Сьцісла:
- Візыт зьяўляецца грубым парушэньнем сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці Грузіі.
- Афіцыйны Тбілісі будзе асьцярожнічаць.
- Калі ў Лукашэнкі і быў нейкі станоўчы імідж у Грузіі, то выключна таму, што ён не саступіў Крамлю і не прызнаў Паўднёвую Асэтыю і Абхазію.
— Як у Грузіі ўспрынялі візыт Аляксандра Лукашэнкі ў Абхазію? Ці было гэта нечаканым? Што вядома пра першую афіцыйную рэакцыю Тбілісі?
— Візыт спадара Лукашэнкі ў акупаваную Абхазію быў цалкам нечаканы для Грузіі. Нечаканыя былі і тыя словы, якія Лукашэнка там выказаў, адзначыўшы, што даўно ўжо закінуў у Абхазію «дэсант» на чале з генэралам (маецца на ўвазе, відавочна, Віктар Шэйман. — РС), які знаходзіўся там і вывучаў абставіны.
Міністэрства замежных спраў Грузіі ўжо выклікала амбасадара Беларусі Анатоля Ліса і выказала яму свой пратэст у самых рашучых выразах і запатрабавала дадатковых тлумачэньняў. Першая рэакцыя такая. Што будзе далей, пакуль невядома.
— Лукашэнка ў сваёй манеры, магчыма, потым будзе тлумачыць, што ягоны візыт не азначае афіцыйнага прызнаньня Абхазіі, і для такога прызнаньня трэба нейкія адмысловыя рашэньні, якіх Беларусь не прымала. Ці задаволяць афіцыйны Тбілісі такія адгаворкі, ці самога факту візыту ў Сухумі дастаткова, каб канстатаваць, што Лукашэнка перайшоў усе чырвоныя лініі ў адносінах?
— Грамадзкія арганізацыі і палітычныя партыі ўжо заклікаюць улады Грузіі адрэагаваць больш жорстка, бо гэты візыт азначае парушэньне тэрытарыяльнай цэласнасьці Грузіі. Лукашэнка, афіцыйны Менск даўно ў Грузіі лічыўся слабым зьвяном сярод тых дзяржаў, якія знаходзяцца ў арбіце Масквы — як патэнцыйны кандыдат на «прызнаньне» Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі. Таму і папярэдняя ўлада — Саакашвілі, і цяперашняя — «Грузінская мара» заўсёды вельмі асьцярожна выказваліся пра падзеі ў Беларусі, пра дыктатарскія дзеяньні Лукашэнкі.
Грузія заўсёды была вельмі асьцярожная, каб не раззлаваць Лукашэнку, каб ён не прызнаваў гэтыя рэспублікі. Думаю, і зараз Тбілісі ня будзе ісьці на радыкальнае абвастрэньне абстаноўкі.
— Поўнага разрыву дыпляматычных адносін ня будзе?
— Пакуль мы бачым, што толькі выклікалі амбасадара. Нейкія далейшыя дзеяньні будуць вызначаныя тым, што азначае гэты візыт Лукашэнкі ў Сухумі. Ці гэта крок у бок прызнаньня гэтых тэрыторый, ці гэта проста «крок добрай волі», каб дагадзіць Маскве, але ўсё ж не ісьці на паўнавартаснае афіцыйнае прызнаньне. Думаю, афіцыйны Тбілісі будзе асьцярожнічаць.
— 27 верасьня, учора, у Грузіі адзначалі «Дзень падзеньня Сухумі». Кіраўніцтва краіны кожны год у гэты дзень ускладае кветкі да Мэмарыялу герояў, якія загінулі за адзінства Грузіі. І на наступны дзень пасьля гэтай даты Лукашэнка прыяжджае ў Сухумі.
— Гэта вельмі сумна, што Лукашэнка наведаў Сухумі менавіта ў такі час, што ягоны візыт супаў з такім трагічным для Грузіі днём. Гэта сымбалічна, і пакуль мы можам гаварыць пераважна пра сымбалі. Аднак сам візыт зьяўляецца грубым парушэньнем сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці Грузіі. Пакуль паміж дзьвюма краінамі існавалі дружалюбныя адносіны, але пасьля гэтага візыту яны, безумоўна, зьменяцца.
— Ва Ўкраіне Лукашэнка быў дастаткова папулярным палітыкам, але пасьля пачатку расейскай агрэсіі, у тым ліку з тэрыторыі Беларусі, ягоны імідж максымальна ўпаў, рэйтынг стаў адмоўны. Магчыма, і ў Грузіі некаторыя да апошняга часу лічылі яго самастойным палітыкам. Але пасьля візыту ў Абхазію што будуць думаць пра яго грузіны?
— Калі ў Лукашэнкі і быў нейкі станоўчы імідж у Грузіі, то гэта было выключна таму, што ён не саступіў Крамлю і не прызнаў Паўднёвую Асэтыю і Абхазію. Але пасьля сёньняшняга візыту для большасьці грузінаў ягоны імідж зьнішчаны раз і назаўсёды.