Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік Мінфіну Нямеччыны заявіў, што краіна больш не залежыць ад расейскіх энэрганосьбітаў


Міністар фінансаў Нямеччыны Крысціян Лінднэр
Міністар фінансаў Нямеччыны Крысціян Лінднэр

Нямеччына цалкам дывэрсыфікавала энэргетычную інфраструктуру і знайшла іншыя крыніцы імпарту, нягледзячы на тое, што Расея перакрыла газавыя краны ў Эўропу.

Міністар фінансаў Нямеччыны Крыстыян Лінднэр у інтэрвію BBC заявіў, што ягоная краіна больш не залежыць ад расейскіх энэрганосьбітаў. Паводле Лінднэра, пасьля расейскага ўварваньня ва Ўкраіну Нямеччына цалкам дывэрсыфікавала энэргетычную інфраструктуру і знайшла іншыя крыніцы імпарту:

«Так, вядома, Нямеччына па-ранейшаму залежыць ад імпарту энэрганосьбітаў, але сёньня ўжо не ад імпарту з Расеі, а ад сусьветных рынкаў», — сказаў ён.

Нямеччына была найбуйнейшым пакупніком расейскага газу: краіна імпартавала з Расеі каля паловы спажыванага газу і звыш траціны ўсёй нафты. Аднак пасьля ўвядзеньня санкцый Расея пачала скарачаць пастаўкі газу ў Нямеччыну, а ў жніўні мінулага году пастаўкі цалкам спыніліся. У пачатку 2023 году Нямеччына спыніла імпарт расейскай нафты.

Улады Нямеччыны заявілі аб неабходнасьці скараціць спажываньне газу, а таксама пайшлі на непапулярныя меры — аднавілі вытворчасьць электраэнэргіі на выведзеных у рэзэрву або нават ужо адключаных з экалягічных меркаваньняў электрастанцый, якія працуюць на вугалі. Акрамя таго, былі адкладзены пляны закрыцьця трох атамных электрастанцый і павялічаны магутнасьці для захоўваньня прыроднага газу.

Крыстыян Лінднэр на эканамічным форуме ў Давосе расказаў, што новы тэрмінал для звадкаванага прыроднага газу ў Нямеччыне быў пабудаваны прыкладна за восем месяцаў:

«Гэта толькі адзін прыклад вялікіх перамен у палітыцы Нямеччыны», — сказаў ён, дадаўшы, што заплянаваны дадатковыя інвэстыцыі ў энэргетычную інфраструктуру.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG