх немагчыма разумна прадбачыць».

Другі прадстаўнік IBAHRI, Марк Стывенс, пракамэнтаваў:

«Беларусь другі раз за менш чым год пашырыла прымяненьне сьмяротнага пакараньня, у той час як многія іншыя краіны рухаюцца да адмены. На фоне пагаршэньня сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, у тым ліку адвольных арыштаў і затрыманьняў праваабаронцаў, журналістаў, адвакатаў і палітычных апанэнтаў, а таксама адсутнасьці незалежнасьці судовай сыстэмы і гарантый справядлівага судовага разбору, нядаўняя папраўка ў Крымінальны кодэкс краіны, хоць і не выклікае зьдзіўленьня, тым ня менш выклікае непакой.

Мы заклікаем Беларусь перагледзець сваё заканадаўства ў адпаведнасьці са сваімі міжнародна-прававымі абавязаньнямі і заклікаем неадкладна ўвесьці мараторый на прымяненьне сьмяротнага пакараньня з мэтай яго адмены. IBAHRI зноў заяўляе пра сваю апазыцыю да сьмяротнага пакараньня пры любых абставінах».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG