— 50 гадоў — гэта першы сур’ёзны юбілей. Ці адчуваеце сябе мудрым чалавекам? І наагул, на колькі гадоў сябе адчуваеце?
— Дзякуй Богу, адчуваю сябе гадоў на 30, цяжару 50 гадоў не заўважаю. І гэтая лічба ў 50 гадоў для мяне нейкая неверагодная! Раней мне здавалася, што чалавек у 50 гадоў — гэта ўжо нейкі дзед, якому ўжо час унукаў гадаваць.
Што тычыцца мудрасьці — не, я б не сказаў, што я мудры чалавек. Проста досьведу больш. Мудрасьць — гэта адноснае паняцьце. Мне падаецца, калі чалавек лічыць сябе мудрым, такім «усяведам», гэта дрэнны паказчык. Вось у юнацтве, мне падаецца, чалавек ведае адказы на ўсе пытаньні. Чым далей, прынамсі я ведаў усё менш адказаў на пытаньні. І толькі ў апошнія гадоў 5 я разумею, што толькі цяпер у мяне складаецца свой сьветапогляд. Цяпер я магу адказаць на больш пытаньняў, чым 10–15 гадоў таму.
У 22 гады балятаваўся ў Вярхоўны Савет
— А як вас, эканаміста паводле адукацыі, занесла ў журналістыку?
— Пасьля інстытуту я працаваў на «Пінскдрэве» інжынэрам па экспарце. Тады не было яшчэ слова «мэнэджар», усіх называлі інжынэрамі. Я прадаваў мэблю ад імя «Пінскдрэва» на Захад. Акурат тады Беларусьсю пачалі цікавіцца. У нас былі такія кліенты, як Іkea, салідныя нямецкія маркі.
У сярэдзіне 1990-х, калі Лукашэнка выйграў выбары, потым адбыліся рэфэрэндумы, асабліва ў невялікіх гарадах трэба было нешта рабіць з новай уладай, якая яшчэ не была такой зьверскай, як цяпер. Але ўсё адно было ясна, што рэфэрэндумы вядуць краіну не туды. Таму трэба было займацца актывізмам, пачаў пісаць з рэгіёну для «Народнай Волі», «Нашай Нівы», потым для газэты «Свабода».
У 1995 годзе я балятаваўся ў Вярхоўны Савет 13-га скліканьня. Мне было 22 гады. Тады кандыдат ад БНФ, вядомы мастак Яўген Шатохін (на жаль, ён ужо памёр) балятаваўся разам з намэнклятуршчыкам. І Шатохін папрасіў мяне, каб я таксама балятаваўся, з мэтай адарваць галасы ў намэнклятуршчыка. І я балятаваўся ад партыі «Зялёны сьвет», гэта для мяне быў такі «хэпэнінг».
Ужо тады і дырэкцыя «Пінскдрэва», і гарадзкія ўлады пачалі коса на мяне паглядаць. Гэты актывізм з часам перарос у журналістыку, бо трэба было выдаваць нейкія бюлетэні, лісткі. Аказалася, што я мову ведаю і нешта сам магу пісаць.
Потым было Радыё Свабода, я працаваў рэгіянальным карэспандэнтам. Затым выезд зь Беларусі, эміграцыя ў Польшчу. І з 2007 году я на «Белсаце».
Вымушаны быў зьехаць зь Беларусі яшчэ ў 2001-м
— Вы адзін зь першых палітычных эмігрантаў. Калі зьехалі, што стала трыгерам?
— Гэта быў 2001 год, прэзыдэнцкія выбары. Мы ў Пінску выдавалі газэту «Правінцыялка», я быў выпускаючым рэдактарам. Газэта была вельмі папулярная. У Беларусі нам паўсюль адмаўлялі ў яе друку, таму мы вазілі друкаваць яе ва Ўкраіну ў горад Сарны. Наша газэта мела наклад 8 тысяч асобнікаў. І тады завялі крымінальныя справы на некалькіх журналістаў з розных рэгіёнаў: на менчука Віктара Івашкевіча (ужо нябожчыка), гарадзенцаў Паўла Мажэйку (цяпер за кратамі) і Міколу Маркевіча. Пракуратура пачала шукаць і мяне. Як я разумею, яны хацелі заткнуць рот рэгіянальным выданьням. Бо папулярнымі была і горадзенская «Пагоня» (дзе працавалі Мікола і Павал), і «Рабочы» Івашкевіча, і наша «Правінцыялка».
Мяне папярэдзіў адзін сумленны чалавек з пракуратуры, што калі я ня выеду да ночы, то на наступны дзень будзе ўжо позна. Мы напісалі ў «Правінцыялцы» пра фальсыфікацыі на выбарах, у нас былі дакладныя крыніцы, і мяне хацелі пасадзіць. У нас з жонкай было малое дзіця, і я вырашыў не рызыкаваць і зьехаць з краіны. На зборы было паўтары гадзіны. Выехаў у Польшчу. Пазьней, дарэчы, быў завочны суд.
На шчасьце, я ўжо тады працаваў на Радыё Свабода. Прыехаў у Варшаву 9 верасьня 2001 году, 11 верасьня адбыўся тэракт у Нью-Ёрку. Патэлефанаваў кіраўніку беларускай службы Радыё Свабода Аляксандру Лукашуку, паведаміў, што зьехаў зь Беларусі, і запытаўся, ці магу працаваць з Польшчы. «Так, канечне», — адказаў Лукашук. І ўжо 11 верасьня я рабіў рэпартаж зь вялізнай акцыі салідарнасьці каля амэрыканскай амбасады. Гэта быў мой першы матэрыял з Польшчы на Радыё Свабода. Я вельмі ўдзячны Свабодзе найперш за школу. А потым ужо я сышоў на «Белсат».
Запрасілі стварыць службу інфармацыі «Белсату». Рызыкнуў. Атрымалася
— Уяўлялі вы 15 гадоў таму, што «Белсат» так доўга пратрымаецца? Як адважыліся памяняць даволі стабільную працу на ката ў мяху?
— Сапраўды тады ў мяне была нармальная праца ў Польшчы для Беларускай і Рускай службаў Радыё Свабода. Я прыстойна зарабляў, хоць быў і фрылансэрам: ваўка ногі кормяць — колькі набегаеш, столькі і заробіш. А бегаў я вельмі актыўна, калегі памятаюць, што завальваў іх рознымі прапановамі. Калі перайшоў на «Белсат», пачаў зарабляць менш. Але тут быў шанец, і ён зьдзейсьніўся. Таму што тэлебачаньне — гэта ўсё ж такі значна мацнейшы інструмэнт, чым радыё. Тады інтэрнэт ня быў так разьвіты, не было тэлеграма, інстаграма.
Калі мяне запрасілі стварыць на «Белсаце» службу інфармацыі, мне падалося, што варта рызыкнуць. Трэба было самому вучыцца, бо я працаваў у газэце, на радыё. Калі зрабіў свой першы даўгі матэрыял на тэлебачаньні, напісаў тэкст на некалькі старонак. Аказалася, што тут трэба думаць, чым ты гэты тэкст прыкрыеш, якім відэашэрагам. У мяне была катастрофа — здымкаў хапіла на адну траціну майго, канечне ж, таленавітага тэксту. І давялося скарачаць матэрыял амаль у 3 разы, каб было чым «прыкрыць». Тады мы ўсе вучыліся... Рызыкоўная была справа. Але гледзячы на тое, чым цяпер ёсьць «Белсат» і чым ён быў калісьці, разумееш, што гэта быў правільны крок.
«Ганаруся перадусім камандай «Белсату»
— Так, «Белсат» спачатку быў проста тэлеканалам, а цяпер стаў мэдыякарпарацыяй. Чым ганарыцеся асабіста, якімі праектамі?
— Я ганаруся перадусім камандай. Мы ж ад пачатку прынялі такую палітыку, што нікога ня бралі з БТ. Таму кожнага трэба было навучыць. Людзі ў асноўным былі альбо з газэт, альбо з радыё. Ганаруся той часткай каманды, якая яшчэ засталася, гэтай таленавітай моладзьдзю, якая зараз прыходзіць. Я ня ведаю, адкуль яны бяруцца. Я «ўзяўся» зь перабудовы, з Караткевіча, зь першых гадоў незалежнасьці. Адкуль яны бяруцца ў нашых цяперашніх умовах — я ня ведаю. Але калі я бачу гэтых сьветлых маладых людзей, у якіх таксама агеньчык у вачах (такі, як і ў мяне быў — спадзяюся, ён яшчэ ня згас). Ганаруся, што мы паказалі прыклад, што пры адносна невялікай фінансавай падтрымцы можна зрабіць такі праект.
«Белсат» цяпер — гэта ж ня толькі тэлебачаньне. У нас 2 мільёны падпісчыкаў на ютубе, моцныя сацсеткі — што тычыцца інфармацыі. Гэта ж маса дакумэнталістыкі, фільмаў.
Апрача інфармацыі, я вельмі ганаруся праектам «Народны альбом». Да 20-годзьдзя «Альбома» мы зрабілі «Народны альбом: 20 гадоў пасьля». Калі мы зь Лявонам Вольскім размаўлялі, я сказаў, што «Народны альбом» — гэта пярліна ў скарбонцы беларускай культуры. Ён быў запісаны на тыя часы добра, у радыёстудыі. На шчасьце, мы знайшлі сродкі — гэта былі вялізныя грошы, сотні тысяч. І я цешуся, што гэта было зроблена з маёй падачы, мне ўдалося пераканаць іншых калег на «Белсаце». Так што зь неінфармацыйнага гэтым ганаруся.
А яшчэ ганаруся тым, што мы зрабілі вялізны васьмігадзінны рэпартаж зь Вільні зь перапахаваньня парэшткаў паўстанцаў Каліноўскага. Мы паставілі там студыю проста на пляцы, насупраць Катэдры, злучэньне было праз спадарожнік. Я пераканаў таксама дырэкцыю, што гэта неабходна, сам быў на трансьляцыі. Больш за ўсё я баяўся, што мы прыйдзем раніцай, пачнем вяшчаць, а карцінка будзе так сабе: некалькі беларускіх сьцягоў, а ўсё астатняе афіцыёз. А калі я а 8-й раніцы выйшаў з гатэля і ўбачыў мора сьцягоў, у мяне проста сьлёзы пацяклі!
А потым ковід, пратэсты, шматгадзінныя этэры. Мы былі гатовыя ісьці на рэвалюцыю, ісьці на вайну, і былі гатовыя весьці 12—16-гадзінныя этэры.
— Пачыналі вы з грошай польскага ўраду. Даволі невялікіх для стварэньня тэлебачаньня. А цяпер разрасьліся ў такую карпарацыю. Дзе знаходзіце фінансаваньне?
— На сёньняшні дзень пераважная большасьць — гэта зноў жа польскія грошы. Крыху нас падтрымліваюць амэрыканцы, крыху галяндцы. Але гэта кропля ў моры. Так што гэта ў асноўным польскія грошы. А знайсьці сур’ёзныя гранты праблематычна. Цягам некалькіх гадоў нам дапамагалі швэды, яны давалі салідныя гранты. Калі донар дае грант у 20–50 тысяч, для нас ён толькі на нейкія дробныя рэчы. Таму што калі бюджэт у тэлебачаньня 12 мільёнаў эўра, то 50 тысяч асабліва не дапамогуць. Грантадаўцы з заходніх краінаў, мабыць, не гатовыя інвэставаць, даваць сур’ёзныя сумы, якія ў бюджэце «Белсату» былі б істотнымі.
«За ўсе гады я не атрымаў ніводнага званка, ніводнага ўказаньня з польскага МЗС — як і што рабіць»
— Ёсьць такі трывалы выраз, што хто плаціць, той і музыку замаўляе. Урад Польшчы неяк на вас уплывае, раіць, што рабіць, кантралюе?
— Не. Калі мы толькі пачыналі працаваць і я пагадзіўся на гэтую пасаду — спачатку ствараць, а потым кіраваць службай інфармацыі, мы дамовіліся з маім дырэктарам, што калі хтосьці будзе тэлефанаваць зь Міністэрства замежных спраў (якое ёсьць нашым галоўным спонсарам, і мы за гэта вельмі ўдзячныя) і штосьці дыктаваць — гэта будзе мой апошні працоўны дзень на «Белсаце». Вы бачыце, я тут ужо шаснаццаты год, і я працую.
За ўсе гэтыя гады я не атрымаў ніводнага званка, ніводнага ўказаньня зьверху, з польскага МЗС — як і што рабіць. Польскі бок дае грошы, але ніколі не было такой сытуацыі, калі б хтосьці тэлефанаваў, сварыўся, што Польшчу не паказалі ці ня так паказалі. І гэта я называю сапраўднай братэрскай салідарнасьцю. Таму што людзі, якія прымалі палітычнае рашэньне пра падтрымку «Белсату», добра памятаюць часы іх салідарнасьці, барацьбы за свабоду. І яны цяпер дапамагаюць нам.
«Хочам, каб праўду пра нас пабачылі ня толькі ў Беларусі. Прынялі рашэньне вяшчаць на дзьвюх мовах»
— «Белсат» зараз многія крытыкуюць за расейскую мову. Чаму вы пачалі рабіць стаўку на расейскамоўную аўдыторыю Расеі і аўдыторыю ва Ўкраіне? Які плён працы ў гэтым кірунку? Ці не замінае гэта працы для беларусаў?
— «Белсат» застаецца беларускамоўным каналам. У будні мы максымальна маем ад 2 да 2,5 гадзін этэру па-расейску. А «Белсат» вяшчае 17–18 гадзін у суткі. Так што гэта вельмі малая частка этэру.
У нас і раней было пару праграм па-расейску (да прыкладу, сатырычная праграма «Вечерний шпиль», кароткая праграма «Вот так»). Праграма «Жэстачайшы мульт» была на трасянцы.
24 лютага 2022 году, калі пачалася вайна, мы сабраліся раніцай у студыі, і трэба было прымаць рашэньне, што рабіць. Вядома, што трэба было пераходзіць як мага хутчэй на жывы этэр. Паўстала пытаньне: на якой мове. І мы прынялі рашэньне, што на дзьвюх мовах пачынаем вяшчаць. Беларуская мова, вядома, будзе нашай асноўнай. Але ў нас ёсьць гледачы — украінцы, расейцы, мы хочам, каб праўду пра нас пабачылі ня толькі ў Беларусі. У нас ёсьць верная публіка ў Казахстане — каля 10%, у Армэніі, у Азэрбайджане, у Малдове — будзем вяшчаць на дзьвюх мовах. І гэта апраўдалася.
На пачатку вайны наш рускамоўны канал «Вот так» меў каля 300 тысяч падпісчыкаў. А зараз — 1 мільён. І што важна — прыкладна палова падпісчыкаў і ўвогуле праглядаў — з расейскіх ІР. Калі за год палічыць — гэта сотні мільёнаў праглядаў. Я лічу гэта вельмі істотным. Бо часта расейцы не разьбіраюцца, можа, думаюць дзе-небудзь у Сыбіры, што гэта афіцыйныя беларускія каналы, калі вяшчаюць па-беларуску...
Але калі паглядзець на фронт не вайсковы, а інфармацыйны, на пачатку вайны на гэтым інфармацыйным фронце было вельмі мала жаўнераў. Каго мы можам назваць? Свабодаўскі праект «Настоящее время», «Нямецкую хвалю» — і ўсё. Потым «Дождь» аднавіў вяшчаньне, але ў іх праблемы. А беручы пад увагу моц і такое «багацьце» расейскай дзяржаўнай прапаганды — гэта нуль, мы вельмі слабенькія. Таму я вырашыў, што вельмі істотна гаварыць расейцам пра гэта. Бо вораг жа адзін.
Калі Расея паламае зубы аб Украіну, гэта залежыць і ад Беларусі. Калі некалькі тысяч расейцаў зразумеюць, што творыць іх урад, гэта варта рабіць. І яшчэ адзін істотны момант: калі шмат гадзін у этэры сядзеў беларускамоўны і расейскамоўны вядоўца, вельмі цікава было чытаць камэнтары расейцаў. Нам шмат пісалі: «А что, белорусский язык существует? Так это красивый язык». То бок, у прынцыпе, гэта не было мэтай, але аказалася, што для часткі расейцаў мы адкрылі існаваньне беларускай мовы і зрабілі яе раўнапраўнай. Нам шмат пісалі: «А что, белорусский язык существует? Так это красивый язык».
Таму мы працягваем расейскамоўнае вяшчаньне. Мы хочам, каб нас глядзелі і ў Расеі, і ва Ўкраіне, у нас ёсьць цяпер дзьве беларуска-ўкраінскія праграмы. Так што мы ўсё больш становімся рэгіянальным тэлеканалам, абсалютна не губляючы сваёй беларускай ідэнтычнасьці.
«Частка людзей прынцыпова адмовіліся выяжджаць. У тым ліку і Ірына Слаўнікава»
— Аляксей, давайце пагаворым пра людзей зь «Белсату». Спачатку на канал проста «наяжджалі», вы былі рэкардсмэнам па штрафах, карэспандэнтаў саджалі на суткі. А ў 2021-м — ужо на гады. Раней вы казалі, што калі б ведалі, чым скончыцца стрым Каці Андрэевай і Дашы Чульцовай, ніколі не паслалі б дзяўчат на такое заданьне. У выніку — 8 гадоў турмы Каці. Ужо глыбокай восеньню 2021-га затрымалі Ірыну Слаўнікаву. Пасадзілі на 5 гадоў. Ці варта было так падстаўляць людзей?
— Калі журналістаў пачалі прызнаваць экстрэмістамі, «Белсат» эвакуаваў ва Ўкраіну каля 40 чалавек. Потым у Польшчу, Літву мы эвакуавалі ўсіх, хто хацеў. Калі пачалася вайна, трэба было ўсіх, хто быў ва Ўкраіне (а ў іх заблякавалі карткі, у некаторых не было нават дакумэнтаў, бо аддалі ў Кіеве ў польскую амбасаду на візу), вывезьці адтуль. Увогуле мы вывезьлі больш за 100 чалавек, хто працаваў у Беларусі. Амаль усіх. Але...
Была частка людзей, якія прынцыпова адмовіліся выяжджаць. У тым ліку і Ірына Слаўнікава. Я не магу змусіць кагосьці зьехаць. Частка людзей была добра закансьпіраваная. Але некаторыя, якія раней працавалі на «Белсаце», былі раней ці пазьней адсочаныя і знойдзеныя. Але, паўтаруся, кожны меў магчымасьць выехаць.
Мала таго, усім, хто выехаў, мы далі магчымасьць працаваць. У Варшаве, у Беластоку, у Вільні. Людзі дагэтуль атрымліваюць грашовую дапамогу, месца, дзе жыць — мы нанялі шмат кватэр і ў Варшаве, і ў іншых польскіх гарадах. Мы дапамагаем як можам. У тым ліку і псыхолягамі. Праўда, часам трэба брацца за працу не такую, як раней, і перавучвацца. Ня ўсе знайшлі сябе ў новых умовах.
Так, былі людзі, якія не хацелі выяжджаць, і гэта скончылася так, як скончылася. Але я маю вялікую надзею, што і крамлёўскі рэжым, і разам зь ім беларускі — хутка ляснуцца. Я не прымаю да сьвядомасьці, што Іра Слаўнікава будзе сядзець 5 гадоў, а Каця Андрэева — 8.
«Дзяніс Дудзінскі і Каця Ваданосава не былі запэцканыя ў прапагандзе»
— Вы казалі раней, што ня бралі прынцыпова супрацоўнікаў з БТ. Цяпер у вас твар тэлеканалу — БТ-шная зорка, якая вяла «Славянскія базары», урадавыя мерапрыемствы. А сапраўдныя твары «Белсату», якія працавалі ад самага пачатку, сыходзяць. Зьмяніліся прынцыпы?
— 2020 год шмат што расставіў на свае месцы. Калі мы гаворым пра інфармацыю, то ў нас асабліва твараў БТ няма. Вы кажаце: старыя кадры сыходзяць. Ну так, у нас проста разрастаюцца этэры. І калі раней была адна інфармацыйная праграма «Аб’ектыў», якая доўжылася 25 хвілін, там было пару ўсім вядомых вядоўцаў. Зараз, калі ў нас кожны дзень ад 3 да 3,5 гадзіны прамога этэру, трэба больш вядоўцаў. І трэба кадры для іншых праграм.
