У ЭАБР адзначылі паскарэньне тэмпаў скарачэньня ВУП летась у сьнежні. Ён зьнізіўся на 4,9% у параўнаньні з аналягічным месяцам 2021 года. У лістападзе зьніжэньне складала 4,7%. У цэлым за мінулы год ВУП скараціўся на 4,7%.
«Унутраны попыт захоўваўся стрыманым, бо аб'ём раздробнага гандлю зьменшыўся ў сьнежні на 6,7% г/г, а інвэстыцыі ў асноўны капітал — на 18,4% г/г. У наступныя месяцы тэмпы скарачэньня ВУП Беларусі могуць застацца блізка ад сьнежаньскага значэньня і пачнуць запавольвацца вясной, а да лета ВУП можа пачаць расьці, пры адсутнасьці новых шокаў», — гаворыцца ў аглядзе ЭАБР.
Зьніжэньне стаўкі рэфінансаваньня Нацыянальным банкам Беларусі, паводле ЭАБР, можа скласьці да 10% пры ўмове запаволеньня інфляцыі.
З 23 студзеня яна складае 11,5 працэнта гадавых.
«Зьніжэньне стаўкі рэфінансаваньня, хутчэй за ўсё, не паўплывае на працэнтныя стаўкі крэдытна-дэпазітнага рынку, бо яны рэзка зьнізіліся ў другой палове мінулага года ва ўмовах прафіцыту ліквіднасьці банкаў. Аналітыкі ЭАБР лічаць, што Нацбанк у бягучым годзе можа зьнізіць стаўку рэфінансаваньня да 10% пры ўмове запаволеньня інфляцыі», — адзначылі экспэрты ЭАБР.