«Трэці дзень я ўжо дома і хачу сказаць усім вялікі дзякуй, што пісалі мне, што не забываліся. Дзякуй усім, хто піша зараз, прабачце, калі камусьці не магу адказаць. Гэта, праўда, вельмі цяжка. Проста хачу сказаць усім дзякуй.
Я да гэтага часу не магу паверыць у тое, што адбываецца, і ў тое, што адбываецца з Кацяй. Я спадзяюся, што ўсё ж хутка скончыцца.
Вы неймаверныя людзі. Проста столькі падтрымкі... Я ня думала, што калі-небудзь у жыцьці ў мяне будзе такая падтрымка. Дзякуй усім вялікі!»
Журналістак «Белсату» Кацярыну Андрэеву і Дар’ю Чульцову затрымалі 15 лістапада 2020 году падчас жывой трансьляцыі з акцыі памяці загінулага беларускага актывіста Рамана Бандарэнкі.
Паводле вэрсіі сьледзтва, з прычыны стрыму, які журналісткі вялі з аднаго з суседніх высотных будынкаў, быў спынены рух 13 аўтобусных маршрутаў, трох тралейбусных і трох трамвайных.
Журналістак асудзілі на 2 гады пазбаўленьня волі паводле абвінавачаньня ў «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх».
У красавіку 2022 году стала вядома, што на Кацярыну Андрэеву завялі новую крымінальную справу паводле артыкула «Здрада дзяржаве». 13 ліпеня яе асудзілі на 8 гадоў і 3 месяцы пазбаўленьня волі з улікам прызначанага раней судом Фрунзэнскага раёну Менску пакараньня. Суд праходзіў у закрытым рэжыме. На падставе якіх падзей на Кацярыну завялі новую справу, дагэтуль невядома. Суд прызнаў журналістку вінаватай «у перадачы дзяржаўных сакрэтаў замежнай арганізацыі, замежнай дзяржаве».
Андрэева падала апэляцыйную скаргу на прысуд, пакуль яна застаецца ў гомельскім СІЗА № 3, дзе знаходзіцца ад пачатку новага сьледзтва ў лютым 2022 году.
Вярхоўны суд мае разглядаць яе скаргу 20 верасьня.
Па словах родных, ёй моцна абмежавалі перапіску — лісты і паведамленьні даходзяць толькі ад найбліжэйшых родных.
Дар’і Чульцовай, якую затрымлівалі і судзілі разам з Андрэевай, новых абвінавачаньняў не выстаўлялі, яна адбывала свой тэрмін у жаночай калёніі Гомля.
Змаганьне ўлады супраць недзяржаўных СМІ
Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.
Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.
Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду. На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.
Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».
Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».