Той жа Дзяніс Дудзінскі і Каця Ваданосава — гэта людзі, якія працуюць у праграмах, а не ў інфармацыйным этэры. Але яны выказалі адназначную пазыцыю, што тычыцца падзей 2020 году. І гэтыя людзі не былі запэцканыя ў прапагандзе. Вось гэтыя два крытэры, якія мы выкарыстоўвалі.
«На шчасьце, на сьвеце 2023 год, а не 2007, калі мы пачыналі. Ёсьць новыя лайфхакі»
— А як працуецца зараз — без карэспандэнтаў у Беларусі, з заблякаваным сайтам, экстрэмісцкім статусам і рэальнымі пагрозамі для аўдыторыі ў Беларусі?
— На шчасьце, на сьвеце 2023 год, а не 2007, калі мы пачыналі. Зусім іншыя тэхнічныя магчымасьці, іншыя настроі ў грамадзтве, нягледзячы на тое, што сотні тысяч актыўных беларусаў выехалі. Усё ж такі дагэтуль мы маем магчымасьць атрымліваць ад нашых гледачоў у Беларусі розныя матэрыялы, візуальныя ў тым ліку. Ёсьць магчымасьць карыстацца афіцыйнымі здымкамі. Ёсьць «Кібэрпартызаны».
Натуральна, за апошні час журналісцкая праца вельмі зьмянілася. Ёсьць новыя лайфхакі. У нас заўсёды ёсьць здымкі, заўсёды ёсьць экспэрты (на шчасьце). Так што, у прынцыпе, працаваць можна. Адзінае — трэба прызвычаіцца, што ня будзе так, як было раней. Калі нават незалежныя СМІ ў Беларусі мелі акрэдытацыю беларускага МЗС, яны працавалі легальна, маглі хадзіць на прэс-канфэрэнцыі. А «Белсат» ніколі ня меў ніякіх акрэдытацый, мы ў паўпартызанскіх умовах працавалі шмат гадоў. Таму, як ні парадаксальна, нам было лягчэй, калі ўсё так адбылося.
«Для мяне самае галоўнае ў журналісцкай працы — ідэйнасьць»
— Ці былі выклікі падобнага маштабу ў вашым жыцьці? Як зь імі спраўляцца?
— Я ніколі ня думаў, што да такога дажыву. Пратэсты ўдалося адпрацаваць даволі добра, былі шматгадзінныя жывыя этэры. Потым рэпрэсіі. Цяжка, канечне, перадусім мэнтальна было ўсё гэта перажываць. Потым вайна. Бо мы раней працавалі па 2,5 гадзіны ў жывым этэры, а тут трэба рабіць па 16 гадзін. Спачатку падавалася, што гэта немагчыма. Але аказалася, што магчыма. Наша каманда спраўлялася, нягледзячы на патройную нагрузку.
Для мяне самае галоўнае ў працы — ідэйнасьць. Калі ты ідэйны, калі ты верыш, што свабоднае слова ў стане зьмяніць сытуацыю ў сваёй краіне, у іншых краінах, — толькі з такой верай можна працаваць. Я ў незалежных мэдыя працую больш за 25 гадоў, а тут працуюць маладыя людзі, якім па 24 гады. І яны часам глядзяць на мяне як на нейкага выкапня. Трэба верыць у сілу свабоднага слова. Калі ты працуеш зь верай і ідэяй — то цябе «не спыніць, не стрымаць».
«Пасьля 100 паведамленьняў у галаве каша. І чалавек уключае аналітыкаў — Карбалевіча і Цыганкова»
— І ўсё ж за чым будучыня: за сацсеткамі, тэлеграмам, інстаграмам зь іх кароткімі паведамленьнямі? Ці застанецца сур’ёзная, аналітычная журналістыка?
— Сытуацыя кардынальна зьмянілася. Яшчэ да пратэстаў, да вайны быў такі трэнд, што людзі хацелі глядзець кароткія матэрыялы. Напрыклад, наша асноўная інфармацыйная праграма «Аб’ектыў» доўжылася 25 хвілін, і нас адмыслоўцы зь ютубу пераконвалі, што 25 хвілін ніхто ня будзе глядзець — трэба рэзаць на кавалкі. Так і было: «Аб’ектыў» працягласьцю ў 25 хвілін праглядаўся слабей, чым нейкі асобны матэрыял.
Але потым мы пераканаліся, што людзі хочуць глядзець і даўгія формы, размовы экспэртаў. Чалавек глядзіць цэлы дзень навіны, чытае 100 паведамленьняў у тэлеграм, у канцы дня ў яго каша ў галаве. Што ўсё гэта значыць? І ён уключае аналітыкаў — Карбалевіча, Цыганкова ў студыі «Белсату», і яны тлумачаць, што важна, усё раскладуць па палічках. Таму, стомленыя шэрагамі кароткіх паведамленьняў, людзі хочуць больш аналітыкі. Так што павінна быць раўнавага. Я мяркую, што будзе свая аўдыторыя ў кароткіх паведамленьняў па два-тры сказы. Але будзе свая аўдыторыя (і яна расьце ў нас) — у ток-шоў «Двубой» і праграмы «Плян Б».
Так што будучыня за незалежнай журналістыкай, не зважаючы на тое, маладыя гэта кадры ці крыху старэйшыя. Як тэлебачаньне мы раўняемся на BBC ці на CNN. Зьвярніце ўвагу на іх вечаровыя этэры, размовы з палітыкамі, з важнымі асобамі — вы там не пабачыце маладых вядоўцаў. Там працуе так званы «silver head» — сівыя валасы. Я, канечне, не павінен гэтым цешыцца, але тая моладзь, якая з намі пачынала, ужо становіцца «silver head». Але вядуць у нас жывыя этэры і маладзейшыя асобы, гэта таксама файна. Я лічу, што тут ня трэба «эйджызму».
«Я патрыёт сваёй „малой Бацькаўшчыны“ — Палесься»
— Вы раней казалі, як толькі ў Беларусі будуць зьмены, першым рэйсам паляціце на радзіму на прэзэнтацыю сваёй новай кнігі «Оньдэ». Што для вас Палесьсе, Піншчына, «малая радзіма»?
— Для мяне Палесьсе, Пінск — важнейшыя за Менск. У сталіцы я толькі вучыўся ў інстытуце, але ніколі не разумеў, што ў гэтым горадзе такога файнага. Шчыра скажу: я не патрыёт Менску. Я патрыёт сваёй «малой Бацькаўшчыны» — Палесься. Я там вырас, я гаварыў да сямі гадоў на палескай гаворцы, на палескім дыялекце. І калі я пайшоў у школу ў вёсцы пад Пінскам, то я быў адзіным дзіцем, якое не гаварыла па-расейску. Там юнацтва, маладосьць, першая праца, першае каханьне, там дзіця нарадзілася. Для мяне гэта вельмі важна.
І гэтая палеская гаворка — яна «выплыла» зь мяне фактычна праз 40 гадоў — нечакана для мяне самога. Тое, што я не магу паехаць на прэзэнтацыю сваёй кнігі ў Беларусь, — для мяне гэта прыкра. Гэта мая настальгія па Пінску. Але цяпер яна менш нэрвовая, зь ёй я ўжо звыкся. А людзі, якія цяпер прыехалі, праходзяць цяпер тое, што я праходзіў 20 гадоў таму. Не паверыце, але першыя два-тры гады мне Пінск сьніўся штодзённа! Гэта быў кашмар. То я на базары, то я праз мост празь Піну іду, то я на плошчы... Я думаў: калі гэта скончыцца?
Я зрабіў дзьве прэзэнтацыі ў маленькім украінскім гарадку Зарэчнае, які за 30 кілямэтраў ад Пінску. Я практычна амаль мог пабачыць Беларусь, але ня мог там зрабіць прэзэнтацыю. Але некалькі дзясяткаў асобнікаў маёй кнігі ў мяне ўжо «НЗ» для прэзэнтацыі ў Пінску.
Я рыхтую другую кніжку, спадзяюся, яна праз пару месяцаў выйдзе. Яна будзе называцца «Сьветумузыка». Гэта пераклады сусьветных гітоў — Pink Floyd, Metallica, Deep Purple, Nazareth — на палескую гаворку.