Цяпер беларуская баскетбалістка Алена Леўчанка пераехала ў Лос-Анджэлес і пачала працаваць у кампаніі спартовага адзеньня Nike. Пра гэта яна паведаміла ў сацсетках:
«Апошні месяц быў такі насычаны, што я выпала з Інстаграм. Пераезд у Лос-Анджэлес, сытуацыя, у якой я была за крок ад аварыі, ну і самае галоўнае — мой новы шлях і новае пачынаньне — праца ў Nike. Калі пачынаеш новы шлях — гэта заўсёды складана і хвалююча, але вельмі цікава. Веру, што ўсё атрымаецца», — напісала Леўчанка.
Алена Леўчанка — адна з найлепшых спартсмэнак у гісторыі беларускага баскетболу. У жніўні 2020 году яна падпісала адкрыты ліст спартсмэнаў з патрабаваньнем правесьці новыя выбары, а пасьля ўвайшла ў Свабоднае абʼяднаньне спартсмэнаў Беларусі.
Увосень 2020-га Алена правяла ў менскім ізалятары на Акрэсьціна 15 сутак. Яна зьехала зь Беларусі ў Грэцыю, а ў лістападзе 2022 году абвясьціла пра завяршэньне спартовай карʼеры.