Парталу «Зеркало» стала вядома, што Андрэй Пальчык, які раней кіраваў установай, больш не займае гэтую пасаду. Інфармацыю парталу паведамілі дзьве не зьвязаныя паміж сабой крыніцы.
— На пачатку сакавіка ў чаце, дзе размаўляюць родныя асуджаных, зьявілася інфармацыя, што Пальчык хутка ня будзе начальнікам ВК № 1, — кажа сваячка аднаго са зьняволеных, які знаходзіцца ў гэтай калёніі. — Пра гэта расказала адна зь дзяўчат, муж якой там сядзіць. Ёй трэба было падпісаць у Пальчыка заяву. Калі яна да яго прыехала, у начальніка ішла нарада. Яна доўга чакала. І ў гэты час пагутарыла з вартаўніком. Ён сказаў: «Вы выбралі найлепшы дзень. У Пальчыка сёньня апошні працоўны». Быццам бы гэта было 1 сакавіка. Пасьля гэтага іншыя таксама сталі пісаць у чаце, што на спатканьнях чулі ад родных пра сыход Пальчыка. Празь некалькі дзён зьявілася інфармацыя, што часовы выканаўца абавязкаў начальніка калёніі цяпер Вячаслаў Журко. Ён быў яго намесьнікам. Куды адчаліў Пальчык — невядома. Некаторыя пісалі, што, магчыма, яго перавялі.
Пра тое, што Андрэй Пальчык больш не начальнік ПК № 1, «Зеркалу» расказаў і экс-палітвязень Аляксандар Кабанаў, які адбываў у гэтай установе частку тэрміну.
— Недзе месяц таму Пальчыка адправілі начальнікам калёніі-пасяленьня, якая зараз будуецца або рэканструюецца. У якім горадзе, ня памятаю, — кажа Аляксандар Кабанаў. — Ёсьць цікавы нюанс: усе думалі, што Пальчык пойдзе начальнікам упраўленьня дэпартамэнту выкананьня пакараньняў МУС па Віцебскай вобласьці, гэта значыць на павышэньне. А тут яго адпраўляюць у калёнію-пасяленьне, якая рангам ніжэйшая за ПК.
Па словах Аляксандра Кабанава, цяпер абавязкі начальніка калёніі часова выконвае Вячаслаў Журко.
— Пры Пальчыку ён быў намесьнікам начальніка па апэратыўнай і рэжымнай працы, — адзначае суразмоўца.
З чым менавіта зьвязаны перавод Пальчыка з ПК № 1, Кабанаў дакладна ня ведае.
Што кажуць у калёніі
У прыёмнай начальніка ПК № 1, куды журналісты парталу патэлефанавалі як звычайныя грамадзяне, каб запісацца на прыём да кіраўніцтва, сказалі, што прыём грамадзян зараз праводзіць «выканаўца абавязкаў». Пытаньне, ці працуе яшчэ Пальчык, пакінулі без адказу.
Чым вядомая ПК № 1
У панядзелак, 20 сакавіка, стала вядома, што палітвязень Ігар Лосік, які цяпер знаходзіцца ў ПК № 1, спрабаваў скончыць жыцьцё самагубствам. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, Ігара адправілі ў ШЫЗА. Там ён доўгі час трымаў галадоўку, а потым парэзаў сабе рукі і шыю. Яго адправілі ў мэдсанчастку.
Учыніць суіцыд у ШЫЗА гэтай установы спрабаваў і экс-палітвязень Аляксандар Кабанаў. Раней у інтэрвію «Зеркалу» ён расказваў, што яго тройчы адпраўлялі ў штрафны ізалятар. Апошні раз умовы ў камэры аказаліся такія, што Кабанаў ня вытрымаў і брытвай парэзаў вены. Яму наклалі 68 швоў.
— Стан быў такі: альбо выйду адсюль інвалідам, альбо ня ведаю што, — прыгадваў Кабанаў.
Пра становішча ў калёніі ён расказваў так:
— Яшчэ да прыезду туды разумеў, што гэта за месца. Падчас этапаў я размаўляў зь людзьмі, якія ўжо пабывалі ў калёніях. Пра «адзінку» хадзілі самыя змрочныя чуткі. Наогул, калі я толькі туды (у ПК № 1. — заўв. «Зеркала») прыехаў, на мяне адразу ж склалі акт за расшпіленыя гузікі. За ім у той жа дзень другі: нібыта колькасьць фатаграфій, якія ў мяне былі, не адпавядае заяўленай у вопісе. Затым мяне паставілі мыць унітазы. Я адмовіўся — і мяне на месяц зачынілі ў ШЫЗА ў адзіночцы.
Гэта не адзіныя выпадкі жорсткага абыходжаньня ў ПК № 1, якія сталі вядомыя. У лютым 2023-га адзін з чытачоў расказаў «Зеркалу» пра інцыдэнт з расейцам Мікалаем Хролам, які адбываў пакараньне ў гэтай установе. Па словах суразмоўцы, зьняволенаму зламалі ключыцу, а потым яе не лячылі. «У выніку костка ня так зраслася і ўпіраецца ў горла», — казаў ён, дадаючы, што ў такім стане Мікалая прымушалі працаваць.