Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жахлівы прысуд «рэйкавым партызанам» — падрыхтоўка да ўступленьня ў вайну. Меркаваньне Юрыя Дракахруста


Сьветлагорскія «рэйкавыя партызаны»
Сьветлагорскія «рэйкавыя партызаны»

27 сьнежня Гомельскі абласны суд вынес прысуд па справе траіх «рэйкавых партызанаў» са Сьветлагорску — Алега Малчанава, Дзьмітрыя Равіча і Дзяніса Дзікуна. Першаму далі 21 год калёніі ўзмоцненага рэжыму, другому — 22 гады, трэцяму — 23. Суд быў закрыты.

Пра іх справу піша ў сваёй калёнцы на партале «Зеркало» Юры Дракахруст.

Паводле агульнадаступнай інфармацыі, усе трое былі асуджаныя за пашкоджаньне рэлейнай шафы на чыгуначнай ветцы, па якой у лютым-сакавіку перапраўлялі расейскую тэхніку і людзей для нападу на Ўкраіну. Не паведамляецца, што ў выніку акцыі сьветлагорскіх «рэйкавых партызан» хто-небудзь пацярпеў ці загінуў. Невядома нават, ці нанесеная якая-небудзь шкода рухомаму складу чыгункі. Можна меркаваць, што калі б былі ахвяры, гэта фігуравала б у абвінавачаньні — можна зрабіць выснову, што ахвяраў не было. А прысуды — як пры Сталіну.

Вельмі адметна, што сьветлагорцам інкрымінаваўся, акрамя іншых, і артыкул КК «Здрада дзяржаве».

А ў чым палягала здрада інтарэсам беларускай дзяржавы? Варта нагадаць, што Аляксандар Лукашэнка 15 кастрычніка сфармуляваў, як Беларусь удзельнічае ў «спэцыяльнай ваеннай апэрацыі»:

«Наша падтрымка палягае ў тым, каб заходнія нашы межы, у дадзеным выпадку з Польшчай і Літвой, не былі парушаныя і ня быў нанесены празь Беларусь удар у сьпіну расейскім войскам... Сёньня наш удзел палягае ў тым, што мы лечым расейцаў і ўкраінцаў, кормім расейцаў і ўкраінцаў і больш за ўсё, у пераважнай большасьці, даем прытулак уцекачам з Украіны... Але мы нікога там не забівалі і забіваць не зьбіраемся. Нас, па-першае, ніхто ня просіць удзельнічаць у гэтай апэрацыі, у дадзеным выпадку Расея».

Дык сьветлагорскія «рэйкавыя партызаны» і не спрыялі ўварваньню ў Беларусь польскіх ці літоўскіх войскаў, не перашкаджалі лячыць ці карміць каго б там ні было. Яны толькі перашкаджалі таму, каб расейцы зь беларускай зямлі нападалі на ўкраінцаў.

Жахлівы прысуд Гомельскага суду з абвінавачаньнем у «здрадзе дзяржаве» — сьведчаньне таго, што расейскія напады на Ўкраіну зь беларускай тэрыторыі — гэта, з пункту гледжаньня ўлады, карэнны інтарэс беларускай дзяржавы. І што Беларусь удзельнічае ў вайне ня толькі абаронай заходняй і паўночнай сваіх межаў, ня толькі лячэньнем і кармленьнем.

Прысуд Дзікуну, Малчанаву і Равічу — адзін з самых суровых, вынесеных у Беларусі па палітычна матываваных абвінавачаньнях. На большы тэрмін — на 25 гадоў — быў асуджаны толькі Мікалай Аўтуховіч. Фігуранты іншых спраў аб перашкодах расейскаму вайсковаму транзыту па чыгунцы атрымлівалі меншыя тэрміны, чым сьветлагорцы.

Уяўляецца, што павелічэньне тэрмінаў за аналягічныя дзеяньні — частка агульнай тэндэнцыі, якая назіраецца ў апошнія месяцы. Стварэньне рэгіянальнай групоўкі войскаў Беларусі і Расеі, масавая зьверка вайсковых дакумэнтаў, рэзкі рост выдаткаў на абарону ў бюджэце на будучы год, унясеньне ў Крымінальны кодэкс навацыі аб пакараньні сьмерцю за здраду дзяржаве для чыноўнікаў і вайскоўцаў — усё гэта сьведчыць аб адным: беларуская ўлада рыхтуецца да яшчэ большага ўцягваньня краіны ў вайну, аж да ўступленьня ў яе беларускай арміі. І ўзмацненьне пакараньняў за перашкоды агрэсіі — у гэтым жа рэчышчы.

Са сказанага не вынікае, што беларускія ўлады лічаць большае ўцягваньне краіны ў вайну непазьбежным. Але, мяркуючы па ўсім, яны лічаць, што пасьля абвяшчэньня мабілізацыі ў Расеі гэта стала больш імаверным, чым да яе. Можна спрачацца аб тым, наколькі Лукашэнка захоўвае самастойнасьць у гэтым пытаньні. Нават калі некаторую і захоўвае, то на катэгарычнае «трэба» з Крамля ён ня будзе і ня зможа пярэчыць. Як у лютым не пярэчыў супраць выкарыстаньня беларускай тэрыторыі для агрэсіі.

І таму зараз ён проста рыхтуецца. Па-рознаму, у розных кірунках. У прыватнасьці, спрабуючы забясьпечыць яшчэ большую пакорлівасьць насельніцтва, яшчэ меншую яго здольнасьць да найменшай праявы незадаволенасьці і тым больш неляяльнасьці.

Здавалася б — куды ўжо далей? А ёсьць куды. Таму што адпаведныя меры — яны не на цяперашнюю сытуацыю, яны на тую, калі беларусаў пашлюць у бой. І, адпаведна, калі ў Беларусь пойдуць труны, калі, магчыма, у Беларусь паляцяць украінскія ракеты.

Пры гэтым Лукашэнка разумее, што палітыка-псыхалягічны мэханізм добраахвотнай падтрымкі вайны і гатоўнасьці несьці яе нягоды і ў Расеі працуе ня надта эфэктыўна, а ў Беларусі пагатоў. Для часткі расейцаў гэтая вайна — місія іх краіны, адказ на выклік, кінуты Захадам. Беларусаў гэта матывуе вельмі слаба: вайны яны не жадаюць, ніякай сваёй місіі ў ёй не адчуваюць, ніякай пагрозы з боку Ўкраіны ў большасьці ня бачаць.

Падтрымлівае Ўкраіну ў гэтай вайне меншасьць. Але ўстаноўка большасьці — не падтрымка Расеі, а катэгарычнае «гэта ня наша вайна».

Ну, а як прымусіць іх усьвядоміць, што гэта іх вайна, калі беларускае войска рушыць празь мяжу? Прапагандысцкага майстэрства як Салаўёва са Скабеевай, гэтак і Азаронка з Мукавозчыкам для гэтага можа і не хапіць. Прынамсі, за месяцы вайны яго не хапіла для таго, каб пераламаць масавыя антываенныя настроі беларусаў.

Ну дык што застаецца? Страх. Каб сваёй улады баяліся больш, чым вайны.

Менавіта ў гэтым палягае пасланьне, закладзенае ў прысудзе па справе сьветлагорскіх «рэйкавых партызан».

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG