Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Калядная зорка сьвеціць над усімі, незалежна ад кратаў». Праваабаронцы падрыхтавалі гід, як павіншаваць палітвязьняў


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

«Мы хочам і можам віншаваць закладнікаў сыстэмы, паказваць, што памятаем пра іх і спадзяёмся на хуткую сустрэчу», — адзначаюць праваабаронцы і заклікаюць беларусаў таксама падтрымаць палітвязьняў.

Выданьне «Сойка» разам з Праваабарончым цэнтрам «Вясна» сабрала асноўныя спосабы павіншаваць палітвязьняў з Калядамі і Новым годам.

Лісты

Ва ўсіх месцах утрыманьня палітвязьняў лісты застаюцца асноўным спосабам камунікацыі. З пачаткам поўнамаштабнага нападу на Ўкраіну карэспандэнцыю зь беларускімі вязьнямі часта блякуюць, але нешта даходзіць да адрасатаў. У калёніі варта адпраўляць заказныя лісты. Яшчэ можна дасылаць проста пустыя паштоўкі — так больш шанцаў, што іх аддадуць, ды і самі палітвязьні змогуць павіншаваць са сьвятамі сваіх блізкіх.

Пры гэтым лісты і паштоўкі можна адпраўляць, не адыходзячы ад кампутара ці тэлефона, з дапамогай:

Блякаваць лісты і паштоўкі — адзін з пашыраных мэтадаў ціску з боку супрацоўнікаў СІЗА, турмаў, калёніяў. Аднак праваабаронцы адзначаюць — варта памятаць, што, калі лісты дойдуць, яны могуць стаць ледзь не адзінай сьветлай падзеяй на сьвяты.

Былы палітвязень Андрэй Шляпаў, які правёў у зьняволеньні амаль паўгода, зыходзячы з асабістага досьведу, расказаў пра важнасьць і неабходнасьць падтрымкі лістамі зьняволеных:

«Беларусам трэба ўдзяляць адмысловую ўвагу напісаньню лістоў палітвязьням, асабліва малавядомым людзям. Бо звычайным хлопцам прыходзіць мала лістоў — таму ў іх складаецца ўражаньне, што пра іх забыліся. Я да затрыманьня сам пісаў лісты палітвязьням, але толькі ў турме адчуў іх сілу. Яны сапраўды вельмі патрэбны людзям. Які б чалавек ні быў моцны, ён там заўсёды чакае лістоў. І нават не асабліва важна, што ў іх напісана. Сам факт атрыманьня ліста ўжо выклікае калясальныя эмоцыі».

Тэлеграмы

Іх можна адправіць з аддзяленьня пошты ці хатняга тэлефона па нумары 166.

«Твая тэлеграма — два радкі, 82 літары — умясьціла вялізную колькасьць цяпла і нават трошачкі натхніла мяне на ўчынкі ў будучыні», — вось так адрэагаваў на тэлеграму адзін з палітзьняволеных, які знаходзіцца ў калёніі.

Грашовыя пераводы

Грашовыя пераводы можна зрабіць вязьням, якія знаходзяцца ў сьледчых ізалятарах і прысуд у дачыненьні да якіх не набыў моц. Любы сымбалічны данат палітвязьню будзе вялікай падтрымкай, бо нагадае, што пра яго не забыліся. На грошы, якія прыйдуць на асабісты рахунак, зьняволены зможа купіць у «атаварцы» (турэмнай краме) да Калядаў нешта прыемнае, напрыклад згушчанку і каржы для сьвяточнага торта.

З успамінаў сьвяткаваньня мінулага Новага года на Валадарцы былога вязьня Арцёма Майсіёнка:

«У „атаварцы“ мы заказалі інгрэдыенты для торціка: каржы для „Напалеона“, згушчанку, масла. Згушчанка была „Глыбоцкая“. Але ў сьпісе крамы там проста напісана — „Згушчанка“, „Вафлі“».

Зрабіць грашовы перавод можна на пошце ці нават праз інтэрнэт-банкінг. Дадатковай перавагай такога спосабу падтрымкі зьяўляецца тое, што калі чалавека этапуюць у калёнію, то гэтыя грошы з асабістага рахунку ў СІЗА пяройдуць на ягоны рахунак у калёніі. Але грашовы перавод нельга зрабіць тым, хто ўнесены ў так званы «сьпіс тэрарыстаў». Пазнаку пра гэты статус можна знайсьці тут.

Пасылкі

Палітзьняволеных можна павіншаваць і сапраўдным падарункам — пасылкай з ласункамі ды прыемнай драбязой. Такі спосаб актуальны для вязьняў, якія знаходзяцца ў СІЗА і прысуд у дачыненьні да якіх не ўступіў у законную сілу. У пасылку можна класьці тое ж, што і ў перадачу, толькі дадаць вопіс-пералік у адвольнай форме. Узгадняць пасылкі з роднымі палітвязьня не трэба, але, калі ёсьць сувязь, то можна дазнацца пра тое, што любіць чалавек.
А вось перадачы без узгадненьня з роднымі рабіць не рэкамэндуецца, гэта важна.

Колькасьць і вагавыя абмежаваньні для пасылак ня вызначаны — толькі тыя, што вам паведамяць на пошце. Але ёсьць выключэньне для вязьняў, якія знаходзяцца ў берасьцейскім СІЗА-7 і для некаторых вязьняў баранавіцкага СІЗА-6. Адміністрацыя гэтых ізалятараў залічвае вагу пасылак у агульную вагу перадач. У Берасьці гэтыя абмежаваньні тычацца амаль усіх палітвязьняў, а ў Баранавічах — толькі некаторых. Таму палітвязьняў з гэтых ізалятараў можна падтрымліваць лістамі, тэлеграмамі і грашовымі пераводамі.

Чаго нельга класьці ў пасылку

Для пасылак дзейнічаюць тыя ж абмежаваньні, што і на перадачы, але ёсьць і дадатковыя. Напрыклад, у пасылку нельга класьці прадукты, якія хутка псуюцца. Існуе пералік прадметаў, якія асуджаныя могуць атрымліваць у пасылках. Яго можна знайсьці ў Правілах унутранага распарадку папраўчых устаноў. Так, у пасылкі, напрыклад, нельга класьці чарнасьліў, разынкі, сланечнікавыя семкі, казінакі, зёлкі, соль, кнігі, часопісы, крыжаванкі, сканворды.

Што варта пакласьці ў пасылку

Заўсёды актуальнымі ў СІЗА будуць арэхі, цукаты, сушаныя каўбаскі і сыр, шакалад, кава і гарбата, цыгарэты. Зімой варта паклапаціцца пра вітаміны для палітвязьняў: як праз садавіну і гародніну, так і ў таблетках. Другое варта аформіць праз «мэдыцынскую бандэроль», у якой можна пасылаць безрэцэптурныя лекі. Дазваляецца да двух кіляграмаў з улікам упакоўкі і інструкцыямі да лекаў. Такую бандэроль трэба падпісаць: «З мэдыкамэнтамі». У некаторых камэрах цяпер холадна, таму варта падбаць, каб зьняволенаму было цяплей. Таму для калядных пасылак будуць актуальныя, напрыклад, цёплыя ваўняныя шкарпэткі.

З касмэтыкай у пасылках сытуацыя цяжэйшая. Але можна перадаць духмянае мыла, крэм для рук і гігіенічную памаду.

Бандэролькай можна адправіць пустыя канвэрты, прыгожыя паштоўкі і паперу, асадкі, налепкі, каб вязьні змаглі павіншаваць са сьвятамі сваіх родных і блізкіх людзей.

Зь ліста палітвязьня, старшыні праваабарончага цэнтру «Вясна» і ляўрэата Нобэлеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага:

«Дзякуй вялікі за віншаваньні і за пасылку! Усё атрымаў, асабліва смачныя былі ігрушы. Люблю верасень за багаты плён у гародзе і ў лесе».

Падтрымка «хімікаў» і «хатніх хімікаў»

Для палітзьняволеных «хімікаў», якія знаходзяцца ў папраўчых установах адкрытага тыпу, можна таксама замовіць дастаўку ежы ці падарунка, але загадзя ўзгадніўшы зь імі час. На «хіміях» вязьням можна карыстацца тэлефонамі, таму можаце непасрэдна павіншаваць іх са сьвятамі ў сацсетках і мэсэнджарах. Таксама можаце адправіць ім звычайную пасылку — тут на іх зьмесьціва абмежаваньняў няма. Але грашовыя пераводы не прадугледжаныя.

Варта памятаць і пра асуджаных на «хатнюю хімію», якія вельмі абмежаваныя ў волі, хоць і знаходзяцца дома. Вы можаце сачыць за імі ў сацсетках і падтрымліваць іх асабіста. Напрыклад, дзьве асуджаныя на «хатнюю хімію» керамісткі Натальля Карнеева і Анастасія Малашук арганізуюць майстар-клясы па лепцы з гліны і прадаюць свае гліняныя вырабы. У якасьці падтрымкі можна купіць у жанчын іхныя творы.

Падтрымка сем’яў палітвязьняў

Сем’ям палітвязьняў можна дапамагаць са зборам перадач для зьняволеных, а можна і самі сем’і віншаваць са сьвятамі. У гэтым асабліва маюць патрэбу дзеці палітвязьняў, пазбаўленыя магчымасьці бачыць бацькоў. Падтрымаць іх можна як асабіста, гэтак і паўдзельнічаўшы ў навагодніх зборах Фондаў салідарнасьці.

«Важна падтрымліваць сваякоў палітвязьняў і каб пра гэта дазнаўся сам зьняволены. Гэта нашмат лепш за падтрымку самога палітвязьня», — сказаў былы палітвязень.

Віншаваньні праз радыё

Калі вы дазнаецеся, якое радыё круцяць у той ці іншай установе, то можна крэатыўна павіншаваць палітвязьня і вельмі спадзявацца, што ён пачуе паведамленьне. Былыя палітвязьні расказвалі, што часта чулі прывітаньні, перададзеныя па радыё.

«Вядома, пералічаныя спосабы вельмі недасканалыя. Сапраўднае хатняе цяпло, смакі, пахі і пачуцьцё дому ў дачыненьні да незаконна зьняволеных людзей гучаць як недасяжная калядная магія. Аднак сіла беларусаў — у адзінстве. Пакуль апошні палітзьняволены знаходзіцца ў вязьніцы, кожны з нас можа быць крыху паўночным аленем, крыху калядным гномам, а трошкі — пранізьлівай Сойкай, якая разносіць весткі па ўсім зачараваным лесе. Пакуль цуд ня здарыўся і муры не абваліліся, наш калядны цуд — гэта пастаянны клопат адно пра аднаго», — падкрэсьліваюць праваабаронцы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG