«У Міхэіла Саакашвілі сур’ёзныя праблемы з памяцьцю. Як і ўсе хворыя на дэмэнцыю, ён добра памятае сваё мінулае, дзяцінства, юнацтва, карʼеру, але ў яго жахлівая памяць на бягучыя падзеі. Дакладней, у яго праблемы з засваеньнем новай інфармацыі. У яго была здольнасьць да хуткага мысьленьня, але цяпер яго мысьленьне замаруджана, часам ён разгублены», — сказаў Голдсьміт.
На новым фота відаць, як Саакашвілі схуднеў. Спэцыяліст выключыў, што былы прэзыдэнт Грузіі займаецца сымуляцыяй.
«Яго варта перавесьці ў клініку адпаведнай кваліфікацыі на Захадзе, каб ацаніць іншыя спадарожныя захворваньні і прызначыць адпаведнае лячэньне... Калі яго неадкладна не перавядуць у замежную заходнюю клініку трэцяга ўзроўню, яго стан можа сурʼёзна і незваротна пагоршыцца. Ён проста можа памерці», — сказаў лекар.
Саакашвілі напярэдадні споўнілася 55 гадоў. Ён быў прэзыдэнтам Грузіі ў 2004–2013 гадах. Цяпер у яго толькі грамадзянства Ўкраіны. Саакашвілі — кіраўнік Выканаўчага камітэту рэформаў Украіны.
- У 2018 годзе суд Грузіі завочна асудзіў Міхэіла Саакашвілі па справах аб амністыі абвінавачаных у сьмерці Сандра Гіргуліяні і збіцьці былога дэпутата парлямэнту Валерыя Гелашвілі. Суд прызнаў Міхэіла Саакашвілі вінаватым у злоўжываньнях і перавышэньні службовых паўнамоцтваў. Ён быў асуджаны на 6 гадоў пазбаўленьня волі.
- Акрамя таго, супраць экс-прэзыдэнта распачалі крымінальныя справы па абвінавачаньні ў крадзяжы бюджэтных сродкаў, разгоне акцыі 7 лістапада 2007 году, пагроме ў тэлекампаніі «Імэдзі» і захопе маёмасьці яе ўладальніка — нябожчыка бізнэсмэна Бадры Патаркацышвілі.
- 20 кастрычніка 2021 году пракуратура Грузіі прадʼявіла Саакашвілі яшчэ адно абвінавачаньне — незаконнае перасячэньне дзяржаўнай мяжы. Паводле сьледзтва, у канцы верасьня Саакашвілі таемна вярнуўся з Украіны ў Грузію ў трэйлеры, гружаным малочнай прадукцыяй, які прыбыў на караблі з украінскага порту Чарнаморск у порт Поці.
- Міхэіл Саакашвілі называе ўсе справы палітычна матываванымі. Ён ужо некалькі месяцаў знаходзіцца ў тбіліскай клініцы «Вівамэдзі», куды быў пераведзены з турмы пасьля дзьвюх галадовак. Сямʼя і адвакаты заяўляюць аб пагаршэньні яго стану, улады ў адказ кажуць, што для трывогі няма падстаў і Саакашвілі атрымлівае ўсё неабходнае лячэньне.