Свабода па фрагмэнтах лістоў Статкевіча палічыла, колькі часу ён правёў у штрафных ізалятарах і колькі мае спагнаньняў.
Пра тое, што перадсьвяточныя дні і Новы год Статкевіч правядзе нават не ў адзіночнай камэры, а ў штрафным ізалятары, напісала на сваёй старонцы ў фэйсбуку жонка Статкевіча Марына Адамовіч.
«А тое ж у адзіночцы 1 мэтар на 3 можа расслабіцца, сьвяточны настрой адчуць. Так і ўяўляю шыкоўны сьвяточны стол на 1 базавую, якую, дарэчы, яму ня кожны месяц удаецца атаварыць з прычыны ШЫЗА», — з іроніяй піша жонка палітвязьня.
Агулам гэта ўжо 21-е спагнаньне з пачатку ліпеня — з таго часу, як Мікола Статкевіч пачаў адбываць пакараньне ў Глыбоцкай папраўчай калёніі № 13.
Цягам ліпеня Статкевіча зьмяшчалі ў ШЫЗА тройчы
Нагадаем, што 14 сьнежня 2021 году Мікола Статкевіч быў асуджаны на 14 гадоў зьняволеньня ў калёніі асаблівага рэжыму. 20 чэрвеня 2020 году Статкевіча этапавалі з Гомельскага СІЗА-3 у Глыбоцкую папраўчую калёнію № 13. Пасьля адбыцьця карантыну ў ліпені Мікола напісаў заяву, каб яго зьмясьцілі ў адзіночную камэру, бо адчувае і ад адмыслова падабраных да яго сукамэрнікаў, і ад супрацоўнікаў пагрозу. У лісьце, датаваным 4 ліпеня, ён напісаў:
«Мяне разьмеркавалі ў 7-ы атрад. На камісіі мне паведамілі, што мая традыцыйная заява ўпершыню не задаволена. Бо пагрозы ад „кантынгенту“ мне няма, што я і сам ведаю. А пагрозу ад супрацоўнікаў МУС яны не прызнаюць. Але ж мой досьвед сьведчыць пра супрацьлеглае... Таму, каб ня ставіць пад пагрозу сябе, сваіх блізкіх і знаёмых, я адмоўлюся „сядзець“ з адмыслова падабранымі мне сукамэрнікамі. Пра што і заявіў на гэтай камісіі», — напісаў Мікола ў лісьце.
Цягам ліпеня Міколу Статкевіча зьмяшчалі ў ШЫЗА прынамсі тройчы. 30 ліпеня жонка Міколы Марына Адамовіч напісала ў сваім ФБ:
«Мікола Статкевіч па-ранейшаму ў ШЫЗА ў Глыбокім. Як мінімум да 4-га жніўня. Як мінімум месяц. Ужо трэці раз па 10 сутак», — піша жонка.
5 жніўня пакаралі адзіночнай камэрай
Адміністрацыя калёніі адмовілася задаволіць просьбу Міколы аб зьмяшчэньні яго ў адзіночку. Аднак 4 жніўня паведаміла Статкевічу, што ён будзе пакараны... адзіночнай камэрай. «Адзіночка» Статкевіча — гэта камэра памерам каля 3 квадратных мэтраў (3 на 1 мэтар) з прышпіленымі да сьцяны «нарамі». У калёніі асаблівага рэжыму вязьня можна пакараць яшчэ і ШЫЗА. А таксама адсутнасьцю званкоў і прагулак. 13 кастрычніка Марына Адамовіч напісала:
«Атрымала яшчэ два лісты ад Міколы — ад 29.09 і 03.10. Паміж лістамі за 19.09. і 29.09 — традыцыйны ўжо ШЫЗА. Але пра гэта ён узгадвае літаральна адным сказам:
«Як сюды прыехаў, то ўжо амаль палову часу знаходзіўся ў ШЫЗА — амаль роднае месца. Апошнія разы сяджу за „прыборку прагулачнага дворыка“. Хоць сапраўдная прычына нам вядомая».
8 лістапада Марына Адамовіч напісала, што Мікалай адбыў чарговы тыдзень у ШЫЗА — з 25.10 па 01.11. Ізноў «за дворык».
«І яшчэ пасьпелі спагнаньняў навешаць ужо», — напісала жонка.
Такім чынам, ад 7 ліпеня, калі Мікола выйшаў з карантыну, да 8 лістапада, калі ён моцна захварэў на запаленьне лёгкіх, яго 7 разоў зьмяшчалі ў ШЫЗА на тэрміны ад 7 да 10 сутак.
Месяц не чапалі: 8 лістапада Мікола сур’ёзна захварэў на запаленьне лёгкіх
Вось фрагмэнт ліста палітвязьня:
«8.11 вечарам мяне пачало трэсьці — чарговы трэці ў гэтых месцах неназываемы вірус. Было істотна складаней ад папярэдніх. Далі 10 дзён „пасьцельнага рэжыму“ — г. зн. днём нары не прышпільваюцца да сьцяны, матрас не забіраюць», — напісаў палітвязень жонцы.
21 лістапада Мікола трапіў у мэдсанчастку з запаленьнем лёгкіх. Марына Адамовіч прыводзіць урывак зь ягонага ліста:
«21.11 мяне часова перавялі з адзіночкі ў мэдсанчастку па выніках рэнтгену. Сказалі, што ў мяне выяўлена „правабаковае запаленьне лёгкіх“. Мушу прымаць антыбіётыкі», — піша Статкевіч.
Месяц падчас цяжкай хваробы Міколу ў ШЫЗА не зьмяшчалі, абвясьцілі толькі пару спагнаньняў.
І вось допіс Марыны Адамовіч ад 26 сьнежня.
«Гэтыя сьвяточныя дні, напоўненыя чаканьнем дзівосаў, Мікола Статкевіч праводзіць у ШЫЗА. Чарговая „спэцапэрацыя“, верагодна. Тэрмін „пакараньня“ мне невядомы. Дапускаю, што пастараюцца захапіць усе сьвяты»...
Іранізуе: «Наступны ліст (як мінімум) прапушчу з-за ШЫЗА. Ну, крыху палянуюся пэўны час», — напісаў Мікола Статкевіч у апошнім лісьце.
- Агулам ад 7 ліпеня, калі Мікола выйшаў з карантыну ў Глыбоцкай ПК № 13, да 8 лістапада, калі ён моцна захварэў на запаленьне лёгкіх, яго 7 разоў зьмяшчалі ў ШЫЗА на тэрміны ад 7 да 10 сутак. Гэта роўна палова тэрміну, які ён знаходзіцца ў Глыбокім. Да таго ж ён мае 21 спагнаньне.
- «Гэта незвычайная сытуацыя, — расказвае былы палітвязень, журналіст Свабоды Алег Грузьдзіловіч. — ШЫЗА ў калёніі для вязьня — амаль самае строгае пакараньне. Горш за ШЫЗА толькі новы суд і дадатковы тэрмін. Самае сур’ёзнае тут, канечне, тое, што частае трапляньне ў ШЫЗА можа стаць прычынай узбуджэньня дадатковай крымінальнай справы. Таму любы такі выпадак трэба старацца абскарджваць. Але як, калі ў ШЫЗА гэта немагчыма зрабіць?».
- 14 сьнежня 2021 году ў будынку гомельскага СІЗА Міколу Статкевічу прысудзілі пакараньне ў выглядзе 14 гадоў пазбаўленьня волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. За кратамі палітык знаходзіцца з 31 траўня 2020 году.