Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны палітвязьняў: Анатоля Латушку перавялі ў наваполацкую калёнію


Краты. Ілюстрацыйнае фота
Краты. Ілюстрацыйнае фота

Агулам на сёньня праваабаронцы «Вясны» прызналі палітвязьнямі 1446 чалавек. Аднак дакладная колькасьць людзей, якія знаходзяцца за кратамі з палітычных матываў, невядомая.

Правабаронцам стала вядома, што стрыечнага брата палітыка Паўла Латушкі нядаўна этапавалі ў наваполацкую калёнію № 1.

20 верасьня у судзе Цэнтральнага раёну Менску Анатоля Латушку пакаралі 6 гадамі калёніі, Лілію Ананян — 5 гадамі «хатняй хіміі», Алену Маліноўскую — 4 гадамі калёніі. Іх затрымалі 31 студзеня за маляваньне па трафарэце на паштовых скрынях у пад’ездах герба «Пагоня» і зьмясьцілі пад варту. На судзе Латушка і Маліноўская віну не прызналі, Ананян — прызнала цалкам.

Пасьля затрыманьня Латушкі было вядома, што яго білі. Падчас суду, які праходзіў у адкрытым рэжыме, былі агучаныя падрабязнасьці прымяненьня фізычнай сілы да яго ў Цэнтральным РУУС. Жонку Анатоля таксама асудзілі праз 3 тыдні пасьля мужа. Алене прысудзілі 2,5 года «хатняй хіміі».

Палітвязьню зь Бярозы дадалі да тэрміну яшчэ паўгода калёніі

16 студзеня ў судзе Бярозаўскага раёна разглядзелі яшчэ адну справу палітвязьня Алега Нічыпоркі. Гэтым разам яго абвінавацілі паводле арт. 341 і ч. 2 арт. 205 Крымінальнага кодэксу. Палітвязьню дадалі да ранейшага тэрміну яшчэ паўгода зьняволеньня. Канчатковае пакараньне Нічыпоркі — 3,5 года пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму.

У віну Алегу і яшчэ аднаму хлопцу — Івану Кату — паставілі два эпізоды: дробны крадзеж на лецішчы і надпісы на сьмецьцевых баках ЖКГ, піша «Вясна». Справу разглядзела судзьдзя Алена Нямкова. Ні гаспадары лецішчаў, ні ЖКГ прэтэнзіяў ня мелі, аб чым напісалі ў пісьмовых заявах у суд.

Паводле блізкіх Алега Нічыпоркі, перад новым судом хлопец сказаў, што не вінаваты, але ізноў будзе прызнаваць віну, а патлумачыць усё пазьней. Цяпер Алег Нічыпорка знаходзіцца ў СІЗА Баранавічаў.

Алега Нічыпорку ў 2022 годзе судзілі за больш як 30 эпізодаў: за нанясеньне пратэставых надпісаў па горадзе, расклейваньне ўлётак, парэзаныя дзяржаўныя сьцягі, а таксама псаваньне або крадзеж каля 20 камэр відэаназіраньня ды рабаваньне дач. На першых допытах прызнаваў толькі крадзеж зь лецішчаў. На судзе палітвязень некалькі разоў мяняў паказаньні, сьведчыў аб катаваньнях і ціску на яго падчас утрыманьня пад вартай. Пазьней у адным са сваіх лістоў родным Алег пісаў, што зьбіраецца на судзе прызнаць віну ў тым, чаго не рабіў, бо за поўнае прызнаньне віны яны паабяцалі «хімію». У выніку бярозаўскі суд тады прызначыў яму 3 гады калёніі ды пастанавіў выплаціць пазоў на суму ў некалькі дзясяткаў тысяч рублёў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG