Сьцісла:
- Створана цэлая сыстэма рэпрэсіўнага заканадаўства.
- Сфармавана і пастаўлена на канвэер судовае вядзеньне ў «палітычных» справах.
- Абвінавачаньні з боку сьледзтва і пракуратуры ўсё часьцей маюць не прававы, а палітычны характар.
- З дапамогай рэпрэсій улады імкнуцца зьмяніць электаральную карціну краіны на сваю карысьць.
У Менску распачаўся завочны суд над Сьвятланай Ціханоўскай, Паўлам Латушкам, Марыяй Мароз, Вольгай Кавальковай і Сяргеем Дылеўскім. Гэта ўжо ня першы завочны працэс у Беларусі. Так, адміністратарам «Чорнай кнігі Беларусі», а таксама кіраўнікам Беларускага фонду спартовай салідарнасьці Аляксандру Апейкіну і Аляксандры Герасімені далі па 12 гадоў зьняволеньня.
Завочныя суды над апазыцыянэрамі адметныя тым, што палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі набываюць новую якасьць. Яна выяўляецца ў некалькіх кірунках.
Найперш, створаная цэлая сыстэма рэпрэсіўнага заканадаўства. Законы аб завочных судах, аб пазбаўленьні грамадзянства, аб канфіскацыі маёмасьці і шэраг іншых накіраваны ў першую чаргу супраць беларусаў-эмігрантаў. Яны ствараюць перадумовы, каб выкінуць з грамадзкага жыцьця краіны не ляяльных да кіроўнага рэжыму грамадзян.
Таксама сфармавалі і паставілі на канвэер судовае вядзеньне ў «палітычных» справах. Вось завочныя суды ўжо ідуць адзін за адным.
Важна зьвярнуць увагу, што абвінавачаньні з боку сьледзтва і пракуратуры носяць усё больш не прававы, а палітычны характар, але ўлады гэтага нават не хаваюць.
Так, напрыклад, у судзе над супрацоўнікамі рэсурсу Tut.by пракуратура абвінавачвае журналістаў у тым, што апублікаваныя там інфармацыйныя матэрыялы зьмяшчалі «заведама пазытыўную ацэнку дзеяньняў апанэнтаў улады», а таксама «нэгатыўнае адлюстраваньне рашэньняў службовых асоб».
Цікавыя абвінавачаньні выставілі супраць грамадзкага дзеяча і прадпрымальніка Паўла Белавуса. На думку Сьледчага камітэту, «у 2011 годзе абвінавачаны для пошуку аднадумцаў пачаў трансьляваць патрэбную яму інфармацыю ў масы, ...распаўсюджваў ідэі беларускага нацыяналізму, мэтай якіх зьяўлялася зьмена дзяржаўнай улады ў Беларусі».
Абвінавачаньні ў адрас экс-кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Дзьмітрыева — яшчэ адзін прыклад прававога абсурду. Сьледзтва бачыць злачынства ў тым, што той шмат разоў перасякаў дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь. «Сьледзтва мяркуе, што наяўнасьць кантактаў у Дзьмітрыева з прадстаўнікамі Захаду і ЗША можа сьведчыць аб каардынацыі ягонай „палітычнай“ дзейнасьці з-за мяжы. Ёсьць інфармацыя, што затрыманы кантактаваў зь дзяржаўным сакратарыятам ЗША і асабіста зь яго былой кіраўніцай Гілары Клінтан», — падкрэсьліваюць у паведамленьні Сьледчага камітэту. Для даведкі: сустрэча Гілары Клінтан зь лідэрамі беларускай апазыцыі адбылася ў 2010 годзе.
Лішне казаць, што ўсе гэтыя абвінавачаньні не грунтуюцца на законе. Яшчэ не пасьпелі прыняць прававыя акты, якія забараняюць крытыку ўлады, пашырэньне ідэяў беларускага нацыяналізму ці перасячэньне мяжы і сустрэчы з прадстаўнікамі Захаду. Магчыма, гэта яшчэ напрадзе. Аднак на судзе ўсё гэта трактуецца як крымінальнае злачынства.
Акрамя запалохваньня ўсіх незадаволеных, маральнай кампэнсацыі за траўму, атрыманую ў 2020 годзе, гэтае рэпрэсіўнае заканадаўства заклікана вырашыць шэраг цалкам прагматычных задач.
Пазбаўленыя грамадзянства апанэнты аўтаматычна страчваюць магчымасьць удзельнічаць у выбарах у якасьці кандыдатаў у прэзыдэнты і дэпутаты. Так лёгка і проста можна пазбавіцца ад канкурэнтаў.
З улікам таго, што за мяжу эмігравалі некалькі сотняў тысяч чалавек і гэты працэс працягваецца, дзейны рэжым можа выштурхнуць за мяжу без права вяртаньня назад вялікую колькасьць незадаволеных. І такім чынам зьмяніць электаральную карціну краіны на сваю карысьць. Прыхільнікі Лукашэнкі могуць апынуцца ў большасьці. І тады можна будзе праводзіць выбары безь вялікіх асьцярог.
А з дапамогай канфіскацыі маёмасьці ў праціўнікаў улады можна забясьпечыць жыльлём усіх сілавікоў.
Сёньня такая пэрспэктыва здаецца фантастычнай. Але яшчэ зусім нядаўна ніхто ня мог уявіць цяперашняга маштабу палітычнага тэрору.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.