Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вайна, палітвязьні, прызнаньне Ціханоўскай: прагнозы беларускіх экспэртаў на 2023 год


Каляж
Каляж

Чаго чакаць ад 2023 году, які пачаўся? Ці пашлюць беларусаў ваяваць, ці скончыцца вайна, які будзе курс рубля — гэтыя і іншыя пытаньні мы задалі 20 экспэртам напярэдадні Новага году ў нашай традыцыйнай анкеце прагнозаў.

У сьнежні 2023 году мы падвядзем вынікі, вызначым, хто найлепш пацэліў у сваіх прадказаньнях.

Прапануем вам прагнозы першых 11 экспэртаў. У наступнай публікацыі — яшчэ 10 прагнозаў.

Рыгор Астапеня, доктар палітычных навук, дырэктар па дасьледаваньнях у Цэнтры новых ідэяў (Варшава, Польшча)

Рыгор Астапеня
Рыгор Астапеня

1. Які будзе курс рубля адносна даляра ЗША на канец 2023 году?

2,7.

2. Які напрыканцы 2023 году будзе сярэдні заробак у даляравым эквіваленце?

600 «бруднымі».

3. Хто будзе прэм’ер-міністрам Беларусі ў сьнежні 2023 году?

Раман Галоўчанка.

4. Ці адбудуцца ў Беларусі ў 2023 годзе масавыя пратэсты, мірныя альбо нямірныя?

Не.

5. Колькі ў Беларусі будзе палітвязьняў у канцы 2023 году?

1100.

6. Ці ўступіць беларускае войска ў вайну ва Ўкраіне на баку Расеі на працягу 2023 году?

Не.

7. Ці ўчыняць расейскія войскі наземны напад на Ўкраіну з тэрыторыі Беларусі?

Не.

8. Ці скончыцца ў 2023 годзе вайна Расеі з Украінай? Калі так, то чым яна скончыцца?

Не.

9. Ці застанецца напрыканцы 2023 году Аляксандар Лукашэнка асобай, якая рэальна кантралюе сытуацыю ў Беларусі?

Так.

10. Ці застанецца напрыканцы 2023 году Ўладзімір Пуцін прэзыдэнтам Расеі?

Так.

11. Колькі разоў на працягу 2023 году Аляксандар Лукашэнка сустрэнецца з Уладзімірам Пуціным?

10.

12. Ці будзе існаваць у канцы 2023 году Абʼяднаны пераходны кабінэт?

Так.

13. Ці адбудзецца ў 2023 годзе афіцыйная сустрэча Сьвятланы Ціханоўскай з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім?

Не.

14. Колькі дзяржаў прызнаюць Сьвятлану Ціханоўскую прэзыдэнтам-электам Беларусі?

0.

15. Колькі дзяржаў прызнаюць Беларусь краінай, акупаванай Расеяй?

0.

16. Колькі пакетаў санкцый прыме Эўразьвяз адносна Беларусі на працягу 2023 году?

1.

17. Ці патэлефануе Лукашэнку хто-небудзь з кіраўніцтва краін Эўразьвязу ці ЗША?

Так.

Тацяна Ашуркевіч, палітычная аглядальніца

Тацяна Ашуркевіч
Тацяна Ашуркевіч

1. Які будзе курс рубля адносна даляра ЗША на канец 2023 году?

3.

2. Які напрыканцы 2023 году будзе сярэдні заробак у даляравым эквіваленце?

570.

3. Хто будзе прэм’ер-міністрам Беларусі ў сьнежні 2023 году?

Няважна хто. Які б намэнклятуршчык ні заняў гэтую пасаду, ён усё роўна застанецца ценем Лукашэнкі.

4. Ці адбудуцца ў Беларусі ў 2023 годзе масавыя пратэсты, мірныя альбо нямірныя?

Не.

5. Колькі ў Беларусі будзе палітвязьняў у канцы 2023 году?

2000.

6. Ці ўступіць беларускае войска ў вайну ва Ўкраіне на баку Расеі на працягу 2023 году?

Не. Прынамсі, Лукашэнка будзе рабіць усё, каб устрымацца ад гэтага і не займець новых праблем.

7. Ці ўчыняць расейскія войскі наземны напад на Ўкраіну з тэрыторыі Беларусі?

Так.

8. Ці скончыцца ў 2023 годзе вайна Расеі з Украінай? Калі так, то чым яна скончыцца?

Ня скончыцца, але, магчыма, мы пабачым пачатак доўгага перапынку.

9. Ці застанецца напрыканцы 2023 году Аляксандар Лукашэнка асобай, якая рэальна кантралюе сытуацыю ў Беларусі?

Думаю, што так. Гэта залежыць ад таго, наколькі ў яго хопіць рэсурсаў бавіцца любімай гульнёй у лявіраваньне.

10. Ці застанецца напрыканцы 2023 году Ўладзімір Пуцін прэзыдэнтам Расеі?

Так. Але жыцьцё бывае вельмі непрадказальнае нават для самых «вечных» аўтарытарыяў.

11. Колькі разоў на працягу 2023 году Аляксандар Лукашэнка сустрэнецца з Уладзімірам Пуціным?

7.

12. Ці будзе існаваць у канцы 2023 году Абʼяднаны пераходны кабінэт?

Так.

13. Ці адбудзецца ў 2023 годзе афіцыйная сустрэча Сьвятланы Ціханоўскай з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім?

Не.

14. Колькі дзяржаў прызнаюць Сьвятлану Ціханоўскую прэзыдэнтам-электам Беларусі?

Я ня бачу, каб сама Ціханоўская настойвала на гэтым.

15. Колькі дзяржаў прызнаюць Беларусь краінай, акупаванай Расеяй?

Ніколькі.

16. Колькі пакетаў санкцый прыме Эўразьвяз адносна Беларусі на працягу 2023 году?

2.

17. Ці патэлефануе Лукашэнку хто-небудзь з кіраўніцтва краін Эўразьвязу ці ЗША?

Так.

Аляксандар Атрошчанкаў, аўтар і сузаснавальнік выданьня Reform.by

Аляксандар Атрошчанкаў
Аляксандар Атрошчанкаў

1. Які будзе курс рубля адносна даляра ЗША на канец 2023 году?

Да эканомікі я ня маю ніякага дачыненьня, але, мяркую, курс будзе ўстанаўлівацца пры дапамозе ня рынкавых, а адміністратыўных мэханізмаў і будзе ўсё болей імкнуцца да сытуацыі, аналягічнай той, што існавала ў Савецкім Саюзе, калі курс быў усталяваны як умоўныя 64 капейкі за даляр, але набыць яго па афіцыйным курсе будзе складана. Пры гэтым будзе пашырацца вядомая па 90-х гадах практыка множнасьці валютных курсаў, калі блізкія да сямʼі Лукашэнкі дзялкі будуць мець магчымасьць праводзіць апэрацыі па выгадных для сябе курсах. Акрамя таго, не выключаю, што будуць зробленыя захады па абмежаваньні абароту валюты ў краіне. Рэальны курс будзе вышэйшы за афіцыйны і складзе, скажам, 2,8–3 рублі за даляр.

2. Які напрыканцы 2023 году будзе сярэдні заробак у даляравым эквіваленце?

У сувязі з папярэднім адказам таксама будзе расьці розьніца паміж афіцыйнымі і рэальнымі лічбамі. Па дадзеных Белстату, ён будзе складаць 550–600 даляраў.

3. Хто будзе прэм’ер-міністрам Беларусі ў сьнежні 2023 году?

Галоўчанка.

4. Ці адбудуцца ў Беларусі ў 2023 годзе масавыя пратэсты, мірныя альбо нямірныя?

Не.

5. Колькі ў Беларусі будзе палітвязьняў у канцы 2023 году?

1800.

6. Ці ўступіць беларускае войска ў вайну ва Ўкраіне на баку Расеі на працягу 2023 году?

Імавернасьць гэтага пакуль невысокая, але на працягу году яна будзе вельмі хутка ўзрастаць. Хутчэй за ўсё, гэта будзе не поўнамаштабнае ўварваньне, а лякальныя сутычкі на мяжы. Лічу, што імавернасьць рэалізацыі такога сцэнара да канца году блізкая да 100%. Імавернасьць увядзеньня ва Ўкраіну вялікай колькасьці беларускіх войскаў значна ніжэйшая, але яна таксама існуе.

7. Ці ўчыняць расейскія войскі наземны напад на Ўкраіну з тэрыторыі Беларусі?

Так, у гэтым я ўпэўнены на 100%.

8. Ці скончыцца ў 2023 годзе вайна Расеі з Украінай? Калі так, то чым яна скончыцца?

Мяркую, што на пачатку году Расея ўчыніць спробу новага маштабнага наступу, але посьпехі будуць значна больш сьціплыя, чым у першай палове 2022 году. Напрыканцы вясны — на пачатку лета пачнецца пасьпяховы контранаступ УСУ, у выніку якога Ўкраіна вызваліць усю ці амаль усю тэрыторыю, якую кантралявала станам на 24 лютага 2022 году, у тым ліку Марыюпаль. Не выключаю таксама ўсталяваньня кантролю над часткай тэрыторый і населеных пунктаў, страчаных у 2014–2015 гадах, над Перакопскім пярэсмыкам і агнявога кантролю над амаль усёй тэрыторыяй Крыму. Баявыя дзеяньні ня скончацца, але іх інтэнсіўнасьць істотна зьнізіцца бліжэй да канца году.

9. Ці застанецца напрыканцы 2023 году Аляксандар Лукашэнка асобай, якая рэальна кантралюе сытуацыю ў Беларусі?

Так, але ён яшчэ больш будзе абмежаваны ў зьнешнепалітычных дзеяньнях, кантроль над войскам і ўзбраеньнем таксама будзе пераходзіць да Расеі — праз уключэньне беларускіх вайскоўцаў у розныя рэгіянальныя фармаваньні пад кіраўніцтвам Расеі, прамую перадачу ўзбраеньняў і ў падобных формах.

10. Ці застанецца напрыканцы 2023 году Ўладзімір Пуцін прэзыдэнтам Расеі?

Так (калі не памрэ).

11. Колькі разоў на працягу 2023 году Аляксандар Лукашэнка сустрэнецца з Уладзімірам Пуціным?

5.

12. Ці будзе існаваць у канцы 2023 году Абʼяднаны пераходны кабінэт?

Так.

13. Ці адбудзецца ў 2023 годзе афіцыйная сустрэча Сьвятланы Ціханоўскай з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім?

Так.

14. Колькі дзяржаў прызнаюць Сьвятлану Ціханоўскую прэзыдэнтам-электам Беларусі?

0.

15. Колькі дзяржаў прызнаюць Беларусь краінай, акупаванай Расеяй?

3.

16. Колькі пакетаў санкцый прыме Эўразьвяз адносна Беларусі на працягу 2023 году?

Гэта будзе залежаць ад таго, ці ўступіць беларускае войска ў вайну на баку Расеі, і калі так, то калі гэта адбудзецца. Калі ня ўступіць — ня будзе ніводнага новага пакета санкцый. Пасьля такога ўступленьня ўсе пакеты санкцый, пачынаючы ад 9-га, будуць уніфікаваныя з тымі, якія ўжо будуць прынятыя адносна Расеі.

17. Ці патэлефануе Лукашэнку хто-небудзь з кіраўніцтва краін Эўразьвязу ці ЗША?

Магчыма, адбудуцца кантакты па тэхнічных і гуманітарных пытаньнях, але на ўзроўні ня вышэй за намесьніка міністра. У выпадку ўступленьня беларускіх войскаў у вайну, магчыма, патэлефануе нехта ўзроўню міністра абароны вялікай краіны (ЗША, Польшча).

Дзьмітры Балкунец, палітычны камэнтатар

Дзьмітры Балкунец
Дзьмітры Балкунец

1. Які будзе курс рубля адносна даляра ЗША на канец 2023 году?

У межах 2,4–2,7.

2. Які напрыканцы 2023 году будзе сярэдні заробак у даляравым эквіваленце?

У межах 450–520.

3. Хто будзе прэмʼер-міністрам Беларусі ў сьнежні 2023 году?

Раман Галоўчанка.

4. Ці адбудуцца ў Беларусі ў 2023 годзе масавыя пратэсты, мірныя альбо нямірныя?

Пратэсты могуць узьнікнуць у выпадку істотнага пагаршэньня эканамічнай сытуацыі, а таксама дзеяньняў улады, якія могуць правакаваць масавую незадаволенасьць. Напрыклад, паўнавартасны ўдзел войска ў вайне супраць Украіны, што прывядзе да ахвяраў.

