Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МУС: «Працуем на апярэджаньне». У Менску затрымалі каля 80 чалавек, нібыта на сустрэчах суполкі «Родан»


Ілюстрацыйнае фота. Павукі на кашулях расейскіх удзельнікаў групы «Родан»
Ілюстрацыйнае фота. Павукі на кашулях расейскіх удзельнікаў групы «Родан»

Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі агучыла колькасьць затрыманых у Менску 1 сакавіка імаверных прыхільнікаў руху «Родан». Раней пра затрыманьні ў Гомлі, Менску, Воршы і Берасьці паведамілі СМІ.

У Менску 1 сакавіка ў сувязі з анансаванымі сустрэчамі прыхільнікаў «Родану» затрымалі каля 80 чалавек, 15 зь іх паўналетнія, паведаміў міністар унутраных спраў Іван Кубракоў, піша БелТА. Паводле яго, паўналетніх удзельнікаў сустрэчы прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасьці. МУС лічыць, што яны каардынавалі моладзь.

Таксама Кубракоў заявіў пра затрыманьне адміністратараў беларускіх паблікаў, зьвязаных з «Роданам», і «блогераў, якія паспрабавалі хайпануць на гэтай тэме». «Усе яны затрыманыя, асабліва тыя, хто заклікаў сабрацца ў пэўным месцы», — заявіў міністар.

Кіраўнік МУС адзначыў, што з 22 лютага рух «вельмі хутка распаўсюджваецца па ўсёй тэрыторыі Беларусі».

«Наша задача — ня даць зламаць лёс нашых дзяцей! Дзеля гэтага працуем на апярэджаньне, разам з пэдагогамі. Учора, напрыклад, былі заклікі сабрацца ў Менску ля гандлёвых цэнтраў. Мы перашкодзілі гэтаму», — заявіў Кубракоў.

УУС Берасьцейскага аблвыканкаму раней паведаміў пра затрыманьне ў Берасьці 1 сакавіка прыхільнікаў моладзевага субкультурнага руху «Родан», якія сабраліся «па закліках, апублікаваных сацыяльных сетках і мэсэнджарах, паблізу буйных гандлёвых цэнтраў». Паводле сілавікоў, затрымалі 52 чалавекі, зь іх 41 непаўналетні.

СМІ паведамлялі таксама пра затрыманьні 1 сакавіка прыхільнікаў руху ў Менску і Воршы, але колькасьць затрыманых была невядомая.

28 лютага ў Гомлі міліцыя затрымала 200 чалавек (183 зь іх непаўналетнія), якія прыйшлі на анансаваную ў сацсетках сустрэчу прыхільнікаў «Родан». Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу паводле арт. 342 КК (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак). Непаўналетніх перадалі бацькам.

Пра ПВК «Родан»

ПВК «Родан» — зусім маладая субкультура, якая, тым ня менш, ужо «нарабіла шораху». Аснову прыхільнікаў руху складаюць падлеткі — аматары японскага анімэ. Рух названы ў гонар злачыннай арганізацыі «Геней Родан», альбо «Павукі», зь японскай анімэ Hunter x Hunter.

Абавязковым атрыбутам роданаўцаў зьяўляюцца чорная валасы, байкі з выявай павука, а таксама клятчастыя нагавіцы. Іх галоўны пасыл — не перашкаджайце нам выглядаць так, як мы хочам.

Сваімі галоўнымі праціўнікамі роданаўцы называюць «офнікаў». Часьцей за ўсё пад «офнікамі» маюцца на ўвазе моцныя падлеткі, які наводзяць страх на сваім раёне, школе ці іншай тэрыторыі, якія шукаюць любой магчымасьці, каб пабіцца. Сярод «офнікаў» няма нейкай канкрэтнай палітычнай ідэалёгіі, часта сярод іх сустракацца футбольныя фанаты, але гэта не абсалютна тоесныя паняткі.

Прыхільнікі «Родану», як і прадстаўнікі іншых моладзевых субкультур, часьцей за ўсё зьбіраюцца на фудкортах вялікіх гандлёвых цэнтраў. Там адбываюцца канфлікты і сутычкі зь іншымі субкультурамі. Менавіта зьбірацца ў гандлёвых цэнтрах і арганізоўваць бойкі з «офнікамі» заклікалі «павучыныя» суполкі як у Беларусі, так і ў Расеі з Украінай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG