Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літоўская выведка: Беларусь утаіла інцыдэнты, якія адбыліся на АЭС у Астраўцы ў 2022 годзе


Беларуская АЭС у Астраўцы
Беларуская АЭС у Астраўцы

Паводле ацэнкі спэцыялістаў, якасна ліквідаваць дэфэкты можна было, толькі зьняўшы рэактар, аднак з палітычных прычын беларускія ўлады такі варыянт нават не разглядалі.

Паводле зьвестак літоўскай выведкі, Беларусь і «Росатом» утаілі інцыдэнты, якія адбыліся на Астравецкай АЭС (БелАЭС) у 2022 годзе, і дэфэкты сыстэм рэактараў. Пра гэта паведамілі 9 сакавіка ў ацэнцы пагроз нацыянальнай бясьпецы Літвы.

«У траўні 2022 г. сыстэмы кантролю БелАЭС устанавілі, што зьявіліся расколіны ў верхніх швах корпуса рэактара першага блёку. Паводле ацэнкі спэцыялістаў, якасна ліквідаваць дэфэкты можна, толькі зьняўшы рэактар, аднак з палітычных прычын такі варыянт нават не разглядалі. Тэхнічныя праблемы перашкаджалі запуску другога блёку.

Яго павінны былі запусьціць у эксплюатацыю ў 2022 г., але ў лютым 2022 году зафіксавалі хімічную зьмену складу вады, якая ахалоджвае рэактар блёку, вада была забруджаная смоламі. Канстатавалі, што мэханічным спосабам трэба пачысьціць усе трубы контуру і выгрузіць ядзернае паліва. (...) Цалкам імаверна, што дэфэкты тэхнічных дэталяў былі і пасьля запуску другога блёку.

„Росатом“ зацікаўлены ў пашырэньні свайго ўплыву за мяжой, у стварэньні залежнасьці ад тэхналёгій, якія прадастаўляюцца, але прыклад БелАЭС і выкліканыя ёю пагрозы паказваюць, што „Росатом“ ня можа гарантаваць надзейнасьць і бясьпеку сваіх тэхналёгій», — сказана ў дакумэнце.

Таксама зьвяртаюць увагу на праекты ў сфэры ядзернай энэргетыкі, якія «Росатом» ажыцьцяўляе за мяжой, — АЭС, якія будуюцца і абслугоўваюцца, пастаўкі прадуктаў урану. Адзначаюць, што большая частка даходаў карпарацыі паступае менавіта за кошт гэтай дзейнасьці.

«Так „Росатом“ ня толькі папаўняе бюджэт Расеі і ўмацоўвае ваенную моц краіны, але і спрыяе росту палітычнага ўплыву Расеі. Карпарацыя спрабуе захаваць свае пазыцыі ў сфэры атамнай энэргетыкі, запэўнівае, што пастаянна ўдасканальвае і ўкараняе прагрэсіўныя тэхналёгіі, якія гарантуюць высокія стандарты ядзернай бясьпекі. Па дадзеных выведкі, на самой справе тэхналёгіі кампаніі не без дэфэктаў, а кіраўніцтва „Росатома“ схільнае ўлічваць палітычныя інтарэсы расійскай улады. Сытуацыю ілюструюць інцыдэнты ў праекце „Росатома“ — БелАЭС — інцыдэнты, якія становяць пагрозу ядзернай бясьпецы і тым самым інтарэсам нацбясьпекі Літвы.

У красавіку 2022 г. першы блёк БелАЭС быў спынены для правядзеньня плянавага рамонту. Публічна паведамлялася, што пасьля спыненьня рэактара правядуць агляд і рамонт яго абсталяваньня, асноўных помпаў, генэратараў турбіны, зварачных швоў і інш. Пра ўстаноўленыя падчас работ дэфэкты БелАЭС публічна не паведамляла», — сказана ў дакумэнце.

У лютым 2023 стала вядома, што чарговы «плянава-папераджальны» рамонт на першым энэргаблёку БелАЭС заплянавалі на чацьвёрты квартал 2023 году, паведаміла Міністэрства энэргетыкі.

«У рамках рамонтных работ будзе выкананы пашыраны кантроль тэхналягічных сыстэм, кантроль мэталу абсталяваньня рэактарнага і турбіннага аддзяленьня, рэалізаваны іншыя мерапрыемствы. Будзе таксама праведзена чарговая перагрузка ядзернага паліва — яно пастаўлена ўжо генпадрадчыкам на пляцоўку БелАЭС і прайшло ўваходны кантроль», — гаворыцца ў паведамленьні прэс-службы ведамства.

Рамонтныя работы будуць весьці беларускія і расейскія арганізацыі.

Першы блёк БелАЭС пачаў выдаваць электрычнасьць у сетку 3 лістапада 2020 году. З улікам усіх плянавых і пазаплянавых адключэньняў парог у 9 млрд кВт·г аб'ект пераадолеў у сярэдзіне красавіка 2022 года, 10 млрд — у пачатку сьнежня. Каля шасьці з паловай месяцаў блёк прастойваў з прычыны рамонту, які зацягнуўся. Да сярэдзіны лютага выпрацоўка электраэнэргіі перавысіла 12 млрд кіляват-гадзін.

Што варта ведаць пра БелАЭС

  • Беларуская АЭС ад 2011 году ўзводзілі пад Астраўцом, што ў Горадзенскай вобласьці, за 22 км ад мяжы зь Літвой, за 50 км ад Вільні і за 125 км ад Менску.
  • Тэрміны запуску некалькі разоў пераносілі. Першапачаткова запуск плянаваўся на 2018 год, Лукашэнка пазьней заяўляў, што тэрміны сарвала Расея. Урэшце цырымонія запуску АЭС прайшла 7 лістапада 2020 году.
  • Для будаўніцтва абраны праект АЭС-2006 — тыповы расейскі праект атамнай станцыі новага пакаленьня з выкарыстаньнем вода-вадзянога энэргетычнага рэактара ВВЭР-1200. Паводле такога ж праекту збудаваныя блёкі Новаваронескай АЭС і Ленінградзкай АЭС-2, што працуюць у Расеі.
  • БелАЭС будуе расейская дзяржаўная кампанія «Росатом» за кошт крэдыту Расеі. Беларусь пазычыла да 10 млрд даляраў для фінансаваньня 90% кошту будаўніцтва двух энэргаблёкаў АЭС. Пагашэньне крэдыту пачынаецца праз 6 месяцаў з даты ўводу АЭС у эксплюатацыю, але не пазьней за 1 красавіка 2021 году. Беларусь папрасіла Расею падоўжыць крэдыт на 10 гадоў.
  • На станцыі будуць два энэргаблёкі з рэактарамі ВВЭР-1200 (В-491) магутнасьцю да 1200 МВт кожны. Праектная магутнасьць АЭС — 2,4 тысячы МВт. Калі АЭС запрацуе на поўную магутнасьць, станцыя дасьць 18 мільярдаў кіляват-гадзін на год — палову таго, колькі цяпер спажывае Беларусь.
  • Літва ня раз ставіла пад сумнеў абраньне для будаўніцтва АЭС астравецкай пляцоўкі. Краіна называла 10 прычын, каб не будаваць БелАЭС, абвінавачвала беларускія ўлады ва ўтойваньні інфармацыі пра станцыю. Літва пратэстуе супраць БелАЭС на найвышэйшым дзяржаўным узроўні, выказвае пратэсты ў міжнародных структурах. Літву падтрымлівае прэзыдэнтка Эстоніі.
  • Пляцоўка Астравецкай АЭС была прызнаная небясьпечнай яшчэ ў 1993 годзе. Тады было знойдзена 7 прыдатных пляцовак, 15 умерана прыдатных і 6 непрыдатных. Астравецкая пляцоўка трапіла ў лік апошніх.
  • Улады і чыноўнікі Беларусі нясьпешна рэагуюць на паведамленьні пра інцыдэнты на будаўніцтве ўласнай атамнай станцыі. Звычайна пра здарэньні на БелАЭС афіцыйна расказваюць толькі пасьля таго, як зьвесткі пра іх зьяўляюцца ў СМІ — так, пра падзеньне корпуса рэактара расказалі толькі пасьля міжнароднага ціску. Урэшце корпус, які ўпаў, замянілі (расейцы зьбіраюцца выкарыстаць яго на іншай АЭС). Новы выпадкова стукнулі аб слуп, але пашкоджаньняў ня выявілі, вырашылі не мяняць корпус другі раз.
  • Адпрацаванае ядзернае паліва зь БелАЭС застанецца ў Беларусі. Эколягі сьцьвярджаюць, што Беларусь выбірае самы дарагі і небясьпечны спосаб захоўваць адпрацаванае паліва з АЭС.
  • У сакавіку 2023 літоўская выведка заявіла, што Беларусь і «Росатом» у мінулым годзе схавалі інцыдэнты і дэфэкты ў рэактарных сыстэмах на першым і другім энэргаблёках. У Міністэрстве энэргетыкі Беларусі адпрэчылі абвінавачаньні і заявілі, што такі даклад ёсьць «мэтанакіраванай акцыяй па дыскрэдытацыі БелАЭС».
  • Паводле словаў фізыка-атамніка Андрэя Ажароўскага, спыніць станцыю зараз будзе вельмі дорага. Пры гэтым ён схільны давяраць паведамленьням літоўскай выведкі. Шэраг ускосных прыкметаў сьведчыць аб тым, што на Астравецкай АЭС дзясяткі тысяч недаробак.
  • Ад пачатку працы АЭС у Беларусі і на пачатак лістападу 2023 электрычнасьць падаражэла на 21–22% у залежнасьці ад тарыфу.
  • Першы энэргаблёк АЭС сілкуе энэргасыстэму Беларусі з 3 лістапада 2020 году (прамыслова эксплюатуецца з чэрвеня 2021), другі — з 13 траўня 2023 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG