Кэвін Макарці атрымаў 216 галасоў кангрэсмэнаў з 428, яго асноўны супернік — дэмакрат Хакім Джэфрыс — 212. Для абраньня на пасаду сьпікера Палаты прадстаўнікоў неабходна набраць 218 галасоў, але 6 рэспубліканцаў адмовіліся аддаваць свае галасы за прапанаваных кандыдатаў, таму колькасьць галасоў, неабходная для атрыманьня большасьці, скарацілася да 216.
Дэбаты па пытаньні абраньня новага сьпікера Палаты прадстаўнікоў працягваліся 4 дні. Галасаваньне давялося праводзіць 15 разоў, бо група радыкальных рэспубліканцаў адмаўлялася падтрымаць аднапартыйца Макарці, патрабуючы ад яго ў абмен на свае галасы розных саступак: спрашчэньня працэдуры выбраньня і зьняцьця сьпікера, прызначэньня чальцоў іх групы ў ключавыя камітэты, галасаваньняў за зьніжэньне дзяржаўных выдаткаў.
Паводле крыніц Reuters, Кэвін Макарці пагадзіўся на некаторыя саступкі: у прыватнасьці з тым, што любы кангрэсмэн зможа ў любы момант запатрабаваць правесьці галасаваньне за ягоную адстаўку.
Сьпікер Палаты прадстаўнікоў ЗША — трэцяя паводле значнасьці пасада ў ЗША. Пасьля віцэ-прэзыдэнта ён зьяўляецца наступным у чарзе на пасаду прэзыдэнта. Сьпікер валодае найважнейшымі паўнамоцтвамі: ён вызначае парадак дня, дае ход законапраектам і іншым заканадаўчым ініцыятывам, вядзе перамовы ад імя палаты з кіраўніцтвам Сэнату і Белым домам.
Апошні раз сьпікера Палаты прадстаўнікоў не ўдалося выбраць зь першага разу 100 гадоў таму: у 1923 годзе на гэта спатрэбілася 9 тураў галасаваньня.
Папярэднім сьпікерам палаты была дэмакрат Нэнсі Пэлосі. У лістападзе 2022 года яна аб’явіла, што сыходзіць са сваёй пасады.