Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне пасьля чарговай ракетнай атакі Расеі вялікі дэфіцыт электраэнэргіі


Ракеты «Калібр» запускаліся з Чорнага мора. На архіўным фота — малыя ракетныя караблі Чарнаморскага флёту Расеі ў Севастопальскай бухце
Ракеты «Калібр» запускаліся з Чорнага мора. На архіўным фота — малыя ракетныя караблі Чарнаморскага флёту Расеі ў Севастопальскай бухце

Зь вечара 9 лютага да паўдня 10 лютага Расея запусьціла на Ўкраіну 71 ракету.

Украінская кампанія «Укренерго» заявіла, што асноўнай мішэньню атакі, якую Расея пачала позна ўвечары 9 лютага і прадоўжыла раніцай 10 лютага, былі электрастанцыі і аб’екты высакавольтнай сеткі.

«Геаграфія пацэльваньняў — усходнія, заходнія і паўднёвыя рэгіёны Ўкраіны. Найбольш складаная сытуацыя пакуль што на Харкаўшчыне — там цяпер адбываюцца аварыйныя адключэньні. Абмежаваньні ўведзеныя на Хмяльніччыне, а таксама захоўваюцца на Адэшчыне і Кіеўшчыне. Дэфіцыт у энэргасыстэме — значны», — паведамілі ў кампаніі.

Рамонтныя брыгады ўжо выехалі на абстраляныя аб’екты для правядзеньня аварыйна-аднаўляльных прац.

Міністар энэргетыкі Ўкраіны Герман Галушчанка ўдакладніў, што ад абстрэлаў пацярпелі аб’екты цеплавой і гідрагенэрацыі ў шасьці абласьцях краіны, аднак найбольш складаная сытуацыя ў Запароскай, Харкаўскай і Хмяльніцкай абласьцях. «Энэргетыкі працуюць нон-стоп над аднаўленьнем энэргазабесьпячэньня», — паведаміў ён.

Ні «Укренерго», ні міністар энэргетыкі не ўдакладнілі, якія менавіта электрастанцыі пашкоджаныя ў выніку расейскай ракетнай атакі.

Вайскоўцы заявілі, што зьбілі 61 крылатую ракету

У камандаваньні Паветраных сіл Украіны заявілі, што зь вечара 9 лютага і раніцай 10 лютага расейцы запусьцілі 71 ракету па ўкраінскай тэрыторыі. Зь іх 61 зьбілі сродкамі ўкраінскай супрацьпаветранай абароны.

«З паветра вораг атакаваў васьмю стратэгічнымі бамбавікамі Ту-95мс, якія выпускалі ракеты Х-101 і Х-555 з раёнаў Касьпійскага мора і Валгадонску. З караблёў у Чорным моры — крылатымі ракетамі марскога базаваньня тыпу «Калібр», — адзначаецца ў паведамленьні.

Што вядома пра ахвяр

Пакуль пра ахвяры расейскіх абстрэлаў заявілі толькі ў Харкаве, дзе раненьні атрымалі 8 мірных жыхароў, два зь іх — цяжкія.

Імаверна, ёсьць і загінулыя сярод цывільных. Гэта вынікае з звароту Ўладзіміра Зяленскага.

«Усе іхныя мішэні былі — цывільныя, цывільная інфраструктура. На жаль, ёсьць пацэльваньні, ёсьць ахвяры. Мае спачуваньні родным», — сказаў прэзыдэнт Украіны.

Уладзімір Зяленскі таксама пракамэнтаваў паведамленьні аб тым, што расейскія ракеты праляцелі праз паветраныя прасторы Малдовы і Румыніі.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG