У прэсавай службе СБУ адказалі на просьбу Свабоды пракамэнтаваць заявы Аляксандра Лукашэнкі, зробленыя 7 сакавіка аб інцыдэнце з расейскім самалётам на вайсковым аэрадроме ў Мачулішчах і затрыманьнях нібыта выканаўцаў гэтых дзеяньняў.
«Служба бясьпекі Ўкраіны ня мае намераў камэнтаваць словы чалавека, які называе сябе прэзыдэнтам Беларусі. Што ж датычыць любых выпадкаў „бавоўны“, то пра яе мы зможам дэтальна пагаварыць пасьля нашай перамогі», — сказалі Свабодзе ў прэсавай службе СБУ.
Ва Ўкраіне «бавоўнай» называюць усе выбухі, якія адбываюцца за межамі Ўкраіны і на часова акупаваных Расеяй тэрыторыях. Цяпер гэтае слова нефармальна абазначае «выбух». «Фабрыка» расейскіх троляў карысталася інтэрнэт-перакладчыкам для масавага закідваньня прарасейскіх паведамленьняў на ўкраінскай мове, і расейскае слова «хлопóк» было ўспрынята штучным інтэлектам як расьліна «хлóпок», што на ўкраінскую і беларускую перакладаецца як «бавовна/бавоўна».
Дарадца кіраўніка офіса прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага Міхайла Падаляк таксама адрэагаваў на заявы Лукашэнкі:
«Трэба вызначыцца з азначэньнямі. Тэракт — гэта калі ракеты абстрэльваюць ўкраінскія гарады з тэрыторыі Беларусі. Дывэрсія — калі ДРГ заяжджаюць з боку беларускай мяжы. Напад на самалёт-карэктавальнік А-50 — гэта антытэрарыстычны акт, які, дарэчы, зьдзейсьнілі мясцовыя партызаны».
У Цэнтры супрацьдзеяньня дэзынфармацыі пры Радзе нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны назвалі заяву Аляксандра Лукашэнкі цынічнай, бо ён такім чынам «выстаўляе сябе ахвярай вайны і паказвае свайму насельніцтву, што ён супраць вайны, хоць ужо больш як год спрыяе расейскай агрэсіі».
«Паплечнік Пуціна таксама раскрыў хлусьню сваёй прапаганды, што пашкоджаньняў (самалёта) не было ўвогуле»,— адзначылі ў Цэнтры супрацьдзеяньня дэзынфармацыі.
Сёмага сакавіка Аляксандар Лукашэнка ўпершыню пракамэнтаваў інцыдэнт з расейскім самалётам у Мачулішчах, пра які стала вядома 26 лютага 2023 году.
Ён паведаміў, што ў Беларусі нібыта затрымалі «тэрарыста ўкраінскіх спэцслужбаў і ягоных паплечнікаў», адказных за інцыдэнт.
- 26 лютага 2023 году ByPol і лідэры апазыцыі ў выгнаньні паведамілі, што расейскі самалёт далёкага радыёлякацыйнага выяўленьня і кіраваньня А-50У быў пашкоджаны ў выніку атакі бесьпілётнікаў на авіябазу ў Мачулішчах.
- Група ByPol паведаміла пра два выбухі і пашкоджаньне пярэдняй і сярэдняй частак А-50, а таксама антэны радара.
- Паводле ByPol, удзельнікі пляну «Перамога» скарысталі для гэтага два дроны кампаніі DJI, якія саматужна пераабсталявалі ў дроны-камікадзэ. Кожны дрон нёс выбуховае рэчыва — 200 грамаў у тратылавым эквіваленце. Скарысталі мэталічныя шары, прыблізна 200 штук на кожны.
- Увечары 1 сакавіка дзяржаўныя тэлеканалы паказалі відэа з самалётам А-50, сьцьвярджаючы, што ён не пашкоджаны. На ім самалёт рухаецца ў цемры па засьнежанай бэтоннай паверхі аэрадрому.
- 2 сакавіка праект «Беларускі Гаюн» паведаміў, што расейскі самалёт далёкага радыёлякацыйнага выяўленьня і кіраваньня А-50У з рэгістрацыйным нумарам RF-50608 вылецеў у Расею.
- Роля самалёта А-50 — ствараць пазнавальную карціну паветранай абстаноўкі і забясьпечваць каардынацыю дзеяньняў зьнішчальнікаў.
- Нягледзячы на тое, што пашкоджаньні афіцыйна не пацьверджаныя, брытанская выведка адзначае, што страта А-50 была б значнай для РФ, бо самалёт мае вырашальнае значэньне для расейскіх паветраных апэрацый у стварэньні карціны паветранай прасторы.