Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прагноз — неспрыяльны. Хто вінаваты, што не вызваляюць палітвязьняў


Палітвязьні Кніга, Разьнічэнка, Фурманаў у судзе ў Горадні, 17 траўня 2021 году
Палітвязьні Кніга, Разьнічэнка, Фурманаў у судзе ў Горадні, 17 траўня 2021 году

Вызваленьне палітвязьняў магчымае толькі пры ўмове зьмены палітычнага трэнду ў Беларусі, курсу на пэўную лібэралізацыю, што прадугледжвае спыненьне рэпрэсій, а не проста вызваленьне палітзьняволеных. Але ці магчыма гэта ў сёньняшняй сытуацыі?

Сьцісла:

  • Усё мацней гучаць папрокі на адрас каманды Сьвятланы Ціханоўскай, што яна нібыта прыкладае мала высілкаў дзеля вызваленьня палітвязьняў.
  • Пакуль амаль ня бачна мэханізмаў, з дапамогай якіх можна дамагчыся вызваленьня палітзьняволеных ці хоць бы спыненьня палітычнага тэрору.
  • Вырашэньне пытаньня з палітвязьнямі магчымае ва ўмовах дыялёгу паміж афіцыйным Менскам і Захадам, а цяпер мы перажываем пэрыяд абвастрэньня канфрантацыі.
  • Ніякіх перамен палітычнага клімату ў Беларусі не назіраецца. Тэрор толькі ўзмацняецца.
  • Для Захаду пакуль што на першым месцы не палітвязьні, а вайна ва Ўкраіне, удзел у ёй Беларусі.

Сытуацыя з палітвязьнямі становіцца ўсё больш жахлівай. Вярнулася практыка катаваньняў. Працягваюцца прысуды палітвязьням са «сталінскімі» тэрмінамі. Вось 5 сьнежня ад 13 да 20 гадоў калёніі атрымалі фігуранты справы «Атрадаў грамадзянскай самаабароны Беларусі». Ледзь не закончылася трагічна хвароба Марыі Калесьнікавай. Увогуле, колькасьць палітзьняволеных імкліва расьце.

Ня дзіўна, што дэмакратычная грамадзкасьць б’е трывогу. У сацыяльных сетках ідуць гарачыя дыскусіі на тэму: як дапамагчы палітвязьням.

Усё мацней гучаць папрокі на адрас каманды Сьвятланы Ціханоўскай. Маўляў, чаму вы ніяк не вырашаеце гэтае пытаньне, рабіце што-небудзь. Такія матывы гучалі з вуснаў журналістаў і падчас прэсавай канфэрэнцыі Аб’яднанага пераходнага кабінэту 2 сьнежня.

Калі людзям нешта моцна баліць, то зразумела, што эмоцыі выходзяць на паверхню, выціскаючы рацыянальныя довады. Аднак пакуль амаль ня бачна мэханізмаў, з дапамогай якіх можна было б дамагчыся вызваленьня палітвязьняў ці хоць бы спыненьня палітычнага тэрору.

Папярэдні досьвед вызваленьня палітзьняволеных лукашэнкаўскага рэжыму паказвае, што гэта адбывалася ў выніку міжнароднага ціску. Унутраныя чыньнікі на гэты працэс ніяк не ўплывалі.

І цяпер лідэры апазыцыі могуць толькі апэляваць да Захаду, каб той неяк націснуў на Лукашэнку. Але тут праблема ня толькі ў тым, што ў палітыкаў ЭЗ і ЗША ёсьць свае прыярытэты (вайна ва Ўкраіне і інш.).

Часта прыводзяць аргумэнт, што вось жа, маўляў, у часы «халоднай вайны» ФРН выкупляла палітвязьняў у НДР. Бо дзеля абароны чалавечых жыцьцяў, з гуманітарных меркаваньняў можна ахвяраваць нейкімі прынцыпамі і ратаваць людзей, якія аказаліся закладнікамі ў тыранаў. І плаціць за гэта рэальныя грошы.

Але тут варта зьвярнуць увагу на адну важную акалічнасьць. «Выкуп» дысыдэнтаў НДР адбываўся у пэрыяд разрадкі, калі пачаўся дыялёг паміж Захадам і Ўсходам. І вызваленьне палітвязьняў тады было складовай часткай дыялёгу. Усё гэта адбывалася ў адносна лібэральныя часы, калі ў краінах з камуністычнымі рэжымамі палітычных апанэнтаў не расстрэльвалі, а усяго толькі саджалі ў турмы і «псыхушкі».

Ніхто ж нават не спрабаваў уступаць у торг са Сталіным, калі ў ГУЛАГу сядзелі мільёны вязьняў.

Цяпер жа ў адносінах паміж Захадам, з аднаго боку, Расеяй і Беларусьсю (з другога) — пэрыяд вострай канфрантацыі. Амаль сытуацыя вайны. Унутры Беларусі і Расеі пашыраецца тэрор супраць палітычных апанэнтаў і проста іншадумцаў.

Вызваленьне палітвязьняў магчымае толькі ва ўмовах зьмены палітычнага трэнду, курсу на пэўную лібэралізацыю. Што прадугледжвае спыненьне рэпрэсій, а ня проста вызваленьне палітвязьняў. Бо які сэснс адных вызваляць, калі адначасова (і зь яшчэ большай хуткасьцю) зьяўляюцца новыя. Тым больш, што цяпер усё часьцей вызваленых вязьняў паўторна арыштоўваюць і судзяць, выносячы больш жорсткія прысуды. І ніякіх перамен палітычнага клімату ў Беларусі ня бачна нават на даляглядзе.

Ёсьць і іншыя аспэкты. Захад не прызнае Лукашэнку законным прэзыдэнтам Беларусі. Што таксама зьяўляецца пэўнай перашкодай для перамоваў.

Але нават калі вынесьці за дужкі пытаньне легітымнасьці Лукашэнкі і сыходзіць з простай і прагматычнай рэчы, што ён кантралюе краіну і трэба дамаўляцца з тым, хто тут кіруе, то і тады ўзьнікае пытаньне: а ці сапраўды кантралюе? У якой ступені кіруе?

І увогуле, здаецца, для Захаду на першым месцы цяпер не палітвязьні, а вайна ва Ўкраіне, удзел у ёй Беларусі. І калі паўстане пытаньне перамоваў з афіцыйным Менскам, то, мяркую, першай будзе абмяркоўвацца тэма выхаду Беларусі з гэтай вайны, вываду з тэрыторыі краіны расейскіх войскаў.

Таму пакуль што палітычнае надвор’е не спрыяе вызваленьню палітвязьняў. Што, зразумела, не адмаўляе неабходнасьці максымальных высілкаў з боку лідэраў апазыцыі, каб гэта пытаньне ня зьнікала з парадку дня.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG