Колькасьць мабілізаваных на вайну з Украінай расейцаў можа перавышаць названую ўладамі — 300 тысяч чалавек — і складаць каля паўмільёна. Гэта сьцьвярджае «Медиазона», спасылаючыся на дадзеныя ўласнага дасьледаваньня аб колькасьці тэрміновых вясельляў, якія згулялі тыя, хто атрымаў позвы восеньню мінулага году.
Гэта працяг першага дасьледаваньня «Медиазоны», апублікаванага каля чатырох месяцаў таму. Як піша выданьне, новыя зводкі загсаў дазволілі ўдакладніць ацэнку колькасьці прызваных. «Медиазона» называе лічбу 527 тысяч чалавек. Пасьля пачатку так званай частковай мабілізацыі 21 верасьня мінулага году мужчынам, якія атрымалі позву, дазволілі жаніцца ў паскораным парадку — не пасьля месячнага чаканьня, як звычайна, а адразу.
«Гэтым масава скарысталіся мабілізаваныя, якія доўгі час жылі разам, але не афармлялі сваіх стасункаў», — піша «Медиазона», адзначаючы, што муж і жонка маюць магчымасьць наводзіць даведкі аб сваіх мужах, а таксама разьлічваць на кампэнсацыі ў выпадку іх гібелі на фронце.
У канцы кастрычніка прызыў па мабілізацыі афіцыйна завяршыўся, але афармленьне шлюбаў адным днём працягнулася. Так, у Саратаўскай вобласьці ў сьнежні, гэта значыць празь месяц пасьля заяў аб заканчэньні мабілізацыі, было зарэгістравана 117 шлюбаў з удзелам мабілізаваных, а ў Омскай — 89.
«Медиазона» таксама спасылаецца на дадзеныя Расстату, якія паказваюць рэзкае павелічэньне колькасьці рэгістрацый шлюбу ў 2022 годзе ў параўнаньні з папярэднім годам. У лістападзе іх было больш на 45 тысяч, чым годам раней, а ў сьнежні — на 16 тысяч. Выданьне, аднак, адзначае, што не ва ўсіх выпадках гаворка ідзе пра мабілізаваных. «Медиазона» вылічыла магчымую колькасьць мабілізаваных на падставе дадзеных з 50 рэгіёнаў, у якіх ажаніліся амаль 25 тысяч мужчын, якія атрымалі позву.
Абапіраючыся на дадзеныя аб колькасьці мужчын прызыўнога ўзросту, якія не былі ў шлюбе, «Медиазона» прыходзіць да высновы, што ў гэтых рэгіёнах прызвалі каля 240 тысяч чалавек, а па ўсёй Расеі — каля 525 тысяч. Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін і іншыя расейскія кіраўнікі сьцьвярджалі, што прызваны былі 300 тысяч чалавек, яшчэ каля 20 тысяч пайшлі ў войска як добраахвотнікі.