Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўніца Міжнароднага гуманітарнага фонду патлумачыла, чаму зь яго выключылі BуSol


Бэрыт Ліндэман, архіўнае фота
Бэрыт Ліндэман, архіўнае фота

На другім Кангрэсе па палітычных зьняволеных Беларусі, які праходзіць у Варшаве, кіраўніца Нарвэскага хэльсынскага камітэту і сябра рады Міжнароднага гуманітарнага фонду (МГФ) Бэрыт Ліндэман патлумачыла, чаму з МГФ днямі выключылі фонд салідарнасьці BySol.

«Паслухайце, рассылаць інтымныя фота 12 дзяўчатам — гэта непрымальна, —цытуе „Люстэрка“ выказваньні Ліндэман адносна дзеяньняў сузаснавальніка BySol Андрэя Стрыжака. — Мы б хацелі, каб BySol як арганізацыя справіўся з гэтай сытуацыяй лепш. Мы былі гатовы да таго, каб BySol працягнуў працу ў Фондзе, але без Андрэя Стрыжака на кіраўнічых пасадах. Яны спрабавалі гэта зрабіць спачатку, але Стрыжак не пагадзіўся, і ў выніку ўсё скончылася так, як скончылася. Мне вельмі шкада, у іх былі валянтэры і актывісты, якія рабілі выдатную працу, але вось так выйшла».

24 верасьня BySol абвясьціў што Андрэй Стрыжак застаецца ў фондзе на шасьцімесячны выпрабавальны тэрмін у якасьці кансультанта, але адхілены ад усіх кіраўнічых, прадстаўнічых і ўстаноўчых функцый. Пасьля гэтага рашэньня тры чалавекі пакінулі каманду BySol. 26 верасьня стала вядома, што BySol быў аднагалосна выключаны са складу МГФ.

Ліндэман таксама выказалася пра ранейшае рашэньне МГФ спыніць супрацоўніцтва зь іншай іныцыятывай, якая дапамагае рэпрэсаваным беларусам, ByHelp. Яна казала, што праца ва ўмовах рэпрэсій стварае пастаянны канфлікт паміж неабходнасьцю захоўваць бясьпеку і патрэбай у фінансавым кантролі.

«Усе вы ведаеце, што з ByHelp усё пайшло ня так гладка. Было вельмі крыўдна бачыць, што ў іх дакумэнтацыя была не ў парадку, і мы не маглі працягваць іх фінансаваць. Адной з прычын, чаму ім не дазволілі працягваць працу ў рамках Фонду, было наша незадаволенасьць іх мерамі бясьпекі», — патлумачыла яна.

Раней стала вядома, што ў жніўні 2024 году сілавікі ў Беларусі атрымалі доступ да некаторай інфармацыі з базы ByHelp, што магло прывесьці да затрыманьняў. Пасьля гэтага Нарвэскі хэльсынкскі камітэт правёў праверку, якая выявіла праблемы з дакумэнтацыяй, фінансавай справаздачнасьцю і пратаколамі бясьпекі ў ByHelp. У ліпені 2025 году ініцыятыва аб’явіла аб сваім выхадзе з МГФ.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG