Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская да гадавіны вайны: «Ганаруся казаць: мы беларусы. Асабліва пасьля гэтага году». ВІДЭА


Сьвятлана Ціханоўская
Сьвятлана Ціханоўская

Дэмакратычня лідэрка Беларусі Сьвятлана Ціханоўская ў гадавіну пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну (пры саўдзеле беларускіх уладаў) запісала відэазварот да суайчыньнікаў.

«У гэты дзень год таму пачалася вайна. Увесь сьвет прачнуўся з навінамі пра тое, што Расея ўварвалася на тэрыторыю Ўкраіны. Украінцы прачнуліся ад гукаў сырэнаў і выбухаў ракетаў, а беларусы прачнуліся з адказнасьцю, што гэтыя ракеты ляцяць з тэрыторыі нашай краіны, хаця мы супраць гэтай вайны. Я ведаю, што яшчэ год таму, да 24 лютага, мы думалі: горш быць ужо ня можа, а з ранку даведаліся — можа».

Ціханоўская зазначыла, што ў дадатак да рэпрэсіяў і ўнутрыпалітычнага крызісу беларусы ледзьве не ператварыліся ў міжнародных ізгояў.

«Беларусы за мяжой пачалі сутыкацца з праблемамі і дыскрымінацыяй. Людзі ў Беларусі праз крызіс трапілі пад скарачэньні на працы, цэны кожны дзень расьлі. Хтосьці быў вымушаны вывозіць свае сем’і і бізнэс. Хтосьці быў звольнены ці арыштаваны за сваю антываенную пазыцыю», — сказала Ціханоўская.

Яна згадала таксама загінулых беларусаў, якія змагаліся за свабоду Ўкраіны.

«Мы разьвіталіся зь дзясяткамі нашых ваяроў, якія баранілі годнасьць Беларусі ва Ўкраіне: Ільля Хрэнаў, Аляксей Скобля, Дзьмітры Апанасовіч, Дзьмітры Рубашэўскі, Канстанцін Дзюбайла, Павал Суслаў, Іван Марчук, Васіль Парфянкоў, Васіль Грудовік, Вадзім Шатроў, Міхась Шавельскі, Аляксей Вешчавайлаў, Аляксей Аўдзеенка, Эдуард Лобаў і іншыя героі вольнай Беларусі».

Ціханоўская сказала, што, напэўна, гэта быў адзін з самых цяжкіх гадоў у жыцьці беларусаў, але яны здолелі яго пераадолець.

«За гэты год мы шмат здабылі, мы лепей уведалі адно аднаго, высьветлілі, што мы можам куды больш, чым думалі. Мы змаглі даказаць, што беларусы не рэжым (як і не Расея), кожны дзень дапамагалі адно аднаму і Ўкраіне, заставаліся спагадлівымі да чужога болю, нягледзячы на ўласны боль. Мы яшчэ раз убачылі, колькі герояў сярод нас. Нашыя сьмелыя партызаны, якія ў адзіночку спынялі вайсковыя эшалёны. Нашыя добраахвотнікі. Нашыя валянтэры ва Ўкраіне і Беларусі, дзясяткі тысяч людзей, якія дасылалі інфармацыю ў „Беларускі Гаюн“. Кожны з вас рызыкаваў, каб выратаваць чыёсьці жыцьцё.

Нягледзячы на ўласныя праблемы, вы працягваеце падтрымліваць палітвязьняў і іх сем’і. Вы ладзіце мітынгі па ўсім сьвеце, зьбіраеце гуманітарную дапамогу, распавядаеце праўду пра Беларусь тым, хто яшчэ яе ня ведае: і сваякам, якія глядзяць тэлевізар, і ўладам розных краін.

Можа, часам падаецца інакш, але за гэты бязьлітасны год мы зрабілі вельмі шмат. Мы вывучылі, што ў нас ёсьць і свае нацыянальныя інтарэсы. Зразумелі, што часам трэба ня толькі дапамагчы іншаму, але і абараніць сваё. Усьвядомілі, што мы асобная краіна і нам не патрэбны ніякія старэйшыя браты», — сказала Ціханоўская.

Пад канец звароту палітык зьвярнулася да беларусаў з падзякай.

«У гэтую дату я хачу сказаць вам вялікі дзякуй за тое, што вы ёсьць. За вашую сілу і чалавечнасьць. За тое, што застаяцеся на баку дабра. За тое, што для вас не існуе фразы „всё не так однозначно“.

Хачу абняць вас і сказаць: я ганаруся тым, якімі людзьмі мы становімся ў гэтых складаных умовах. Ганаруся быць адной з вас. Ганаруся казаць: мы беларусы. Асабліва пасьля гэтага году. Мы з вамі пабачым нашу краіну свабоднай і дэмакратычнай. І я ведаю, што мы пераможам. Я ведаю, што Ўкраіна пераможа. Я ведаю, што Беларусь жыве і будзе жыць вечна».

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG