Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ігар Лосік напісаў жонцы Дар’і 15 лістоў. Яна не атрымала ніводнага


Дар'я і Ігар Лосікі. Каляж
Дар'я і Ігар Лосікі. Каляж

Пасьля абвяшчэньня прысуду Дар’і Лосік адміністрацыя Наваполацкай калёніі, дзе адбывае пакараньне яе муж Ігар, дазволіла Ігару ліставацца з жонкай.

Да абвяшчэньня прысуду сужэнцам не дазвалялася ліставаньне. Пра чатырохгадовую дачку Паўлінку ці сямейныя навіны Дар’я і Ігар маглі даведвацца толькі зь лістоў сваіх бацькоў. Як стала вядома Свабодзе, нягледзячы на фармальны дазвол на ліставаньне з мужам, Дар'я не атрымлівае лістоў ад Ігара. Ігар Лосік даслаў жонцы ўжо 15 паведамленьняў, якія застаюцца без адказу.

18 студзеня Дар’ю Лосік, жонку палітвязьня, журналіста Свабоды Ігара Лосіка, асудзілі на 2 гады пазбаўленьня волі за камэнтар тэлеканалу «Белсат», прызнанаму экстрэмісцкім фармаваньнем. Да абвяшчэньня прысуду сужэнцам не дазвалялася ліставацца. Як стала вядома Свабодзе, і пасьля афіцыйнага дазволу нічога не зьмянілася.

Падчас працэсу Дар’я прастудзілася. Цяпер ёй лепш, але кашаль пакуль застаецца. Трымаецца Дар’я Лосік добра, але вельмі перажывае за 4-гадовую дачушку Паўлінку, якую цяпер даглядаюць бацькі Дашы і Ігара. Лісты па-ранейшаму ёй даходзяць толькі ад бацькоў. Вядома, што ў кастрычніку Дар’і ў СІЗА дайшоў толькі адзін ліст ад сяброўкі, на які яна даслала адказ.

Дашыны сяброўкі ініцыявалі збор сродкаў на падарункі Паўлінцы — цацкі, адзеньне, а таксама на рэчы ў калёнію для Дашы. Падарункі дзяўчынцы спадабаліся, бабуля мусіла тлумачыць, што ў новай куртачцы ісьці ў дзіцячы садок пакуль холадна. Адвакатка разам з Дар’яй падалі апэляцыйную скаргу на прысуд. Дата разгляду скаргі пакуль ня вызначана. Хутчэй за ўсё, да разгляду апэляцыі Даша будзе знаходзіцца ў Берасьцейскім СІЗА-7.

Як стала вядома Свабодзе, днямі Ігара Лосіка мае наведаць адвакат. У лютым бацькі павязуць палітзьняволенаму журналісту Свабоды вялікую харчовую перадачу, яна дазволеная 1 раз на 3 месяцы. У сакавіку бацькі Ігара Лосіка разьлічваюць на спатканьне зь ім. Палітвязьням у калёніях доўгатэрміновыя спатканьні даюць на адны суткі, а не на двое, як звычайным зьняволеным.

Крымінальны перасьлед Ігара Лосіка

На журналіста Радыё Свабода і блогера Ігара Лосіка ў 2020 годзе завялі крымінальныя справы паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («падрыхтоўка да парушэньня грамадзкага парадку») і ч. 2 арт. 293 («падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках»).

Лосіка затрымалі 25 чэрвеня 2020 году пасьля ператрусу дома ў Баранавічах. На ягоны тэлеграм-канал «РБ головного мозга» ў той момант былі падпісаныя 167 тысяч чалавек.

Ігар Лосік актыўна асьвятляў падзеі выбараў прэзыдэнта Беларусі. Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.

15 сьнежня 2020 году, пасьля выстаўленьня другога абвінавачаньня, Ігар Лосік абвясьціў галадоўку пратэсту і трымаў яе да 25 студзеня 2021 году.

11 сакавіка 2021 году Лосіку выставілі новае абвінавачаньне. На знак пратэсту Ігар пашкодзіў сабе запясьце на вачах у адваката і сьледчага, а таксама абвясьціў сухую галадоўку. За гэта Лосіка зьмясьцілі ў карцар сьледчай турмы Жодзіна. Там ён прабыў пяць дзён, чатыры зь якіх трымаў сухую галадоўку.

  • 14 сьнежня 2021 году ў будынку СІЗА-3 ў Гомлі судзьдзя Мікалай Доля прысудзіў Ігару Лосіку 15 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватым паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу — «Распальваньне сацыяльнай варажнечы і непрыязі ў адносінах да прадстаўнікоў улады і праваахоўных органаў, учыненае групай асобаў» (ч.3 арт.130) і «Арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся пагромамі падпаламі, зьнішчэньнем маёмасьці і ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады» (ч.1 ст.293).
  • Жонку Ігара Лосіка Дар’ю пакаралі 2 гадамі зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму (паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу, «Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці») за інтэрвію пра мужа, у якім яна, паводле абвінавачаньня, «пазыцыянавала сябе як жонка палітвязьня». Прысуд Дар’і Лосік вынес 19 студзеня 2023 году судзьдзя Берасьцейскага абласнога суду Мікалай Грыгаровіч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG