Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьняволенага Ігара Лосіка выклікаюць асабіста зьявіцца ў Баранавіцкі суд


Ігар Лосік падчас працэсу, у цэнтры
Ігар Лосік падчас працэсу, у цэнтры

Палітвязень атрымаў адзін ліст ад жонкі Дар’і. Неўзабаве ў яго мае быць доўгатэрміновае спатканьне з бацькамі.

Як стала вядома Свабодзе, палітвязьня і журналіста Свабоды Ігара Лосіка, які быў затрыманы 25 чэрвеня 2020 году і адбывае 15-гадовае пакараньне ў Наваполацкай калёніі № 1, выклікаюць асабіста зьявіцца ў суд Баранавіцкага раёну 3 сакавіка. Судовы выканаўца паведамляе, што будзе разглядацца справа аб спагнаньні доўгу. У выпадку няяўкі пагражаюць зьдзейсьніць прымусовы прывод з дапамогай міліцыі, напісана ў позьве.

Частка маёмасьці сям’і Лосікаў арыштаваная ў лік пагашэньня доўгу

Акрамя велізарных тэрмінаў, фігуранты «справы Ціханоўскага» павінны сплаціць 22 мільёны рублёў кампэнсацыі — як пазначана ў судовым рашэньні, «для выплат супрацоўнікам Міністэрства ўнутраных справаў за дадатковы час на службе падчас пасьлявыбарчых пратэстаў».

У сярэдзіне ліпеня 2022 года дадому да Ігара ў Баранавічах прыйшлі судовыя выканаўцы. Яны паказалі ягонай жонцы Дар’і дакумэнт, згодна зь якім маюць права арыштаваць маёмасьць у лік пагашэньня доўгу Ігара перад дзяржавай.

На маёмасць сям’і Лосікаў (у тым ліку на піяніна, якое падаравалі Дар’і бацькі, калі яна была дзіцём, бытавую тэхніку і мэблю) у ліпені 2022 года быў накладзены арышт. Каб выкупіць сваю арыштаваную дзяржавай маёмасьць, Ігар Лосік павінен атрымаць дазвол. Упраўленьне прымусовага выкананьня Берасьця не дало ні станоўчага, ні адмоўнага адказу на заяву палітвязьня, і ягоную маёмасьць мелі выставіць на аўкцыён.

Цяпер вось Ігара асабіста выклікаюць у суд.

З прычыны бюракратычных перашкодаў дачка Ігара наўрад ці пабачыць бацьку

У сакавіку ў Ігара Лосіка мае быць доўгатэрміновае спатканьне з бацькамі. Палітвязень просіць іх прывезьці да яго 4-гадовую дачку Паўлінку. 4-гадовая дзяўчынка засталася без абодвух бацькоў, якія прызнаныя палітвязьнямі і адбываюць пакараньні. Але празь бюракратычныя перашкоды Паўлінка наўрад ці пабачыць бацьку. Як тлумачаць юрысты, дзіця паводле закону можа наведаць аднаго бацьку ў калёніі альбо з мамай, альбо з апекунамі.

Маці дзяўчынкі Дар’я Лосік за кратамі, 19 студзеня 2022 году судзьдзя Берасьцейскага абласнога суду Мікалай Грыгаровіч асудзіў яе на 2 гады пазбаўленьня волі. Апякунства над унучкай аформілі бацькі Дар’і. Яны ня могуць паехаць на спатканьне да зяця, бо ня ёсьць блізкімі сваякамі Ігара. А іншыя дзядуля і бабуля — бацькі Ігара — ня могуць узяць Паўлінку з сабой да яго, бо фармальна яны ня ёсьць апекунамі сваёй унучкі.

Як расказаў сябра сям’і, бабулі і дзядулі шмат фатаграфуюць дзяўчынку, раздрукоўваюць фота і адпраўляюць і Дар’і, і Ігару ў СІЗА і калёнію. Паўлінка малюе бацькам карцінкі, якія таксама шлюць за краты.

Ігар і Дар’я Лосікі атрымалі па адным лісьце адно ад аднаго

Пасьля абвешчаньня прысуду Дар’і Лосік сужэнцам дазволілі ліставацца паміж сабой. Ігар напісаў жонцы з Наваполацкай калёніі больш за 20 лістоў. Калі Даша была ў СІЗА Берасьця, ёй не аддалі ніводнага зь іх. У Баранавічах адзін ліст ад Ігара Дашы аддалі. Ігар таксама атрымаў адзін ліст ад жонкі.

Вярхоўны суд прызначыў дату разгляду апэляцыі Дар’і Лосік — 21 сакавіка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG