Сайт «Наше мнение» вяртаецца да працы. Гэта добрая навіна для беларускай экспэртнай супольнасьці, лічыць сацыёляг Генадзь Коршунаў.
«Гэта значыць, што рэпрэсіі, пасадкі і выцісканьне незадаволеных за мяжу не спыняе нашай дзейнасьці», — напісаў ён.
На старонцы «НМ» зьявілася некалькі новых тэкстаў, сярод якіх і тэкст Коршунава з аналізам расейска-ўкраінскай вайны і наступстваў яе для Беларусі.
«Колькі б ні працягнулася расейска-ўкраінская вайна, Расея ў ёй ужо прайграла, прайграла стратэгічна. І ня толькі таму, што сьвет убачыў надзьмутую бурбалку ваеннай моцы РФ і яе „бавоўну“ (хоць і гэта вельмі важна). Галоўнае — гэта выключэньне былой прэтэндэнткі на ролю сусьветнага лідэра зь ліку краін цывілізаванага сьвету, зараз нават статус Расеі як краіны-бэнзакалёнкі, на якім можна было працягнуць яшчэ некалькі дзесяцігодзьдзяў, і той пад пытаньнем: Эўрапейскі (а зь ім і сусьветны) энэргетычны рынак перабудоўваецца, і робіць гэта нечакана хутка.
У сьвеце тэхналёгій Расея таксама ўжо аказваецца недзе ў раёне ўзбочыны, вайна гэта прадэманстравала вельмі пераканаўча. А санкцыі лякалізуюць расейскае тэхналягічнае адставаньне ў раёне індустрыяльнага пэрыяду — гэта ўжо мінулая эпоха. І ніякім імпартазамяшчэньнем ці кантрабандай інавацыі выключэньне з дасьледча-тэхналягічнага працэсу не аднавіць. Тую самую выснову можна распаўсюдзіць і на выключэньне расейскіх карпарацый з сусьветных вытворчых ланцужкоў, Кітаем іх не заменіш».
«Наше мнение» — інтэрнэт-праект, які зьбірае аналітычныя думкі беларускіх і замежных экспэртаў і навукоўцаў. Там друкаваліся амаль усе вядомыя беларускія аналітыкі і палітолягі. Першы выпуск апублікаваны ў 2003 годзе.
Каардынатарам экспэртнай сеткі «Наше мнение» выступае доктар культуралёгіі Вадзім Мажэйка. Сайт экспэртнай супольнасьці стварыў літаратуразнаўца, цяперашні палітвязень Аляксандар Фядута разам зь Сяргеем Панькоўскім і Сьвятланай Навумавай. Шматгадовай рэдактаркай праекту выступала палітоляг і кансультант, палітзьняволеная Валерыя Касьцюгова.