Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Няма людзей з жалеза, зь іншай цьвёрдасьці, але ёсьць людзі гонару і годнасьці». Мікола Статкевіч 1000 дзён за кратамі


Мікола Статкевіч. Каляж
Мікола Статкевіч. Каляж

Палітвязень, кандыдат тэхнічных навук, падпалкоўнік да 2020 году ўжо правёў у турме і на «хіміі» амаль 8 гадоў — гэта своеасаблівы рэкорд у палітычных прысудах.

Аднаго дзеда расстралялі фашысты, другога — камуністы

Мікола Статкевіч нарадзіўся 12 жніўня 1956 году ў вёсцы Лядна Слуцкага раёну ў сям’і настаўнікаў. Бацька Статкевіча паходзіць са старажытнага праваслаўнага шляхецкага роду герба Касьцеша. Продкі маці паходзяць са шляхецкага роду Валадковічаў (Мікалай Статкевіч вывучаў свой радавод).

Акцыя ўшанаваньня ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў ля будынку КДБ у Менску. Ініцыятар акцыі Мікола Статкевіч. 2019
Акцыя ўшанаваньня ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў ля будынку КДБ у Менску. Ініцыятар акцыі Мікола Статкевіч. 2019

Дзеда Міколы па бацьку, Паўла Статкевіча, расстралялі нацысты за сувязь з партызанамі ў 1944 годзе. Дзед па маці Сымон Гарабец яшчэ да вайны стаў ахвярай сталінскіх рэпрэсій. Ён быў сябрам Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі, потым перабег у савецкую Беларусь, быў старшынём сельсавету, а падчас рэпрэсій яго расстралялі ў Слуцкім НКУС. Дарэчы, свае першыя артыкулы ў канцы 1980-х — пачатку 1990-х Мікалай падпісваў прозьвішчам дзеда.

Кандыдат тэхнічных навук, але доктарскую абараніць не далі

У 1978 годзе Статкевіч скончыў Менскую вышэйшую інжынэрную зэнітна-ракетную вучэльню (цяперашнюю Вайсковую акадэмію) па спэцыяльнасьці «вайсковы інжынэр у радыёэлектроніцы». Па разьмеркаваньні 4 гады адслужыў за Палярным кругам, у Мурманскай вобласьці, дзе атрымаў найвышэйшую баявую клясыфікацыю — «майстар». Вярнуўся ў Менск, паступіў у ад’юнктуру Менскай вышэйшай інжынэрнай вайсковай вучэльні (ВІЗРВ). Абараніў кандыдацкую дысэртацыю, стаў кандыдатам тэхнічных навук. Выкладаў там жа. Пасьля 1991 году чытаў лекцыі курсантам на беларускай мове.

Мікола Статкевіч абвяшчае аб утварэньні Беларускага згуртаваньня вайскоўцаў, 20 жніўня 1991
Мікола Статкевіч абвяшчае аб утварэньні Беларускага згуртаваньня вайскоўцаў, 20 жніўня 1991

Яшчэ да распаду СССР Статкевіч распрацаваў і апублікаваў канцэпцыю разьвіцьця беларускага войска. Мае больш за 60 работ у галіне АСК, эрганомікі, інжынэрнай псыхалёгіі, сацыяльнай псыхалёгіі. Мае вайсковае званьне падпалкоўніка.

У пачатку 1991 года ў знак пратэсту супраць расправы з дэманстрантамі з танкамі ў Вільні выйшаў з КПСС.

Вучыўся ў дактарантуры. У траўні 1993 году, за месяц да абароны доктарскай дысэртацыі, Мікалая звольнілі з вайсковай службы з фармулёўкай «за дыскрэдытацыю вайсковага званьня». Прычына — выступіў супраць таго, каб Беларусь накіроўвала сваіх салдатаў на чужыя войны.

Стварыў Беларускае згуртаваньне вайскоўцаў

Падчас жнівеньскага путчу 1991 году Мікола Статкевіч абвесьціў аб стварэньні Беларускага згуртаваньня вайскоўцаў (БЗВ), якое ставіла за мэту «стварэньне беларускай арміі, абарону незалежнасьці і гісторыка-патрыятычнае выхаваньне грамадзтва».

Кіраўніцтва Беларускага згуртаваньня вайскоўцаў, лета 1995 г. Зьлева направа: Анатоль Гурыновіч, Лявон Дзейка, Мікола Статкевіч, Алесь Станкевіч, Сяргей Чыслаў (стаіць), Мікола Бірукоў. У форме — сябры ДРАБ (дружыны рэгіянальнай аховы і бясьпекі)
Кіраўніцтва Беларускага згуртаваньня вайскоўцаў, лета 1995 г. Зьлева направа: Анатоль Гурыновіч, Лявон Дзейка, Мікола Статкевіч, Алесь Станкевіч, Сяргей Чыслаў (стаіць), Мікола Бірукоў. У форме — сябры ДРАБ (дружыны рэгіянальнай аховы і бясьпекі)

Адной зь першых акцый БЗВ стала прыняцьце на плошчы Незалежнасьці грамадзянскай прысягі на вернасьць Беларусі 8 верасьня 1992 году, у гадавіну Аршанскай бітвы, у Дзень беларускай вайсковай славы. На прысягу зьехаліся некалькі тысяч чалавек з усёй Беларусі.

На трыбуне былі вэтэраны Васіль Быкаў і Артур Вольскі, гісторыкі Анатоль Грыцкевіч, Зянон Пазьняк, Міхась Ткачоў, дэпутаты. Выступіў Зянон Пазьняк, а Мікола Статкевіч зачытаў тэкст прысягі: «Я, грамадзянін Беларусі, паступаючы на вайсковую службу, прысягаю на вернасьць Рэспубліцы Беларусь і яе народу. Калі ж я парушу прынятую мной вайсковую прысягу, то гатовы несьці адказнасьць, устаноўленую законамі Рэспублікі Беларусь».

Ужо на наступны дзень Міністэрства абароны назвала прыняцьце прысягі на вернасьць Беларусі і беларускаму народу «дэстабілізацыйным фактарам». Усіх афіцэраў, якія стаялі ў першым шэрагу перад трыбунай, з войска звольнілі.

Вярхоўны суд у 1994 годзе забараніў дзейнасьць БЗВ за ўдзел у ахове страйку рабочых ад міліцыі.

Даў поўху Азаронку-старэйшаму

У 1995 годзе на Беларускай тэлевізіі выйшаў фільм «Нянавісьць. Дзеці хлусьні», рэжысэрам якога быў Юры Азаронак (бацька цяперашняга прапагандыста Рыгора Азаронка). У фільме Азаронак-старэйшы выкарыстаў забаронены прыём — перабіўку кадра: калі кадар з адным чалавекам тут жа зьмяняецца кадрам з адмоўнымі пэрсанажамі. Кадар зь Мікалаем Статкевічам быў зьменены кадрам, у якім танцавалі паліцаі часоў Айчыннай вайны. Для Статкевіча, чыя сям’я падчас вайны пацярпела ад паліцаяў, гэта стала абразай.

Мікола Статкевіч выступае на III зьезьдзе БНФ
Мікола Статкевіч выступае на III зьезьдзе БНФ

Статкевіч даведаўся, дзе жыве Юры Азаронак, пазваніў у дзьверы, прадставіўся. Рэжысэр сказаў, што ведае, хто перад ім знаходзіцца.

«Тады нічога тлумачыць ня трэба», — сказаў Статкевіч і даў яму поўху. Палітыка тады аштрафавалі на сымбалічную суму, меншую за 20 даляраў.

Партыйны і вулічны лідэр, меў 30 адміністрацыйных арыштаў

У чэрвені 1995 году Статкевіча выбралі старшынём партыі Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) замест Алега Трусава. Праз год ягоная партыя аб’ядналася з Партыяй народнай згоды і была створана Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Народная Грамада). Статкевіч ачоліў яе. У канцы 1990-х ён быў арганізатарам шматлікіх акцый пратэсту, у 1999-м — адным з арганізатараў Маршу свабоды. За арганізацыю вулічных акцый меў каля 30 адміністрацыйных арыштаў.

Мікола Статкевіч на мітынгу. Менск, 21 студзеня 2008
Мікола Статкевіч на мітынгу. Менск, 21 студзеня 2008

Напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 2001 і 2006 гадоў на Статкевіча заводзілі крымінальныя справы, каб перашкодзіць яму стаць кандыдатам у прэзыдэнты.

У 2003 годзе Мікола стаў лідэрам Эўрапейскай кааліцыі «Вольная Беларусь». У кастрычніку 2004 году разам з парлямэнцкімі выбарамі адбыўся трэці рэфэрэндум, на якім, паводле афіцыйных дадзеных, 77,3% выбарнікаў нібыта падтрымалі выключэньне з Канстытуцыі абмежаваньня на колькасьць прэзыдэнцкіх тэрмінаў.

Атрымаў 3 гады «хіміі», рамантаваў тэхніку ў калгасе

Мікалай Статкевіч арганізаваў і ўзначаліў шэраг вулічных акцый, за якія ў 2005 годзе яго асудзілі на 3 гады абмежаваньня волі. «Хімію» палітык адбываў спачатку ў Баранавічах, потым у вёсцы Блонь Пухавіцкага раёну. Працаваў у калгасе сьлесарам на мэханізаваным двары. Ён рамантаваў трактары ды іншую тэхніку. Працоўны дзень складаў па 12 гадзінаў у дзень без выходных.

Па амністыі тэрмін быў скарочаны на год.

Тады Amnesty International упершыню прызнала Статкевіча вязьнем сумленьня. А ўсяго вязьнем сумленьня праваабаронцы прызнавалі Статкевіча тройчы.

Мікалай Статкевіч у судзе. Менск, 2011
Мікалай Статкевіч у судзе. Менск, 2011

Адседзеў 5 гадоў у самых жорсткіх умовах — у Магілёўскай «крытцы» і шклоўскай калёніі

У 2010 годзе Кангрэсам Эўрапейскай кааліцыі «Свабодная Беларусь» Статкевіч быў вылучаны кандыдатам у прэзыдэнты на выбарах 2010 году. У дзень выбараў, 19 сьнежня, разам зь іншымі кандыдатамі яго затрымалі адразу пасьля Плошчы.

26 траўня 2011 году судзьдзя Ленінскага суду Менску Людміла Грачова асудзіла яго на 6 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму.

Адбываў пакараньне ён у самых суровых месцах зьняволеньня — у Шклоўскай калёніі і Магілёўскай крытай турме, прычым у турму яго зьмяшчалі двойчы. Працаваў на пілараме.

Мікалай Статкевіч на волі. Першыя фота пасьля вызваленьня з турмы. З жонкай Марынай Адамовіч. 22 жніўня 2015 году
Мікалай Статкевіч на волі. Першыя фота пасьля вызваленьня з турмы. З жонкай Марынай Адамовіч. 22 жніўня 2015 году

Вызвалены 22 жніўня 2015 году праз памілаваньне, хаця сам прашэньня не пісаў.

Мікалай Статкевіч тады правёў за кратамі 1715 дзён — з 19 сьнежня 2010 году па 22 жніўня 2015-га.

З таго часу Статкевіча шмат разоў «выкрадалі», прэвэнтыўна затрымлівалі перад усімі сьвятамі і масавымі акцыямі і саджалі на «суткі».

14 гадоў у калёніі асаблівага рэжыму і вокліч у судзе «Жыве Беларусь!»

Мікалая Статкевіча затрымалі 30 траўня 2020 году па дарозе на выбарчы пікет Сьвятланы Ціханоўскай ля Камароўскага рынку. Два разы запар яго арыштоўвалі на 15 дзён, але і пасьля на волю ён ня выйшаў.

Мікалай Статкевіч перад арыштам, 2020
Мікалай Статкевіч перад арыштам, 2020

У канцы чэрвеня 2020 году Статкевіча перавялі ў СІЗА і выставілі абвінавачаньні паводле крымінальнага артыкулу 342 («Арганізацыя ці ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак»), потым дадалі 293-ы артыкул («Падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках»).

14 сьнежня 2021 году на закрытым працэсе судзьдзя Мікалай Доля вынес прысуд Мікалаю Статкевічу: 14 гадоў зьняволеньня ў калёніі асаблівага рэжыму. Статкевіч у залі суду гучна выкрыкнуў: «Жыве Беларусь!»

У Беларусі адна калёнія асаблівага рэжыму — у Глыбокім. Яна лічыцца адной з самых суровых у краіне.

Глыбоцкая калёнія асаблівага рэжыму: за 8 месяцаў — 3 месяцы ў адзіночцы, 4 месяцы — у ШЫЗА

З пачатку ліпеня 2022 года — з таго часу, як Мікола Статкевіч пачаў адбываць пакараньне ў Глыбоцкай калёніі — у яго было 23 спагнаньні. Як мінімум 9 разоў ён трапляў у ШЫЗА — на тэрміны ад 7 да 10 дзён. Новы год палітвязень сустрэў у ШЫЗА.

Палітвязьняў Ігара Лосіка, Дзьмітрыя Папова, Арцёма Сакава, Міколу Статкевіча, Сяргея Ціханоўскага і Ўладзімера Цыгановіча асудзілі ў закрытым рэжыме ў будынку гомельскага СІЗА-3. 14 сьнежня 2021
Палітвязьняў Ігара Лосіка, Дзьмітрыя Папова, Арцёма Сакава, Міколу Статкевіча, Сяргея Ціханоўскага і Ўладзімера Цыгановіча асудзілі ў закрытым рэжыме ў будынку гомельскага СІЗА-3. 14 сьнежня 2021

Вось фрагмэнты зь яго апошніх лістоў, якія жонка Марына выставіла на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.

«Наконт камэр тут — іх пачалі мяняць пасьля кожнага ШЫЗА. Пасьля апошняга спачатку трапіў у кутнюю камэру на паўпадвальным паверсе, дзе нават „паложанай“ радыёкропкі не было, а з паловы столі дастаткова інтэнсіўна капала вада. Быў там крыху болей за суткі — калі са столі ўжо палілося, то дамогся пераводу з гэтай камэры. Зараз сяджу ў сухой. З трэцяга разу трапіў».

«Далей звычайная ратацыя з „адзіночкі“ ў ШЫЗА», — напісаў Мікола ў наступным лісьце.

Паколькі лістоў ад яго даўно няма, пэўна, і тысячны дзень за кратамі ён сустракае таксама ў ШЫЗА.

23 лютага сябар Статкевіча пісьменьнік Уладзімер Някляеў апублікаваў верш, прысьвечаны палітвязьням, у тым ліку і Міколу:

Алесю Бяляцкаму,

Зьмітру Дашкевічу,

Паўлу Севярынцу,

Міколу Статкевічу,

усім абаронцам Айчыны

Няма людзей з жалеза, зь іншай цьвёрдасьці,

Але ёсць людзі гонару і годнасьці,

Ёсць людзі духу, што цьвярдзей ад сталі,

Якіх ня зьнішчылі, як ні зьнішчалі,

Як ні каралі, каб іх дух скарыць,

Ды не скарылі!..

Вечны Зьніч гарыць

У сэрцах іх — і асьвятляе шлях

У самых цёмных і глухіх часах,

Каб не зблукаў народ, каб не прапаў,

На сьцюжах часу не схіліўся долу,

А выпрастаўся — і ў сабе пазнаў

Алеся,

Паўла,

Зьміцера,

Міколу!..

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG