Сьцісла:
- Вайна стварыла для рэжыму Лукашэнкі другую лінію ізаляцыі, «жалезную заслону». Першая зьявілася пасьля падзеяў 2020 году.
- Другі выклік, які таксама стаў вынікам вайны, гэта звужэньне сувэрэнітэту Беларусі.
- Мы назіралі шпаркую трансфармацыю аўтарытарнага рэжыму ў таталітарны.
- Беларускае грамадзтва аказалася ў руках дыктатара больш плястычным, чым гэта бачылася раней.
- У канцы года рэзка актуалізавалася тэма палітвязьняў.
Што ўжо відавочна сёньня: вайна стварае новую «жалезную заслону», «Бэрлінскі мур» у Эўропе. І адзінай краінай, акрамя Расеі, якая непасрэдна саўдзельнічае ў гэтай дзікай антыўкраінскай авантуры і тым самым апынулася па другі бок заслоны, аказалася Беларусь.
Вайна стварыла для рэжыму Лукашэнкі другую лінію ізаляцыі. Падзеі 2020 году (фальсыфікацыя вынікаў выбараў, масавыя пратэсты, палітычныя рэпрэсіі) сталі прычынай міжнароднай ізаляцыі афіцыйнага Менску. Захад не прызнаў Лукашэнку прэзыдэнтам Беларусі, іншыя краіны сьвету паставіліся да яго насьцярожана, чакалі, чым закончыцца ўнутраны канфлікт.
З пачаткам вайны Беларусь аказалася адзінай саюзьніцай Расеі. Абедзьве краіны апынуліся ў глыбокай ізаляцыі. Пра гэта сьведчыць і пазыцыя іншых чальцоў АДКБ, і галасаваньне за адпаведныя рэзалюцыі ў ААН.
Лукашэнку не прывыкаць да міжнароднай ізаляцыі. Большую частку свайго кіраваньня ён знаходзіцца ў статусе ізгоя. Але цяпер сытуацыя трохі іншая. Зусім іншы маштаб ізаляцыі. Сам Лукашэнка неаднаразова згадваў, якія няроўныя сілы ўдзельнічаюць у гэтым супрацьстаяньні. Маўляў, двое супраць 50 дзяржаваў. «Мы ўдваіх суагрэсары, самыя шкодныя і таксычныя людзі на гэтай плянэце», — канстатаваў Лукашэнка падчас візыту Пуціна ў Менск. Скрозь іронію праступалі дрэнна прыхаваныя горыч і безнадзейнасьць. Вось гэтая другая лінія ізаляцыі Беларусі спарадзіла глыбокі цывілізацыйны роў. Справа тут нават не ў санкцыях. Падвойная ізаляцыя фармуе ў прыхільнікаў рэжыму псыхалёгію крэпасьці ў аблозе. З усімі адпаведнымі наступствамі.
Другі выклік, які таксама стаў вынікам вайны — гэта звужэньне сувэрэнітэту Беларусі, і непасрэдным наступствам гэтага працэсу — звужэньне ўлады Лукашэнкі над Беларусьсю. Што асабліва балюча для яго — краіна страчвае вайсковы сувэрэнітэт. Лукашэнка ўжо не поўнаўладны сувэрэн гэтай тэрыторыі. Бо тут знаходзяцца войскі суседняй краіны, якія падпарадкоўваюцца свайму ўладару і выкарыстоўваюць беларускую тэрыторыю так, як ім выгадна.
Узьнікла вялізная залежнасьць Беларусі ад Расеі ў іншых сфэрах: эканамічнай, фінансавай, энэргетычнай, лягістычнай, інфармацыйнай і інш. З аднаго боку, гэта выратаваньне для рэжыму Лукашэнкі. Таму, дарэчы, ня спраўдзіліся шматлікія прагнозы аналітыкаў наконт эканамічнага абвалу. А з другога боку, гэта зьмяншэньне лукашэнкаўскай улады. Што вельмі балюча чыста псыхалягічна. Можна прыгадаць, зь якой маральнай напругай ён быў вымушаны наведваць Абхазію, як беларускія дзяржаўныя мэдыя імкнуліся зьмікшаваць гэты прагін перад Пуціным.
Значыць, калі паўстала дылема — падзяліцца ўладай зь беларускім народам ці з кіраўніком суседняй дзяржавы, Лукашэнка выбраў другое. Паводле псыхалёгіі сярэднявечнага манарха. Дзяліць уладу з плебсам — гэта ганебна. А вось трапіць у залежнасьць ад больш моцнага караля, князя ці цара — гэта, згодна з паняцьцямі фэадальнага грамадзтва — зусім ня так і сорамна.
Але цяпер даводзіцца расхлёбваць нэгатыўныя практычныя наступствы гэтай залежнасьці. Ягонае атачэньне можа пачаць пільна глядзець на Маскву, бачыць у Пуціну рэальнага гаспадара. Не выпадкова апошнім часам Лукашэнка так часта стаў гаварыць пра моц і непахіснасьць беларускай незалежнасьці. Бо адчувае балючае месца, на якое можна націснуць.
Такім чынам, Беларусь за «жалезнай заслонай» і моцна ўрэзаным сувэрэнітэтам, са статусам суагрэсара — вось вынік 2022 году ў вонкавай палітыцы.
Што тычыцца ўнутраных трэндаў, то тут мы назіралі шпаркую трансфармацыю аўтарытарнага рэжыму ў таталітарны. Лукашэнка сёлета разбурыў шмат якія ўяўленьні аўтарытэтных дасьледчыкаў пра межы, «чырвоныя лініі» ў грамадзка-палітычных працэсах. Беларускае грамадзтва аказалася больш пластычным у руках дыктатара, чым гэта бачылася раней.
Напрыклад, шмат было высноваў наконт таго, што ператварыць Беларусь у Паўночную Карэю немагчыма, бо, маўляў, гэта ж цэнтар Эўропы, ХХІ стагодзьдзе. Аднак рэальнасьць аказалася значна больш складанай, чым шмат каму ўяўлялася. Пакуль тут яшчэ не Паўночная Карэя, аднак паводле шмат якіх паказьнікаў Беларусь вярнулася ў СССР сталінскіх часоў (неабмежаваная ўлада карных органаў, вялізныя тэрміны зьняволеньня па «палітычных» артыкулах).
Вельмі адметна, што ў канцы году рэзка актуалізавалася тэма палітвязьняў. Тут дзьве прычыны.
Па-першае, апошнімі месяцамі рэзка ўзмацніўся палітычны тэрор. Паводле дасьледаваньня аўтараў «Беларускага трэкера перамен», колькасьць «палітычных судоў» восеньню склала ў сярэднім 145 на месяц супраць сярэднестатыстычнай лічбы 84 за папярэднія месяцы 2022 году. Калі ўлетку ў сярэднім затрымлівалі па 100-120 чалавек на месяц, то ўвосень — у 3,5 раза больш.
Тут дзейнічае і лёгіка эвалюцыі аўтарытарнага рэжыму ў таталітарны, і адчай ад атмасфэры «жалезнай заслоны», крэпасьці ў аблозе, і помста Захаду за адмову таргавацца палітвязьнямі.
Па-другое, зноў жа памяняліся ўяўленьні пра пэрспэктывы рэжыму Лукашэнкі. Нейкі час у экспэртным асяродзьдзі дамінавала думка, што доўга «сядзець на штыках» немагчыма, што ня больш чым праз два гады рэжым ці то абрынецца, ці то павінен будзе пачаць лібэралізацыю, перамовы з Захадам і вызваляць палітвязьняў. І была папулярная думка, што суровыя прысуды палітзьняволеным ня страшныя, ня трэба гэтага баяцца, усё роўна сядзець гэты тэрмін яны ня будуць.
Аднак час ідзе, а рэжым толькі ўмацоўваецца. Некаторыя вязьні ўжо адсядзелі свае тэрміны зьняволеньня, выйшлі на волю. Частку зь іх затрымліваюць паўторна.
Таму і пачалі гучаць моцныя папрокі ў адрас каманды Ціханоўскай: чаму, маўляў, вы іх не вызваляеце.
Увогуле, 2022 год стаў яшчэ адным годам беларускай драмы. І колькі іх яшчэ наперадзе?
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.