Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інстытут вывучэньня вайны: украінскае войска адводзіць падразьдзелы з Бахмуту, але расейцы гораду пакуль не захапілі


Бахмут Данецкай вобласьці. 27 лютага 2023
Бахмут Данецкай вобласьці. 27 лютага 2023

Тым часам у Расеі паведамілі, што міністар абароны Сяргей Шайгу наведаў акупаваны Марыюпаль.

Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) мяркуюць, што вывад украінскіх войскаў з Бахмута Данецкай вобласьці зьяўляецца хутчэй тактычным, чым канчатковым.

«Ацэньваць намеры Ўкраіны адносна поўнага адыходу з горада пакуль рана. Украінскія войскі могуць адыходзіць са сваіх пазыцый на ўсходнім беразе ракі Бахмутка, улічваючы нядаўнія геалякаваныя кадры разбурэньня чыгуначнага моста праз раку ў паўночна-ўсходнім Бахмуце 3 сакавіка», — адзначаецца ў справаздачы Інстытуту вывучэньня вайны.

Паводле экспэртаў, украінская абарона Бахмута застаецца стратэгічна трывалай, паколькі яна працягвае зьнішчаць расейскую жывую сілу і тэхніку.

«Украінскія сілы наўрад ці выйдуць з Бахмуту адразу і могуць працягваць паступовы адыход з баямі, каб зьнясіліць расейскія сілы працяглай вайной у горадзе. Расейскія войскі наўрад ці змогуць хутка заваяваць значныя тэрыторыі пры вядзеньні баявых дзеяньняў у горадзе, дзе ўкраінскія сілы маюць лепшыя пазыцыі для нанясеньня ўдараў па праціўніку, які вядзе наступ», — патлумачылі яны.

Украінскія вайскоўцы ў Бахмуце Данецкай вобласьці. 25 лютага 2023
Украінскія вайскоўцы ў Бахмуце Данецкай вобласьці. 25 лютага 2023

У справаздачы ISW адзначаецца, што вядзеньне баявых дзеяньняў у горадзе можа яшчэ больш пагоршыць і без таго зьнясіленыя расейскія сілы, як гэта адбылося ў выніку адыходу Ўкраіны зь Севераданецку і Лісічанску, які фактычна завяршыў наступальныя апэрацыі Расеі ў Луганскай і Данецкай абласьцях летам 2022 году.

«Расейскі наступ на Бахмут, хутчэй за ўсё, завершыцца незалежна ад таго, захопяць расейскія войскі горад ці не, але расейскім вайскоўцам будзе цяжка падтрымліваць любыя наступныя апэрацыі цягам некалькіх месяцаў», — мяркуюць у Інстытуце вывучэньня вайны.

Экспэрты мяркуюць, што ў расейцаў няма магчымасьці значна ўзмацніць раён Бахмута без адцягваньня сіл зь іншай лініі фронту праз адсутнасьць рэзэрваў.

«Расейскія намаганьні супраць Бахмуту не спрыяюць дасягненьню апэратыўных ці стратэгічных мэтаў расейскіх вайскоўцаў на полі бою, і значная ўкраінская абарона ў ваколіцах падрывае любое тактычнае значэньне, якое, магчыма, мае для расейцаў захоп Бахмуту. Украінскія сілы будуць мець магчымасьць перахапіць ініцыятыву на полі бою і пачаць контранаступ, калі расейскія намаганьні вакол Бахмуту дасягнуць кульмінацыі да або пасьля захопу горада», — адзначаецца ў справаздачы ISW.

«Расея выводзіць на поле бою тэхніку, узятую на ўзбраеньне ў 1954 годзе»

У выведцы Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі заўважылі, што Расея пасьля вялікіх страт у тэхніцы вымушана перакідваць на поле бою танкі Т-62 і бронетранспартэры БТР-50. Гэтая тэхніка паступіла на ўзбраеньне расейскай арміі адпаведна 60 і 70 гадоў таму.

