Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская заклікала беларусаў быць падрыхтаванымі да «надзвычайнага здарэньня». У яе офісе патлумачылі, з чым зьвязаны зварот

абноўлена

Сьвятлана Ціханоўская
Сьвятлана Ціханоўская

Сьвятлана Ціханоўская папрасіла беларусаў зрабіць усё, каб «засьцерагчы сябе і блізкіх», знайсьці памяшканьні, у якіх можна схавацца ў выпадку ўдараў з паветра, папоўніць хатнія аптэчкі.

«Усё гэта не магло прысьніцца нам нават у страшным сьне. І ўсё ж гэта здарылася. Пратэсты, рэпрэсіі, зьбіцьці, крызіс, вайна. Мы не маглі прадбачыць гэтыя падзеі, але навучыліся дзейнічаць у самых складаных сытуацыях», — заявіла Ціханоўская і зазначыла, што апошнія падзеі навучылі беларусаў «рыхтавацца да горшага, і заўсёды клапаціцца пра блізкіх і тых, хто пацярпеў».

«Мы ўбачылі, што шукаць лёгіку і пралічваць наступныя крокі тыранаў — бессэнсоўна. Яны не кіруюцца лёгікай, — заявіла Цізаноўская. — Таму сёньня нам з вамі так важна паклапаціцца пра сябе і родных. Не дазваляць сабе лішняй панікі, а выдыхнуць, прымаць рашэньні спакойна. І калі ёсьць нешта, што можна зрабіць, каб засьцерагчы сябе, — лепей рабіць гэта загадзя».

Яна заклікала беларусаў пагаварыць з роднымі і сябрамі, абмяркаваць плян дзеяньняў на выпадак небясьпекі.

«Запасіцеся наяўнымі грашыма, лепей у валюце, а яшчэ лепей — у розных валютах. Абмяркуйце зь дзецьмі правілы паводзінаў у стрэсавых сытуацыях і базавую бясьпеку, можна нават правесьці невялікую трэніроўку ў гульнявой форме. Даведайцеся, ці ёсьць у вашым раёне памяшканьні, у якіх можна схавацца ў выпадку ўдараў з паветра, вызваліце іх ад лішніх рэчаў, пакіньце там мэблю і невялікі запас кансэрваў. Праверце хатнюю аптэчку, калі трэба — папоўніце яе неабходнымі сродкамі: бінты, бандажы, сродкі індывідуальнай абароны, антысэптыкі, антыбіётыкі, заспакаяльныя сродкі і таблеткі для абеззаражваньня вады, а таксама тыя лекі, якія вам патрэбныя».

Ціханоўская адзначыла, «зараз нам як ніколі важна захаваць сябе».

«Важна не дазваляць сабе застацца ў роспачы і прымусіць сябе адмовіцца ад страху, у які заганяе нас рэжым, а таксама думаць цьвяроза. Але падрыхтавацца і скласьці сабе плян дзеяньняў на выпадак надзвычайнага здарэньня ніколі не будзе лішнім. Беражыце сябе і адно аднаго», — зьвярнулася да беларусаў Ціханоўская.

Офіс Ціханоўскай: у нас няма інфармацыі аб уварваньні ва Ўкраіну

Прэсавая сакратарка Офісу Ціханоўскай Ганна Красуліна патлумачыла ранішні зварот палітыка.

«Ужо год ідзе вайна; імавернасьць, што рэжым уцягне Беларусь у вайну яшчэ больш, на жаль, абсалютна не нулявая. На жаль, увесь 2022 год ён рабіў менавіта гэта. Апошнія гады беларусам даводзіцца самім клапаціцца пра сваю бясьпеку і здароўе — і падчас ковіду, і падчас пратэстаў 2020-га, і з пачатку вайны ва Ўкраіне. Гэтага ня робяць тыя, хто робіць выгляд, што яны дзяржава, і таму мы зьвяртаемся наўпрост да людзей.

Таксама мы ведаем, што праз працу прапаганды ня ўсе беларусы разумеюць, наколькі наша краіна ўжо сёньня ўцягнутая ў вайну; людзі толькі адчуваюць, што іх жыцьцё становіцца горшым і небясьпечнейшым, але ад іх спрабуюць схаваць прычыну гэтага. Ранішняе паведамленьне было напісана не таму, што ў нас зьявілася інфармацыя аб уварваньні ва Ўкраіну, а таму што гэтая імавернасьць ужо год не апускаецца да нуля і не апусьціцца, пакуль у краіне ня зьменіцца ўлада. Таму мы заклікаем беларусаў клапаціцца пра сябе і сваіх блізкіх — гэта тое, на што кожны сапраўды можа паўплываць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG