Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Група аналізу пагроз Google назвала шэсьць хакерскіх груповак, якія працуюць на Расею, у тым ліку адну беларускую


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Група кібэршпіянажу PUsHCHA дзейнічае прынамсі з 2016 году. Аб’ектамі яе атак у розны час былі журналісты, СМІ і палітыкі з Украіны, Літвы, Латвіі, Польшчы і Нямеччыны.

Група аналізу пагроз Google у сваёй справаздачы «Туман вайны» назвала шэсьць зьвязаных з расейскімі ўладамі хакерскіх груповак, якія атакуюць Украіну і краіны NATO.

Зь шасьці груповак, якія фігуруюць у справаздачы, адну зьвязваюць зь Беларусьсю. Гэта групоўка PUsHCA, якая займаецца шпіянажам і праводзіць інфармацыйныя кампаніі. Яна яшчэ вядомая як UNC1151.

У 2021 годзе яна правяла кампанію Ghostwriter, у часе якой распаўсюджвала прарасейскія публікацыі, узломлівала навінныя сайты і разьмяшчала на іх фэйкавыя публікацыі.

У 2022 годзе хакеры PUsHCA атакавалі арганізацыі краін NATO, недзяржаўныя інстытуты, а таксама арганізацыі, якія дапамагалі ўкраінскім уцекачам.

«Калі пачаўся канфлікт, група назірала, як PUsHCA праводзіць кампаніі фішынгу ўліковых дадзеных супраць польскіх і ўкраінскіх урадавых і вайсковых арганізацый», — адзначаецца ў справаздачы.

Паводле экспэртаў, PUsHCHA скіроўвала сваю дзейнасьць супраць украінскіх уцекачоў, а а таксама супраць карыстальнікаў з Усходняй Эўропы, асабліва ў Польшчы.

«Здаецца, PUsHCHA атакуе вэб-сайты без разбору, у тым ліку зьвязаныя з рознымі фінансавымі, прамысловымі і камэрцыйнымі арганізацыямі», — адзначаецца ў справаздачы.

Экспэрты групы аналізу пагроз Google паведамілі, што беларуская кібэргрупоўка павялічыла колькасьць фішынгавых атак на краіны NATO больш чым на 300% у параўнаньні з 2020 годам. У справаздачы адзначаецца, што гэтую групу падтрымлівае беларускі ўрад і яна цесна зьвязана з Расеяй.

Паводле зьвестак групы аналізу пагроз Google, група кібэршпіянажу PUsHCHA дзейнічае прынамсі з 2016 году. Аб’ектамі яе атак у розны час былі журналісты, СМІ і палітыкі з Украіны, Літвы, Латвіі, Польшчы і Нямеччыны.

Усе іншыя групоўкі, згодна з справаздачай, — FrozenBarentz, FrozenLake, Coldrive, FrozenVista і Summit — зьвязаныя з Галоўным упраўленьнем выведкі і Фэдэральнай службай бясьпекі Расеі.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG