Былога кіраўніка інфармацыйнай кампаніі БелаПАН Дзьмітрыя Наважылава этапавалі ў папраўчую калёнію № 3 (пасёлак Віцьба, Віцебскі раён), яго перавялі з карантыну ў атрад і прызначылі на працу ў швейным цэху, піша BPN.
Наважылаў — адзін з чатырох асуджаных у «справе БелаПАН». Разам зь ягонай пераемніцай на пасадзе дырэктара Ірынай Леўшынай затрымалі 18 жніўня 2021 году. 12 студзеня 2021-га затрымалі былога намесьніка дырэктара кампаніі Андрэя Аляксандрава і ягоную будучую жонку Ірыну Злобіну.
Іх абвінавацілі ў стварэньні «экстрэмісцкага фармаваньня» па ч. 1 арт. 3611 КК (Аляксандраў, Леўшына, Наважылаў), «здрада дзяржаве» па ч. 1 арт. 356 (Аляксандраў, Злобіна), нявыплаце падаткаў у буйным памеры па ч. 2 арт. 243 (Аляксандраў, Наважылаў), а таксама ў падрыхтоўцы грамадзян для ўдзелу ў беспарадках па ч. 2 арт. 342, што праяўлялася ў аплаце штрафаў удзельнікам пратэстаў (Аляксандраў, Злобіна).
6 кастрычніка 2022 году Менскі абласны суд пакараў Наважылава 6, Аляксандрава — 14 гадамі калёніі ўзмоцненага, Леўшыну і Злобіну — 4 і 9 гадамі калёніі агульнага рэжыму.
Сёлета 6 студзеня Вярхоўны суд пакінуў у сіле вырак усім асуджаным. Леўшына і Злобіна ўтрымліваюцца ў гомельскай жаночай калёніі № 4, Аляксандраў — у ПК № 1 (Наваполацк, Віцебская вобласьць).
Калі сытуацыя ня зьменіцца, Наважылаў выйдзе на волю ў сьнежні 2026 году, Леўшына — у сьнежні 2024-га, Злобіна — у студзені 2029-га, Аляксандраў — у студзені 2034-га (адзін дзень у СІЗА роўны 1,5 дня ў калёніі). Усіх чацьвярых праваабаронцы прызналі палітвязьнямі.