Прысуд Дар’і Лосік вынес 19 студзеня судзьдзя Мікалай Грыгаровіч: 2 гады зьняволеньня з адбываньнем у папраўчай калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Меру стрыманьня (утрыманьне пад вартай) суд пакінуў без зьмены да набыцьця прысудам сілы.
Вырак можа быць абскарджаны ў Вярхоўным судзе на працягу 10 сутак з дня абвяшчэньня, паведаміла БелТА.
Як перадавала БелТА, падчас спрэчак бакоў пракурорка запрасіла для абвінавачанай пакараньне ў выглядзе двух гадоў пазбаўленьня волі з адбываньнем у папраўчай калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Пракурорка Кацярына Пакала таксама палічыла патрэбным пакінуць ранейшай меру стрыманьня Лосік у выглядзе ўтрыманьня пад вартай. Гэтая ж пракурорка прадстаўляла бок абвінавачання на некалькіх судах у «справе Зельцара» (суды над Міраславам Федаровічам, Аляксеем Івановым, бас-гітарыстам гурта TerraKod Віктарам Катоўскім).
На судзе Пакала сьцьвярджала, што ў Дар’і Лосік нібыта быў прамы намер на «аказаньне садзейнічаньня экстрэмісцкай дзейнасьці», піша «Вясна».
У сваю чаргу адвакатка папрасіла прызначыць Дарʼі Лосік пакараньне, не зьвязанае з пазбаўленьнем волі. Пра гэта ж у сваім апошнім слове прасіла і сама абвінавачаная.
Дар’ю Лосік абвінавачваюць паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу за інтэрвію пра мужа тэлеканалу «Белсат» вясной 2022 году, «у якім пазыцыянавала сябе як жонка палітвязьня».
У гэтым артыкуле, які гучыць як «Вэрбаваньне, іншае ўцягваньне асобы ў экстрэмісцкую дзейнасьць, навучаньне, а таксама іншае садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці», прадугледжана пакараньне абмежаваньнем волі на тэрмін да чатырох гадоў або пазбаўленьнем волі на тэрмін ад двух да шасьці гадоў.
18 студзеня споўнілася роўна тры месяцы, як палітзьняволеную ўтрымліваюць за кратамі. У няволі на Дар’ю аказваюць ціск — вагу пасылак залічваюць у агульную вагу перадач, а таксама блякуюць ліставаньне.
Увесь час папярэдняга зьняволеньня свайго мужа і пасьля прысуду яму Дарʼя рэгулярна езьдзіла ў турму, дзе ўтрымлівалі Ігара, вазіла яму перадачы, праяжджаючы дзеля гэтага сотні кілямэтраў штотыднёва.
У Ігара і Дар’і Лосікаў ёсьць 4-гадовая дачка Паўлінка, якую цяпер даглядаюць бабулі і дзядулі.
Крымінальны перасьлед Ігара Лосіка
На журналіста Радыё Свабода і блогера Ігара Лосіка ў 2020 годзе завялі крымінальныя справы паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («падрыхтоўка да парушэньня грамадзкага парадку») і ч. 2 арт. 293 («падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках»).
Лосіка затрымалі 25 чэрвеня 2020 году пасьля ператрусу дома ў Баранавічах. На ягоны тэлеграм-канал «РБ головного мозга» ў той момант былі падпісаныя 167 тысяч чалавек.
Ігар Лосік актыўна асьвятляў падзеі выбараў прэзыдэнта Беларусі. Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.
15 сьнежня 2020 году, пасьля выстаўленьня другога абвінавачаньня, Ігар Лосік абвясьціў галадоўку пратэсту і трымаў яе да 25 студзеня 2021 году.
11 сакавіка 2021 году Лосіку выставілі новае абвінавачаньне. На знак пратэсту Ігар пашкодзіў сабе запясьце на вачах у адваката і сьледчага, а таксама абвясьціў сухую галадоўку. За гэта Лосіка зьмясьцілі ў карцар сьледчай турмы Жодзіна. Там ён прабыў пяць дзён, чатыры зь якіх трымаў сухую галадоўку.
- 14 сьнежня 2021 году ў будынку СІЗА-3 ў Гомлі судзьдзя Мікалай Доля прысудзіў Ігару Лосіку 15 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватым паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу — «Распальваньне сацыяльнай варажнечы і непрыязі ў адносінах да прадстаўнікоў улады і праваахоўных органаў, учыненае групай асобаў» (ч.3 арт.130) і «Арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся пагромамі падпаламі, зьнішчэньнем маёмасьці і ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады» (ч.1 ст.293).
- Жонку Ігара Лосіка Дар’ю пакаралі 2 гадамі зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму (паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу, «Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці») за інтэрвію пра мужа, у якім яна, паводле абвінавачаньня, «пазыцыянавала сябе як жонка палітвязьня». Прысуд Дар’і Лосік вынес 19 студзеня 2023 году судзьдзя Берасьцейскага абласнога суду Мікалай Грыгаровіч.