5. Колькі ў Беларусі будзе палітвязьняў у канцы 2023 году?

У выпадку захаваньня ва ўладзе грамадзяніна Лукашэнкі колькасьць палітзьняволеных ня зьменіцца.

6. Ці ўступіць беларускае войска ў вайну ва Ўкраіне на баку Расіі на працягу 2023 году?

Імавернасьць такога зыходу існуе. Разам з тым ёсьць істотныя рызыкі, якія могуць стрымліваць. У выпадку рэалізацыі такога варыянту рашэньне будуць прымаць ня ў Менску.

7. Ці ўчыняць расейскія войскі наземны напад на Ўкраіну з тэрыторыі Беларусі?

Імавернасьць дастаткова высокая. Беларускае войска ў такім варыянце будзе задзейнічанае для тылавога забесьпячэньня.

8. Ці скончыцца ў 2023 годзе вайна Расеі з Украінай? Калі так, то чым яна скончыцца?

Зь сёньняшняга дня бачыцца, што вайна можа завяршыцца на працягу году.

9. Ці застанецца напрыканцы 2023 году Аляксандр Лукашэнка асобай, якая рэальна кіруе сытуацыяй у Беларусі?

Лукашэнка больш не зьяўляецца фігурай, здольнай дзейнічаць самастойна. Ягоны кантроль над сытуацыяй абмежаваны. Рашэньні аб тым, хто будзе кіраўніком Беларусі, будуць прымаць у Маскве. Асноўны кандыдат на замену — Натальля Качанава. Тэрміны правядзеньня «палітычнага транзыту» будуць залежаць ад сытуацыі ва Ўкраіне і плянаў Крамля на выбары 2024 году.

10. Ці застанецца напрыканцы 2023 году Ўладзімір Пуцін прэзыдэнтам Расеі?

Пакуль няма істотных унутраных перашкодаў для яго сыходу. Нельга выключаць і прывядзеньня да ўлады «пераемніка».

11. Колькі разоў на працягу 2023 году Аляксандар Лукашэнка сустрэнецца з Уладзімірам Пуціным?

За 20 гадоў у іх было больш за 120 сустрэч. Адпаведна, у 2023 годзе колькасьць сустрэч будзе каля 10.

12. Ці будзе існаваць у канцы 2023 году Абʼяднаны пераходны кабінэт?

Абʼяднаны пераходны кабінэт не зьяўляецца легітымным інстытутам, які быў сфармаваны шляхам выбараў, ён не прадстаўляе інтарэсы грамадзтва. Ён ня мае юрыдычнага статусу. Будзе ён існаваць ці не — ня мае ніякага значэньня.

13. Ці адбудзецца ў 2023 годзе афіцыйная сустрэча Сьвятланы Ціханоўскай з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім?

Такая сустрэча магла б адбыцца ў рамках якога-небудзь міжнароднага мерапрыемства, аднак прэзыдэнт Украіны не пакідае краіну. Не зразумела, якія могуць быць матывы ва Ўладзіміра Зяленскага сустракацца са Сьвятланай Ціханоўскай, якая нічога не вырашае і ад дзейнасьці якой нічога не залежыць.

14. Колькі дзяржаў прызнаюць Сьвятлану Ціханоўскую прэзыдэнтам-электам Беларусі?

Калі прытрымлівацца прыказкі «дарагое яечка да Вялікадня», то ніхто прэзыдэнтам яе прызнаваць ня будзе. Называць яе могуць як каму падабаецца.

15. Колькі дзяржаў прызнаюць Беларусь краінай, акупаванай Расеяй?

Некалькі краін ЭЗ могуць прызнаць, калі будуць разумець матывы.

16. Колькі пакетаў санкцый прыме Эўразьвяз адносна Беларусі на працягу 2023 году?

Прыняцьцё новых пакетаў санкцый супраць Беларусі будзе залежаць ад ступені агрэсіі, якая будзе паходзіць ад Лукашэнкі.

17. Ці патэлефануе Лукашэнку хто-небудзь з кіраўніцтва краін Эўразьвязу ці ЗША?

З ЭЗ патэлефанаваць Лукашэнку могуць кіраўнікі Францыі, Нямеччыны і Італіі. Напрыклад, папярэдзіць пра адказнасьць у выпадку ўдзелу беларускай арміі ў магчымай агрэсіі супраць Украіны ці абмеркаваць пытаньні палітычных зьняволеных.

Сяргей Богдан, доктар палітычных навук, навуковы супрацоўнік Свабоднага ўнівэрсытэту Бэрліну (Нямеччына)

Сяргей Богдан
Сяргей Богдан

1. Які будзе курс рубля адносна даляра ЗША на канец 2023 году?

Моцна ён ня зьменіцца, больш ці менш такі самы, можа капеек на дваццаць даражэй. Працягваецца тэндэнцыя да зьняцэньваньня ўсіх грошай. Апроч таго, беларускі рубель будзе падмацоўвацца за кошт асваеньня вялікіх па беларускіх мерках расейскіх рынкаў, расейскіх асыгнаваньняў на імпартазамяшчэньне ды іншых уліваньняў такога кшталту.

2. Які напрыканцы 2023 году будзе сярэдні заробак у даляравым эквіваленце?

Каля 400–450. Нягледзячы на ўвесь нэгатыў, беларуская гаспадарка будзе трымацца на кавалках ад расейскіх праграмаў імпартазамяшчэньня, трацячы, вядома, пры гэтым сваю аўтаномнасьць і ролю ў якасьці палітэканамічнай асновы нацыянальнае дзяржаўнасьці. Гэтаму будуць спрыяць новыя пакеты санкцый ЭЗ і ЗША.

3. Хто будзе прэм’ер-міністрам Беларусі ў сьнежні 2023 году?

Галоўчанка, ён давёў свае кіраўнічыя здольнасьці ў крызісных умовах.

4. Ці адбудуцца ў Беларусі ў 2023 годзе масавыя пратэсты, мірныя альбо нямірныя?

Не, дзеяньні «новае апазыцыі» у 2020 годзе падставілі пад удар усю інфраструктуру і асабовы склад апазыцыі, якую «новыя апазыцыянэры» і не стваралі. У выніку поле зачышчанае пад нуль. Хутчэй варта чакаць далейшага скочваньня ўсіх бакоў беларускага супрацьстаяньня ў бездань гвалту і мілітарызацыі супрацьстаяньня ў краіне — чаму будуць спрыяць вонкавыя гульцы, прычым таксама ўсе. Абʼектыўна кажучы, мір у Беларусі, рэшткі яе нэўтралітэту патрэбныя толькі беларускаму народу — усе іншыя ахвотна выкарыстаюць беларусаў як расходны матэрыял у імпэрыялістычнай вайне.

5. Колькі ў Беларусі будзе палітвязьняў у канцы 2023 году?

Іх колькасьць мяняецца не адпаведна з рэальным станам рэчаў, а залежна ад таго, хто лічыць, і таго, калі ён іх лічыць — то бок ад каньюнктуры. Як там зараз з колькасьцю палітвязьняў у багатым на газ Туркмэністане, з прадстаўнікамі якога так ахвотна размаўляў нядаўна Жузэп Бурэль? А ў арабскіх рэжымах Пэрсыдзкае затокі яны ўвогуле, напэўна, зьнікнуць як від неўзабаве — бо тыя ж ратуюць Эўропу газам.

6. Ці ўступіць беларускае войска ў вайну ва Ўкраіне на баку Расеі на працягу 2023 году?

Не, бо абʼектыўна ў беларускага войска для таго магутнасьцяў няма, і каб стварыць іх, нават пры наяўнасьці рэсурсаў, патрэбны большы час, а рэсурсаў якраз і няма. Але гэта не азначае, што расейска-ўкраінская вайна не перакінецца на Беларусь — ёсьць іншыя праўдападобныя сцэнары, як гэта можа адбыцца і без уводу беларускіх войскаў на ўкраінскую тэрыторыю.

7. Ці ўчыняць расейскія войскі наземны напад на Ўкраіну з тэрыторыі Беларусі?

Менск з апошніх сілаў — нават не зважаючы на стаўленьне Кіева — робіць усё, каб гэтага ня здарылася. Па гэтым пытаньні ў Беларусі, бадай, ёсьць кансэнсус грамадзтва і ўраду. Але зважаючы на тое, як апошнім часам, пасьля ўвядзеньня паўблякады краіны і росту эканамічнай залежнасьці ад РФ, расьце залежнасьць ад Расеі ў вайсковым і палітычным дачыненьні — гэта робіцца ня надта імаверным, але ўжо магчымым сцэнарам. Каб ён стаў яшчэ больш рэалістычным — трэба больш пакетаў санкцый супраць Беларусі і больш замежнай падтрымкі радыкальных апазыцыйных групаў.

8. Ці скончыцца ў 2023 годзе вайна Расеі з Украінай? Калі так, то чым яна скончыцца?

Не, вайна зацягнецца прынамсі яшчэ на пару гадоў, нават у самым лепшым выпадку (з гледзішча народаў нашага рэгіёну). Налета вайна ня страціць сваёй інтэнсіўнасьці, але страціць сваю рухавасьць, лінія фронту пачне соўгацца туды-сюды па невялікай тэрыторыі — пра тое, як яно будзе, можна даведацца, пацікавіўшыся гісторыяй іранска-ірацкай вайны 1980–88 гг. (там, дарэчы, таксама ня толькі Іран і Ірак вайну вялі). Відавочна, што ў расейска-ўкраінскай вайне бакі ўжо ўраўнаважваюць адзін аднаго ў абʼёме рэсурсаў, якія яны гатовыя кінуць на фронт (хай сабе і за кошт дапамогі ад хаўрусьнікаў) — і так можа цягнуцца надта доўга, балазе рэсурсаў у іх (і ў іхных хаўрусьнікаў) нямала.

Памяняць нешта гульцы могуць, толькі зьмяніўшы фармат — напрыклад, пашырыўшы вайну (Малдова і Беларусь тут самыя імаверныя пляцоўкі), але і ў такім разе вайна ня скончыцца налета.

9. Ці застанецца напрыканцы 2023 году Аляксандар Лукашэнка асобай, якая рэальна кантралюе сытуацыю ў Беларусі?

Збольшага так, але ўплыў Крамля — да жніўня 2020 г. нікчэмны ў тэрмінах рэальнае ўнутрыбеларускае палітыкі — у Беларусі будзе нарастаць. Карэляцыя паміж санкцыямі і пуцінскім уплывам у Беларусі відавочная, і прычынна-выніковая сувязь між імі менавіта ў гэтым напрамку.

10. Ці застанецца напрыканцы 2023 году Ўладзімір Пуцін прэзыдэнтам Расеі?

Калі здароўе не падвядзе — бадай, так.

11. Колькі разоў на працягу 2023 году Аляксандар Лукашэнка сустрэнецца з Уладзімірам Пуціным?

Пэўна, што не радзей, чым сёлета — пры цяперашняй напятасьці міжнароднай абстаноўкі (а разрадкі пакуль не праглядаецца) можна сьмела чакаць рэгулярнасьці прынамсі раз на пару месяцаў.

12. Ці будзе існаваць у канцы 2023 году Абʼяднаны пераходны кабінэт?

Намінальна ён можа існаваць хоць сто гадоў, але з гледзішча рэальнай палітыкі яго і зараз як актара не існуе, і, бадай, ніхто ня зможа паклікаць яго ў рэальнае палітычнае жыцьцё ў агляднай будучыні. Аўтаномныя палітычныя структуры апазыцыі зьніклі.

13. Ці адбудзецца ў 2023 годзе афіцыйная сустрэча Сьвятланы Ціханоўскай з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім?

Ва Ўкраіны, калі ўжо спатрэбіцца ўсурʼёз запусьціць вайсковае супрацьстаяньне зь беларускім урадам, знойдуцца ўласныя адпаведнікі для гэтай публічнай фігуры і структур, з ёй зьвязаных.

14. Колькі дзяржаў прызнаюць Сьвятлану Ціханоўскую прэзыдэнтам-электам Беларусі?

Роўна столькі, колькі будзе прызнаваць яе каралевай. А калі сурʼёзна, то нуль, стаўка на гэтую фігуру адпачатку была для беларускай апазыцыі запраграмаванай катастрофай.

15. Колькі дзяржаў прызнаюць Беларусь краінай, акупаванай Расеяй?

Нуль.

16. Колькі пакетаў санкцый прыме Эўразьвяз адносна Беларусі на працягу 2023 году?

Прыме аж з коптарам — у Беларусі Захаду няма чаго губляць, гэта для яго ўсяго толькі яшчэ адна пляцоўка для вайны з Пуціным, нават коштам зьнішчэньня беларускай дзяржаўнасьці, што і адбываецца ў выніку санкцый. Таму на прыкладзе Беларусі і ажыцьцяўляецца дэманстрацыйнае пакараньне як «ворагаў дэмакратыі» дэ-факта ўсяго беларускага народу без разбору — ну не цэнтральнаазіяцкія ж рэжымы Захаду караць ці арабскія манархіі, так можна і бяз газу застацца.

17. Ці патэлефануе Лукашэнку хто-небудзь з кіраўніцтва краін Эўразьвязу ці ЗША?

Цалкам магчыма. Чым вышэйшы мы возьмем палітычны ўзровень, тым шпарчэй дзьмуць вятры пераменаў — на вышэйшым роўні яны дасягаюць звышгукавой хуткасьці. Паназіраўшы, як за прамінулы год мянялася стаўленьне Захаду да Мухамада бін Салмана, катарскага і туркмэнскага рэжымаў — можна не зьдзіўляцца зьменам і ў гэтым дачыненьні.

Павал Вусаў, доктар палітычных навук, дырэктар Цэнтру палітычнага аналізу і прагнозу (Варшава, Польшча)

Павал Вусаў
Павал Вусаў

1. Які будзе курс рубля адносна даляра ЗША на канец 2023 году?

3 рублі.

2. Які напрыканцы 2023 году будзе сярэдні заробак у даляравым эквіваленце?

Каля 500, магчыма і ніжэй.

3. Хто будзе прэм’ер-міністрам Беларусі ў сьнежні 2023 году?

Галоўчанка (калі не памрэ).

4. Ці адбудуцца ў Беларусі ў 2023 годзе масавыя пратэсты, мірныя альбо нямірныя?

Не адбудуцца.

5. Колькі ў Беларусі будзе палітвязьняў у канцы 2023 году?

Больш за 3 тысячы.

6. Ці ўступіць беларускае войска ў вайну ва Ўкраіне на баку Расеі на працягу 2023 году?

Магчыма, так.

7. Ці ўчыняць расейскія войскі наземны напад на Ўкраіну з тэрыторыі Беларусі?

Так.

8. Ці скончыцца ў 2023 годзе вайна Расеі з Украінай? Калі так, то чым яна скончыцца?

Не.

9. Ці застанецца напрыканцы 2023 году Аляксандар Лукашэнка асобай, якая рэальна кантралюе сытуацыю ў Беларусі?

Не.

10. Ці застанецца напрыканцы 2023 году Ўладзімір Пуцін прэзыдэнтам Расеі?

Так.

11. Колькі разоў на працягу 2023 году Аляксандар Лукашэнка сустрэнецца з Уладзімірам Пуціным?

Больш за 5.

12. Ці будзе існаваць у канцы 2023 году Абʼяднаны пераходны кабінэт?

Так.

13. Ці адбудзецца ў 2023 годзе афіцыйная сустрэча Сьвятланы Ціханоўскай з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім?

Не.

14. Колькі дзяржаў прызнаюць Сьвятлану Ціханоўскую прэзыдэнтам-электам Беларусі?

Калі Беларусь уступіць у вайну сваім войскам, — амаль усе дэмакратычныя краіны. Калі ня ўступіць, то ніхто.

15. Колькі дзяржаў прызнаюць Беларусь краінай, акупаванай Расеяй?

Пры сытуацыі ўступленьня ў вайну войскам — усе дэмакратычныя краіны. Пры сытуацыі, падобнай да сёньняшняй, — 4–5 краін.

16. Колькі пакетаў санкцый прыме Эўразьвяз адносна Беларусі на працягу 2023 году?

2.

17. Ці патэлефануе Лукашэнку хто-небудзь з кіраўніцтва краін Эўразьвязу ці ЗША?

Так.

Арцём Гарбацэвіч, намесьнік галоўнага рэдактара газэты «Наша ніва»

Арцём Гарбацэвіч
Арцём Гарбацэвіч

1. Які будзе курс рубля адносна даляра ЗША на канец 2023 году?

Я ня ведаю дакладна, гэта гаданьне на гушчы ад кавы, але дакладна ведаю — ён будзе вышэйшы, чым сёньня.

2. Які напрыканцы 2023 году будзе сярэдні заробак у даляравым эквіваленце?

Калі ў эканоміцы ўсё будзе будзе ісьці як ідзе, то ад падліку ў даляравым эквіваленце трэба адыходзіць і падлічваць эквівалент у расейскіх рублях. Думаю, нешта каля 50 тысячаў расейскіх рублёў (цяпер гэта 728 даляраў. — РС).

3. Хто будзе прэм’ер-міністрам Беларусі ў сьнежні 2023 году?

Галоўчанка. Да выбараў 2025 году замены прэм’ера ня будзе, калі толькі не адбудзецца нечага экстраардынарнага і нейкага міністра ці парачку зь іх не арыштуюць за хабар. Лукашэнка ў 2023-м будзе мяняць толькі віцэ-прэм’ераў. Я думаю, першы кандыдат на вылет — віцэ-прэм’ер па сацыялцы Петрышэнка.

4. Ці адбудуцца ў Беларусі ў 2023 годзе масавыя пратэсты, мірныя альбо нямірныя?

Масавых пратэстаў ня будзе. Магчымы толькі сэанс масавай радасьці ў выпадку нейкага цуду.

5. Колькі ў Беларусі будзе палітвязьняў у канцы 2023 году?

Мне здаецца, што і ўсіх, хто цяпер сядзіць за палітыку, яшчэ не падлічылі, таму адказ залежыць ад працаздольнасьці праваабаронцаў. Ясна толькі адно, што рэпрэсіі ня спыняцца і лічба арыштаваных па палітычных «крыміналках» будзе прырастаць недзе на 20–50 чалавек у месяц.

6. Ці ўступіць беларускае войска ў вайну ва Ўкраіне на баку Расеі на працягу 2023 году?

Калі такое здарыцца, то паняцьця «беларускае войска» ня будзе — будуць зьмяшаныя ў прапорцыі недзе 60:40 расейска-беларускія вайсковыя часткі, бо да беларусаў з боку Расеі няма даверу, у момант атакі беларускае войска перастане існаваць як інстытут. Але для ўцягваньня ўкраінцы першымі павінны нанесьці ўдар.

7. Ці ўчыняць расейскія войскі наземны напад на Ўкраіну з тэрыторыі Беларусі?

Украінцы ведаюць, што бывае, калі даць расейцам сабрацца ля сваіх межаў на самай кароткай дарозе да Кіева. Паходу ня будзе, бо пры зборы вялікай колькасьці расейскіх войскаў украінцы нанясуць прэвэнтыўны ўдар па тэрыторыі Беларусі, у месцы іх збору.

8. Ці скончыцца ў 2023 годзе вайна Расеі з Украінай? Калі так, то чым яна скончыцца?

Я думаю, што ня скончыцца, а гісторыя пераўтворыцца ў вялікі Данбас.

9. Ці застанецца напрыканцы 2023 году Аляксандар Лукашэнка асобай, якая рэальна кантралюе сытуацыю ў Беларусі?

Застанецца, калі ня здарыцца цудаў.

10. Ці застанецца напрыканцы 2023 году Ўладзімір Пуцін прэзыдэнтам Расеі?

Застанецца, калі ня здарыцца цудаў.

11. Колькі разоў на працягу 2023 году Аляксандар Лукашэнка сустрэнецца з Уладзімірам Пуціным?

Тут чыстае гаданьне, ня буду адказваць.

12. Ці будзе існаваць у канцы 2023 году Абʼяднаны пераходны кабінэт?

Будзе.

13. Ці адбудзецца ў 2023 годзе афіцыйная сустрэча Сьвятланы Ціханоўскай з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім?

Не адбудзецца.

14. Колькі дзяржаў прызнаюць Сьвятлану Ціханоўскую прэзыдэнтам-электам Беларусі?

Ня ведаю, мне здаецца, пытаньне пра гэта пакуль і не стаіць.

15. Колькі дзяржаў прызнаюць Беларусь краінай, акупаванай Расеяй?

Ня ведаю, мне здаецца, гэтага ня будзе.

16. Колькі пакетаў санкцый прыме Эўразьвяз адносна Беларусі на працягу 2023 году?

Максымум 1, калі Беларусь ня ўступіць у вайну.

17. Ці патэлефануе Лукашэнку хто-небудзь з кіраўніцтва краін Эўразьвязу ці ЗША?

Толькі ў выпадку, калі заходнія выведкі будуць мець інфармацыю пра амаль гарантаваную падрыхтоўку атакі на Ўкраіну з тэрыторыі Беларусі.

Валер Карбалевіч, палітычны аглядальнік Радыё Свабода

Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч

1. Які будзе курс рубля адносна даляра ЗША на канец 2023 году?

2,7.

2. Які напрыканцы 2023 году будзе сярэдні заробак у даляравым эквіваленце?

480 даляраў.

3. Хто будзе прэм’ер-міністрам Беларусі ў сьнежні 2023 году?

Галоўчанка.

4. Ці адбудуцца ў Беларусі ў 2023 годзе масавыя пратэсты, мірныя альбо нямірныя?

Не.

5. Колькі ў Беларусі будзе палітвязьняў у канцы 2023 году?

2,5 тысячы.

6. Ці ўступіць беларускае войска ў вайну ва Ўкраіне на баку Расеі на працягу 2023 году?

Не.

7. Ці ўчыняць расейскія войскі наземны напад на Ўкраіну з тэрыторыі Беларусі?

Не.

8. Ці скончыцца ў 2023 годзе вайна Расеі з Украінай? Калі так, то чым яна скончыцца?

Не.

9. Ці застанецца напрыканцы 2023 году Аляксандар Лукашэнка асобай, якая рэальна кантралюе сытуацыю ў Беларусі?

Так.

10. Ці застанецца напрыканцы 2023 году Ўладзімір Пуцін прэзыдэнтам Расеі?

Так.

11. Колькі разоў на працягу 2023 году Аляксандар Лукашэнка сустрэнецца з Уладзімірам Пуціным?

8 разоў.

12. Ці будзе існаваць у канцы 2023 году Абʼяднаны пераходны кабінэт?

Так.

13. Ці адбудзецца ў 2023 годзе афіцыйная сустрэча Сьвятланы Ціханоўскай з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім?

Не.

14. Колькі дзяржаў прызнаюць Сьвятлану Ціханоўскую прэзыдэнтам-электам Беларусі?

0.

15. Колькі дзяржаў прызнаюць Беларусь краінай, акупаванай Расеяй?

0.

16. Колькі пакетаў санкцый прыме Эўразьвяз адносна Беларусі на працягу 2023 году?

1 пакет.

17. Ці патэлефануе Лукашэнку хто-небудзь з кіраўніцтва краін Эўразьвязу ці ЗША?

Не.

Аляксандар Класкоўскі, палітычны аглядальнік праекту «Позірк»

Аляксандар Класкоўскі
Аляксандар Класкоўскі

1. Які будзе курс рубля адносна даляра ЗША на канец 2023 году?

2,75–2,9.

2. Які напрыканцы 2023 году будзе сярэдні заробак у даляравым эквіваленце?

580–650.

3. Хто будзе прэм’ер-міністрам Беларусі ў сьнежні 2023 году?

Зь вялікай імавернасьцю — Раман Галоўчанка.

4. Ці адбудуцца ў Беларусі ў 2023 годзе масавыя пратэсты, мірныя альбо нямірныя?

Найхутчэй, што не. Хіба што калі беларускае войска ўступіць у вайну і панясе страты. Але і ў такім разе пратэсты наўрад ці будуць магутныя, бо сыстэма добра падрыхтаваная да іх здушэньня, а ўзровень страху ў грамадзтве вельмі высокі.

5. Колькі ў Беларусі будзе палітвязьняў у канцы 2023 году?

Калі раптам не пачнецца торг з Захадам, то іх будзе 1800–1900. Ёсьць малая імавернасьць іншага сцэнару, калі рэжым стане кагосьці выпускаць. Але ня ўсіх і ня топавыя фігуры. Найперш тых, хто напісаў прашэньне аб памілаваньні.

6. Ці ўступіць беларускае войска ў вайну ва Ўкраіне на баку Расеі на працягу 2023 году?

Больш імаверна, што ня ўступіць. Але і адваротны сцэнар ня выключаны.

7. Ці ўчыняць расейскія войскі наземны напад на Ўкраіну з тэрыторыі Беларусі?

Імавернасьць — 30%. УСУ цяпер значна лепей падрыхтаваныя да такога варыянту, хоць варта ўлічваць і авантурнасьць расейскага боку, і яго гатовасьць не шкадаваць «гарматнага мяса».

8. Ці скончыцца ў 2023 годзе вайна Расеі з Украінай? Калі так, то чым яна скончыцца?

Імавернасьць часовага замірэньня — болей за 50%. Крым і частка Данбасу, найхутчэй, пакуль застануцца за Расеяй. Бакі будуць назапашваць сілы для далейшага высьвятленьня адносін.

9. Ці застанецца напрыканцы 2023 году Аляксандар Лукашэнка асобай, якая рэальна кантралюе сытуацыю ў Беларусі?

Калі ня здарыцца раптоўнага сыходу ў іншы сьвет, то ён хоць і здасьць Маскве яшчэ нейкія кавалкі сувэрэнітэту, але часткова захавае кантроль над краінай. Клясычнай інкарпарацыі ня будзе.

10. Ці застанецца напрыканцы 2023 году Ўладзімір Пуцін прэзыдэнтам Расеі?

Застанецца з імавернасьцю 90%.

11. Колькі разоў на працягу 2023 году Аляксандар Лукашэнка сустрэнецца з Уладзімірам Пуціным?

Імаверна, будзе 5–7 сустрэчаў.

12. Ці будзе існаваць у канцы 2023 году Абʼяднаны пераходны кабінэт?

Найхутчэй, што так. Але рызыкуе маргіналізавацца.

13. Ці адбудзецца ў 2023 годзе афіцыйная сустрэча Сьвятланы Ціханоўскай з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім?

Імавернасьць — 25%.

14. Колькі дзяржаў прызнаюць Сьвятлану Ціханоўскую прэзыдэнтам-электам Беларусі?

Думаю, што ў найлепшым выпадку 1–2. А то і ніводная.

15. Колькі дзяржаў прызнаюць Беларусь краінай, акупаванай Расеяй?

Гэта залежыць ад таго, ці ўступіць Менск у вайну. Калі не — то на ўзроўні дзяржаў такога прызнаньня ня будзе.

16. Колькі пакетаў санкцый прыме Эўразьвяз адносна Беларусі на працягу 2023 году?

Калі завяжацца нейкі дыялёг Менску з Захадам ці Лукашэнка хаця б здолее ўстрымацца ад інтэрвэнцыі ва Ўкраіну, то новых санкцый можа і ня быць.

17. Ці патэлефануе Лукашэнку хто-небудзь з кіраўніцтва краін Эўразьвязу ці ЗША?

Малаімаверна, але 1–2 тэлефанаваньні ня выключаныя.

Алена Кудзько, паліталягіня, дырэктарка міжнароднага аналітычнага цэнтру GLOBSEC Policy Institute (Браціслава, Славаччына)

Алена Кудзько
Алена Кудзько

1. Які будзе курс рубля адносна даляра ЗША на канец 2023 году?

2,9.

2. Які напрыканцы 2023 году будзе сярэдні заробак у даляравым эквіваленце?

Афіцыйна 550 даляраў «чыстымі».

3. Хто будзе прэм’ер-міністрам Беларусі ў сьнежні 2023 году?

Качанава.

4. Ці адбудуцца ў Беларусі ў 2023 годзе масавыя пратэсты, мірныя альбо нямірныя?

Хутчэй за ўсё не. Магчымымі трыгерамі могуць быць менш імаверныя і прадказальныя падзеі, напрыклад, масавая адпраўка прызыўнікоў на вайну ва Ўкраіне, раптоўны сыход ці сьмерць Пуціна ці Лукашэнкі.

5. Колькі ў Беларусі будзе палітвязьняў у канцы 2023 году?

1200.

6. Ці ўступіць беларускае войска ў вайну ва Ўкраіне на баку Расеі на працягу 2023 году?

Часткова — абмежаваная колькасьць вайскоўцаў возьме ўдзел у ваенных дзеяньнях па-за тэрыторыяй Беларусі ў супрацы з расейскімі войскамі. Таксама беларускае войска будзе яшчэ больш інтэнсіўна ўдзельнічаць у падрыхтоўцы расейскіх вайскоўцаў на тэрыторыі Беларусі.

7. Ці ўчыняць расейскія войскі наземны напад на Ўкраіну з тэрыторыі Беларусі?

Магчымы абмежаваны напад. Адновяцца паветраныя атакі з тэрыторыі Беларусі.

8. Ці скончыцца ў 2023 годзе вайна Расеі з Украінай? Калі так, то чым яна скончыцца?

Не, ня скончыцца. Украінскія войскі адваююць значную частку тэрыторый, магчыма, будзе прыпыненьне ці замарожваньне ваенных дзеяньняў на пэўны час, але пасьля гэтага вайна працягнецца.

9. Ці застанецца напрыканцы 2023 году Аляксандар Лукашэнка асобай, якая рэальна кантралюе сытуацыю ў Беларусі?

Застанецца, пад моцным уплывам і ў залежнасьці ад Пуціна.

10. Ці застанецца напрыканцы 2023 году Ўладзімір Пуцін прэзыдэнтам Расеі?

Застанецца.

11. Колькі разоў на працягу 2023 году Аляксандар Лукашэнка сустрэнецца з Уладзімірам Пуціным?

6.

12. Ці будзе існаваць у канцы 2023 году Абʼяднаны пераходны кабінэт?

Не, трансфармуецца ў нейкі іншы інстытут, але Сьвятлана Ціханоўская захавае найбольш відавочную лідэрскую пазыцыю і працягнуцца спробы аб’яднаных дзеяньняў палітычных рухаў у эміграцыі.

13. Ці адбудзецца ў 2023 годзе афіцыйная сустрэча Сьвятланы Ціханоўскай з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім?

Адбудзецца.

14. Колькі дзяржаў прызнаюць Сьвятлану Ціханоўскую прэзыдэнтам-электам Беларусі?

Нязначная колькасьць. Калі Лукашэнка будзе працягваць кантраляваць сытуацыю, нават калі некалькі краін прызнаюць Ціханоўскую прэзыдэнтам-электам, гэта будзе мець сымбалічны характар. Фактычны ўплыў Ціханоўскай на палітычныя рухі за мяжой і ўнутры краіны будзе ўсё больш важным фактарам для прыняцьця такіх рашэньняў.

15. Колькі дзяржаў прызнаюць Беларусь краінай, акупаванай Расеяй?

Ня больш за пяць, калі адносіны паміж Беларусьсю ці Расеяй фундамэнтальна ня зьменяцца. Паглыбленьне інтэграцыі ў «саюзнай дзяржаве» таксама не прывядзе да наданьня такога статусу.

16. Колькі пакетаў санкцый прыме Эўразьвяз адносна Беларусі на працягу 2023 году?

Калі беларускае войска ўступіць у вайну непасрэдна на тэрыторыі Украіны, — 2 больш сур’ёзныя пакеты. Калі не, новыя санкцыі будуць больш вузкага характару і будуць скіраваныя на пашырэньне санкцый супраць асоб і арганізацый, а таксама на залатваньне дзір ва ўжо прынятых санкцыях.

17. Ці патэлефануе Лукашэнку хто-небудзь з кіраўніцтва краін Эўразьвязу ці ЗША?

Патэлефануе. Магчымыя нагоды: эскаляцыя вайны ва Ўкраіне, вызваленьне асобных палітвязьняў.

Вераніка Лапуцька, паліталягіня, сузаснавальніца дасьледнага цэнтру EAST Center (Польшча)

Вераніка Лапуцька
Вераніка Лапуцька

1. Якім будзе курс рубля адносна даляра ЗША на канец 2023 году?

2,7 прыблізна, калі вайна ва Украіне працягнецца, і захаваецца status quo. Калі вайна скончыцца паразай Расеі, спыніцца фінансавая падтрымка Лукашэнкі Пуціным і на фоне санкцыяў, можа пачацца інфляцыя, і даляр будзе каштаваць больш за 3 рублі.

2. Якім напрыканцы 2023 году будзе сярэдні заробак у даляравым эквіваленце?

Калі вайна ва Ўкраіне працягнецца, і захаваецца status quo, то і велічыня заробку захаваецца на ўзроўні каля 600 даляраў. Калі вайна скончыцца паразай Расеі, спыніцца фінансавая падтрымка Лукашэнкі на фоне санкцыяў, можа пачацца інфляцыя, сярэдні заробак зьнізіцца ніжэй за 500 даляраў.

3. Хто будзе прэм’ер-міністрам Беларусі ў сьнежні 2023 году?

Калі вайна ва Ўкраіне працягнецца, і захаваецца status quo, то застанецца Раман Галоўчанка. Калі Расея прайграе ўжо ў 2023 годзе, хутчэй за ўсё — прыйдзе хто-небудзь з адданых сілавікоў.

4. Ці адбудуцца ў Беларусі ў 2023 годзе масавыя пратэсты, мірныя альбо нямірныя?

Толькі ў выпадку паразы Расеі ў вайне з Украінай, зьніжэньня падтрымкі рэжыму Лукашэнкі Пуціным, відавочным аслабленьні рэжыму Лукашэнкі і закліку да пратэстаў дэмакратычнай апазыцыі. Людзі могуць пачаць патрабаваць вызваліць палітвязьняў і правесьці новыя выбары.

Яшчэ адзін сцэнар — у выпадку эканамічнага крызісу, калі пасьля паразы Расеі ва Украіне зьнізіцца эканамічная падтрымка Лукашэнкі, пачне расьці інфляцыя. Але тут таксама людзі не будуць баяцца толькі тады, калі адчуюць ці пабачаць, што рэжым Лукашэнкі слабее, зьнізіцца ўзровень страху.

5. Колькі ў Беларусі будзе палітвязьняў у канцы 2023 году?

Каля 2000.

6. Ці ўступіць беларускае войска ў вайну ва Ўкраіне на баку Расеі на працягу 2023 году?

Хутчэй не, чым так.

7. Ці ўчыняць расейскія войскі наземны напад на Ўкраіну з тэрыторыі Беларусі?

Хутчэй так, чым не.

8. Ці скончыцца ў 2023 годзе вайна Расеі з Украінай? Калі так, то чым яна скончыцца?

Наўрад ці. Зробіцца больш вялацякучай. Але спадзяюся, што я памыляюся, і скончыцца паразай Расеі.

9. Ці застанецца напрыканцы 2023 году Аляксандар Лукашэнка асобай, якая рэальна кантралюе сытуацыю ў Беларусі?

Залежыць ад хады вайны Расеі ва Ўкраіне і падтрымкі Пуціна. Калі захаваецца status quo — то так. Калі адбудзецца параза Расеі і ў беларускай апазыцыі не атрымаецца пераканаць эліты і войска перайсьці на свой бок — таксама так, бо будзе ўсімі сіламі намагацца захаваць уладу.

10. Ці застанецца напрыканцы 2023 году Ўладзімір Пуцін прэзыдэнтам Расеі?

Так.

11. Колькі разоў на працягу 2023 году Аляксандар Лукашэнка сустрэнецца з Уладзімірам Пуціным?

Пяць.

12. Ці будзе існаваць у канцы 2023 году Аб’яднаны Пераходны Кабінэт?

Так.

13. Ці адбудзецца ў 2023 годзе афіцыйная сустрэча Сьвятланы Ціханоўскай з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім?

Наўрад ці. Але хацелася б памыляцца.

14. Колькі дзяржаваў прызнаюць Сьвятлану Ціханоўскую прэзыдэнтам-электам Беларусі?

Калі Украіна ўжо пераможа Расею, і Пераходны кабінэт і сама Сьвятлана будуць ажыцьцяўляць бурную афіцыйную дзейнасьць — каля 7 дзяржаваў могуць прызнаць (краіны Балтыі, Польшча, Чэхія, Швэцыя і Фінляндыя). Калі не — прызнаньне Ціханоўскай ня будзе стаяць на парадку дня.

15. Колькі дзяржаваў прызнаюць Беларусь краінай, акупаванай Расеяй?

Ніводнай, калі вайна будзе працягвацца.

16. Колькі пакетаў санкцыяў прыме Эўразьвяз адносна Беларусі на працягу 2023 году?

Тры.

17. Ці патэлефануе Лукашэнку хто-небудзь з кіраўніцтва краінаў Эўразьвязу ці ЗША?

Калі скончыцца вайна ва Украіне паразай Расеі — так. Макрон і, магчыма, Шольц.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG