Паводле папярэдняй інфармацыі раніцай 29 сьнежня Расея выпусьціла па Украіне 69 ракет, паведаміў галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Валерый Залужны.
«Паводле папярэдніх зьвестак, усяго ў выніку ўдару было выкарыстана 69 ракет. Сіламі і сродкамі УС Украіны зьнішчана 54 крылатыя ракеты праціўніка», — паведаміў Залужны ў сацсетках.
Паводле яго дадзеных, для гэтага ўдару Расея выкарыстоўвала крылатыя ракеты марскога і паветранага базіраваньня, а таксама зэнітныя кіраваныя ракеты СПА С-300. Удар быў накіраваны на аб'екты энэргетычнай інфраструктуры.
Вядома, што над Кіевам зьбілі 16 ракет, над Адэскай вобласьцю — 21.
Пасьля масаванага ракетнага ўдару ёсьць пашкоджаньні генеруючых аб'ектаў і электрасетак, заявіў міністар энэргетыкі Ўкраіны Герман Галушчанка.
«Сёньня праціўнік нанёс чарговы масіраваны ўдар па энэргетычнай інфраструктуры Ўкраіны. Дзякуй СПА за выдатную працу! «На жаль, ёсьць пашкоджаньні абʼектаў генэрацыі і электрасетак», — напісаў ён у Facebook.
Паводле яго слоў, па стане на 11.00 складаная сытуацыя на захадзе краіны, у Адэскай і Кіеўскай абласьцях, таму будуць аварыйныя адключэньні электрычнасьці.
Запарожжа
Расейскія войскі абстралялі навакольлі Запарожжа ноччу на 29 сьнежня, паведаміў старшыня абласной ваеннай адміністрацыі Аляксандар Старух.
«Уначы вораг чарговы раз абстраляў прыгарад Запарожжа. Ракетамі разбурана некалькі дамоў, пашкоджаны газаправод і лінія электразабесьпячэньня», — заявіў ён.
Па зьвестках кіраўніка вобласьці, у выніку абстрэлу ніхто не пацярпеў.
Пасьля начной атакі бесьпілотнікаў-камікадзэ расейскія войскі атакуюць Украіну з розных напрамкаў крылатымі ракетамі паветранага і марскога базаваньня са стратэгічных самалётаў і караблёў, паведамляе ВПС Узброеных сіл Украіны.
Мікалаеў
Стала вядома, што Расея вывела два ракетаносьбіты ў Чорнае мора.
«Вораг вывеў на баявое дзяжурства ў Чорным моры два надводныя ракетаносьбіты. Гатоўнасць да пуску 16 «Калібраў», — гаворыцца сёньняшнім паведамленьні апэратыўнага камандаваньня «Південь».
Праз час камандаваньне ўдакладніла, што размова ідзе аб надводным і падводным ракетаносьбітах і гатоўнасьці да пуску 20 ракет.
Кіраўнік Мікалаеўскай вобласьці Віталь Кім паведаміў пра пяць зьбітых над морам ракет у Мікалаеўскай вобласьці. Улады таксама інфармуюць аб працы войскаў супрацьпаветранай абароны ў Адэскай вобласьці. Неўзабаве выбухі пацьвердзілі ў Харкаве, Адэсе, Кіеве, Львове.
Кіеў
Гукі выбухаў раніцай 29 сьнежня раздаліся і ў Кіеве, піша «Українська правда» з спаслыкай на жыхароў сталіцы. Кіеўская гарадзкая вайсковая адміністрацыя паведаміла, што ў горадзе працуе СПА.
«У Кіеве могуць быць перабоі са сьвятлом. Зарадзіце тэлефоны і іншыя прыборы. Зрабіце запас вады», — папярэдзіў гараджан мэр Кіева Віталь Клічко.
Віталь Клічко паведаміў, што па стане на 10 гадзін у Кіеве трое пацярпелых, у тым ліку і 14-гадовая дзяўчынка, усіх шпіталізавалі.
Харкаў
Мэр Харкава Ігар Церахаў паведаміў, што папярэдне прылёты зафіксаваныя ў Слабадзкім раёне: «Па якіх аб’ектах білі і ці ёсьць пацярпелыя — інфармацыя пакуль удакладняецца».
Львоў
Мэр Львова Андрэй Садовы паведамляе, што без сьвятла засталася большая частка гораду:
«90% гораду без сьвятла. Чакаем дадатковай інфармацыі ад энэргетыкаў. У горадзе ня ходзяць трамваі і тралейбусы. Магчымыя перабоі з падачай вады», — напісаў ён у тэлеграме.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.