«Існуе рэальная імавернасьць, што нават падразьдзелы 1-й гвардзейскай танкавай арміі, якая лічыцца галоўным танкавым войскам Расеі, будуць перааснашчаныя танкамі Т-62, каб кампэнсаваць ранейшыя страты», — адзначылі брытанскія выведнікі.

Зьнішчаная расейская вайсковая тэхніка пад горадам Ізюм Харкаўскай вобласьці. 13 верасьня 2022 году. Ілюстрацыйнае фота
Зьнішчаная расейская вайсковая тэхніка пад горадам Ізюм Харкаўскай вобласьці. 13 верасьня 2022 году. Ілюстрацыйнае фота

Паводле іх, Расея летам 2022 году зьняла гэтыя танкі з кансэрвацыі і магла частку зь іх мадэрнізаваць, аснасьціўшы новым прыцэлам. У апошнія дні ўпершыню на лініі фронту ідэнтыфікавалі бронетранспартэры БТР-50.

«Абодва тыпы састарэлай вайсковай тэхнікі будуць мець шмат уразьлівых месцаў на сучасным полі бою, у тым ліку адсутнасьць сучаснай дынамічнай брані», — удакладнілі ў вайсковай выведцы Вялікай Брытаніі.

Генштаб Украіны: украінскае войска адбіла амаль 100 атак расейцаў на ўсходзе

У Генэральным штабе Ўзброеных сіл Украіны пакуль не паведамлялі аб адводзе сваіх войскаў з Бахмуту. Вайсковае кіраўніцтва наадварот падтрымлівае інфармацыю аб пасьпяховым адбіцьці атак у Данецкай і Луганскай абласьцях.

«Расейская Фэдэрацыя асноўныя намаганьні факусуе на вядзеньні наступальных дзеяньняў на купянскім, бахмуцкім, ліманскім, аўдзееўскім і шахтарскім кірунках. За мінулыя содні нашы вайскоўцы адбілі больш як 95 атак супраціўніка на гэтых кірунках, у тым ліку ў раёне Бахмуту», — адзначаецца ў паведамленьні Генэральнага штабу Ўкраіны.

Шайгу наведаў акупаваны Марыюпаль

Міністэрства абароны Расеі паведаміла аб нібыта зьнішчэньні некалькіх камандных пунктаў і артылерыйскай тэхнікі ўкраінскага войска. Паведамленьні аб прасоўваньні расейскага войска ў Данецкай і Луганскай вобласьці адсутнічаюць.

На тле фактычна пазыцыйнай вайны міністар абароны Расеі наведаў Марыюпаль. Аднак дакладнай даты ягонай паездкі ў Данецкую вобласьць не называюць. У Міністэрстве абароны Расеі паведамілі, што Сяргей Шайгу «ў рамках працоўнай паездкі ў зону спэцыяльнай ваеннай апэрацыі праверыў працу Вайскова-будаўнічага комплексу Мінабароны Расеі ў аднаўленьні інфраструктуры Данбасу».

Разбураны ў выніку расейскіх абстрэлаў Марыюпаль. 9 лістапада 2022 году. Ілюстрацыйнае фота
Разбураны ў выніку расейскіх абстрэлаў Марыюпаль. 9 лістапада 2022 году. Ілюстрацыйнае фота

У Расеі паведамілі, што ў захопленым Марыюпалі пабудавалі «шматфункцыянальны мэдычны цэнтар, ратавальны цэнтар і 12 пяціпавярховых жылых дамоў». Цяпер нібыта будуюць вялікі вадавод, які мусіць аб’яднаць Растоўскую і Данецкую вобласьць для забесьпячэньня гэтага рэгіёну вадой.

Праз вайсковыя дзеяньні і абмежаваньні для працы прадстаўнікоў СМІ ў Марыюпалі праверыць гэтыя зьвесткі немагчыма.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG