Як зазначаецца ў зводцы ведамства, 29 сьнежня 2022 году расейскія войскі нанесьлі яшчэ адну хвалю масіраваных удараў па Ўкраіне, мэтай якой у першую чаргу зноў была сетка разьмеркаваньня электраэнэргіі.
Па дадзеных брытанскай выведкі, з кастрычніка Расея захоўвае агульную схему правядзеньня інтэнсіўнай хвалі ўдараў кожныя сем-дзесяць дзён. Расея прытрымліваецца гэтага падыходу, спрабуючы зьнішчыць украінскую сыстэму супрацьпаветранай абароны.
«Але існуе рэальная імавернасьць таго, што Расея зламае гэты шаблён, каб нанесьці новы ўдар у бліжэйшыя дні, каб падарваць маральны дух насельніцтва Ўкраіны ў пэрыяд навагодніх сьвятаў», — лічаць у Мінабароны Вялікай Брытаніі.
Раніцай 29 сьнежня Расея нанесла чарговы масіраваны ўдар па Ўкраіне, у тым ліку і па Кіеве. Па дадзеных паветраных сіл, украінскія вайскоўцы зьбілі 58 з 70 запушчаных Расеяй ракет.
У ноч на 30 сьнежня расейскія войскі выпусьцілі 16 Дронов-камікадзэ Shahed-131/136 па Украіне, паведаміла Камандаваньне Паветраных сіл Украіны. Паводле яго зьвестак, бесьпілётнікі ляцелі з поўначы і паўднёвага ўсходу, усе 16 дронаў зьнішчылі. У паветранай прасторы Кіева было зафіксавана 5 расейскіх бесьпілётнікаў, паведамілі ў Кіеўскай гарадзкой вайсковай адміністрацыі.